viasna on patreon

Улады думаюць пра скасаваньне артыкула 1931... вельмі доўга!

2010 2010-05-13T12:31:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/193logo.jpg

Міністэрства юстыцыі ў чарговы раз пацьвярджае намер уладаў аб скасаваньні артыкула Крымінальнага кодэксу 1931, які прадугледжвае адказнасьць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Пра гэта сталася вядома непасрэдна з афіцыйнага дакумэнта Мінюста.

Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне “Грамадзянская Беларусь” (Чэхія) атрымала чарговы ліст за подпісам намесьніка міністра юстыцыі Ігара Тушынскага. Гэты дакумэнт – адказ на просьбу арганізацыі праінфармаваць, як прасоўваецца справа з разглядам магчымасьці выключэньня артыкула 1931 з Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Нагадаем, чэская арганізацыя ўлетку мінулага году зьвярталася з заклікам да беларускіх уладаў адмяніць ганебны артыкул і атрымала зь Мінюсту адказ, дзе казалася пра намер “выключыць з артыкула 1931 Крымінальнага кодэкса норму пра адказнасьць за арганізацыю дзейнасьці альбо ўдзел у дзейнасьці палітычнай партыі, іншага грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі альбо фонда, якія не прайшлі ва ўсталяваным парадку дзяржаўную рэгістрацыю, зьмяніўшы крымінальную адказнасьць за гэтыя дзеяньні на адміністратыўную адказнасьць”

Гэтым разам Мін'юст заявіў аб тым, што ня мае вызначанай пазыцыі па пытаньні артыкула 193.1. Адказ утрымлівае наступны зьмест: “Кампэтэнтнымі органамі працягваецца праца па вывучэньні пытаньня аб магчымасьці выключэньня з артыкула 1931 Крымінальнага кодэксу Рэспулікі Беларусь нормы аб крымінальнай адказнасьці... і замене яе адміністрацыйнай адказнасьцю. На дадзены момант канчатковая пазыцыя па дадзеным пытаньні ня выпрацаваная”.

Інфармацыю камэнтуе юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў: "Адказ міністэрства сьведчыць, што нічога новага ім сказаць няма ў параўнанні з тым, што яны казалі ўлетку мінулага году: магчымасьць адмены артыкулу 1931 разглядаецца неназванымі кампэтэнтнымі органамі. Але ж ніякай практычнай дзейнасьці у гэтым кірунку не назіраецца".

Каардынатарка кампаніі «Стоп 1931!» Асамблеі НДА Алёна Валынец: «Такога кшталту аднастайныя адпіскі сьведчаць хутчэй пра жаданьне, пускаючы пыл у вочы замест прыняцьця рэальных рашэньняў, дацягнуць пытаньне да поўнага забыцьця. Аднак, гэтага не атрымаецца. Нашая кампанія будзе працягваць уздымаць праблему існаваньня арт.1931 і лябіяваць яго скасаваньне, як у Беларусі, так і празь міжнародныя структуры».

Варта заўважыць, што з моманту, калі ў 2006 годзе ўступіла ў дзеяньне крымінальная адказнасьць за дзейнасьць у незарэгістраваных аб’яднаньнях, па артыкуле 1931 былі асуджаныя 17 чалавек. Пры гэтым ніводнага апраўдальнага прысуду праваабаронцы не зафіксавалі.

Учора, 12 траўня, у рамках Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду (Universal periodic review) у Радзе па правах чалавека ААН (Жэнэва) адбылося абмеркаваньне праблемы рэпрэсіўнага артыкулу 193.1, арганізаванае Асамблеяй НДА Беларусі ў супрацы з міжнародным альянсам CIVICUS ды Міжнароднай фэдэрацыяй правоў чалавека (FIDH). Мерапрыемства прыцягнула ўвагу вялікай колькасьці прадстаўнікоў нацыянальных дэлегацыяў і міжнародных структураў. Пазьней, падчас разгляду ўрадавай справаздачы Беларусі, дэлегацыі Ізраілю, Ірляндыі, Нідэрляндаў, Чэхіі, Бэльгіі выказалі патрабаваньне да афіцыйнага Менску і прысутных беларускіх чыноўнікаў “скасаваць артыкул 1931, які карае за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў" (цытата з агучаных заяваў).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства