7 сакавіка Калегія Мінскага Гарадскога суду пакінула без задавальненьня касацыйную скаргу старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі на рашэньне суду Цэнтральнага раёну Мінску з прычыны апраўданьня судом Цэнтральнага раёну сталіцы дзеяньняў КДБ адносна ісца.
У чацьвер калегія Мінскага Гарадскога суду ў складзе судзьдзяў Лугіной, Глухоўскай і Салаўёвай фактычна апраўдала дзеяньні КДБ адносна Анатоля Лябедзькі. Нагадайма перадгісторыю: 6 лістапада мінулага году невядомыя ў камуфляжы схапілі лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі, запіхнулі ў легкавую машыну й адвезьлі ў будынак Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. У часе захопу палітыка ніхто не прад'явіў яму дакумэнты й не патлумачыў прычынаў адбыванага. У адным з памяшканьняў упаўнаважаны КДБ Чупахін зачытаў Анатолю Лябедзьку афіцыйнае папярэджаньне. Як сьцьвярджае старшыня АГП, за прыкметамі артыкулу 356 КК РБ (здрада дзяржаве) яўным чынам праглядвалася ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Першае, што зрабіў Лябедзька, ён зьвярнуўся ў судовыя інстанцыі. Аднак, суд першай інстанцыі на чале з судзьдзём Есьманам прызнаў папярэджаньне законным. Спадар Есьман, аднак, не пажадаў нават азнаёміцца з матэрыяламі справы. Маўляў, яны з рашэньня высокапастаўленых асобаў з КДБ Калтановіча, Стулава й Васільева прызнаныя поўнасьцю сакрэтнымі й не падлягаюць агалошаньню. Тым ня менш, праз два дні пасьля прыняцьця рашэньня Анатоль Лябедзька атрымаў допіс з КДБ, дзе сьведчыцца пра магчымасьць яго азнаёміцца з усімі матэр'яламі сьледзтва ў пэўны тэрмін. Пасьля рашэньня Цэнтральнага суду сталіцы А. Лябедзька зьвярнуўся з касацыйнай скаргай у Менскі гарадзкі суд. Тры жанчыны, якія ўвасаблялі сабою Фэміду, зноў не прыслухаліся да довадаў ісца, які прасіў хоць гэтых судзьдзяў дасьледваць матэр'ялы справы. Абвінавачаньні, выкладзеныя там, а менавіта, у атрыманьні штомесячнай фінансавай дапамогі (1500 даляраў) ад амэрыканскай амбасады, у сустрэчах з патэнцыйнымі шпіёнамі з замежных дыппрадстаўніцтваў, у кантактах з прадстаўнікамі місіі АБСЭ ў Беларусі, Лябедзька называе надуманымі й недаказанымі. Суд, аднак, палічыў іначай. Анатоль Лябедзьа паведаміў, што дата разгляду чарговай касацыйнай скаргі ўжо ў Вярхоўным судзе пакуль невядомая. Але палітык усё ж спадзяецца на кантакт і аўтограф самога кіраўніка суду Валянціна Сукалы.
Генадзь Кесьнер . (Радыё Рацыя)