Мазыр: Затрыманне кандыдата Францішка Вячоркі
23 красавіка каля ДК “40 год Кастрычніка” быў затрыманы і дастаўлены ў Мазырскі ГРАЎС кандыдат у дэпутаты па Станцыйнай выбарчай акрузе № 25 у Мазырскі райсавет Францішак Вячорка.
Падчас наведвання даверанымі асобамі ўчастковай выбарчай камісіі для атрымання інфармацыі самі кандыдаты ў дэпутаты Ф.Вячорка і Ул.Целяпун знаходзіліся ў легкавым аўтамабілі. І яны сталі сведкамі парушэння ч.14 арт.45 Выбарчага кодэкса, дзе ўказана, што законам “не дапускаецца зняццё, залепліванне, замазванне, пашкоджанне плакатаў, калі гэтыя плакаты вырабленыя і размешчаныя з выкананнем патрабаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь”.
Сябра ўчастковай выбарчай камісіі - яна так і не назвала сваё прозвішча - вышла з будынка Дома культуры, дзе месціцца ўчастковы выбаркамі, і заклеіла плакаты кандадатаў у дэпутаты Ф.Вячорка і яго апанента С.Каробкіна плакатам пра маючыя адбыцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Гэта выглядала недарэчна і правакацыйна-мэтанакіравана, паколькі побач месціўся стэнд з такой жа абвесткай пра выбары.
Да яе падыйшоў Ф.Вячорка і спрабаваў растлумачыць незаконнасць яе дзеянняў. Але жанчына шпарка пабегла зноў у будынак ДК. Тады Ф.Вячорка адляпіў плакат і акуратна панёс яго ў камісію, каб высветліць, хто загадаў падчас агітацыйнай кампаніі парушаць выбарчае заканадаўства.
Але не паспеў кандыдат адыйсці з плакатам ад стэнда, як да яго падбеглі супрацоўнікі міліцыі ў форме і ў цывільным. Былі таксама і супрацоўнікі спецслужбаў. Сяржанты Данчэнка Дз. і Козел Ю. абвінавацілі Ф.Вячорку ў дробным хуліганстве і выклікалі свайго начальніка маёра Хаміцэвіча Андрэя Валер’евіча. Ён і даў каманду адвезці Франака ў ГРАУС для дачы тлумачэнняў. Пазней туды ж была дастаўлена і сябра ўчастковай камісіі, якая заляпіла плакаты кандыдатаў. Пасля дачы тлумачэнняў Франака Вячорку адпусцілі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”