Гомельскія дэмакраты плануюць вылучыць каля 50 чалавек у склад акруговых камісій
Гомельская кааліцыя дэмакратычных сілаў плануе прапанаваць каля 50 чалавек для ўключэння ў склад акруговых камісій у вобласці. Гэта будуць у асноўным сябры АГП і партыі левых «Справядлівы свет», а таксама грамадзяне шляхам збору подпісаў. Плануецца, што кандыдаты на ўключэнне ў склад камісій «закрыюць» усе 20 акругаў горада Гомеля, а таксама тыя акруговыя камісіі, на тэрыторыі якіх будуць балатавацца кандыдаты ад апазіцыі. Усяго ў вобласці вызначана 60 акругоў па выбарах дэпутатаў у абласны савет.
Гомельская кааліцыя дэмакратычных сілаў заявіла каля 100 магчымых кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Сябры незарэгістраванай партыі «БХД» вызначыліся на абласным сходзе, што балатавацца ў мясцовыя саветы па Гомельскай вобласці — як у раенныя, так і абласныя будуць не менш як 34 чалавекі.
3 лютага суб'екты аб'яднання «Беларускі незалежніцкі блок» правядуць сустрэчу ў Гомелі, на якой абмяркуюць удзел у выбарах у мясцовыя саветы і скаардынуюць свае дзеянні.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”