viasna on patreon

Віцебскую арганізацыю Партыі БНФ пазбаўляюць офісу і юрыдычнага адрасу.

2005 2005-10-31T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У падобным становішчы знаходзіцца цяпер і віцебская філія Фонду імя Льва Сапегі – ёй таксама загадана вызваліць арандаваныя плошчы. Пошукамі новага памяшканьня вымушана займацца і недзяржаўная газэта “Витебский курьер”.

Пра тое, што віцебскай арганізацыі Партыі БНФ загадана пакінуць арандаванае тры месяцы таму памяшканьне, «Радыё Свабода» паведаміў старшыня Кастусь Смолікаў:

"Прадаецца будынак, у якім гарадзкая арганізацыя Партыі БНФ мела памяшканьне і юрыдычны адрас. Акцыянэрнае таварыства «Арыён» цяпер знаходзіцца ў стане санацыі, прызначаны іншы кіраўнік, і гэты кіраўнік заявіў, што наступныя гаспадары будынку ня будуць даваць месца і юрыдычнага адрасу нашай арганізацыі. Давядзецца шукаць іншы адрас", -- паведаміў палітык.

Знайсьці юрыдычны адрас або новае памяшканьне – гэта сёньня праблема для любой недзяржаўнай арганізацыі. Калектыў газэты “Витебский курьер” ужо некалькі месяцаў шукае офіс для разьмяшчэньня рэдакцыі. Яшчэ ў ліпені гэтага году газэта атрымала папярэджаньне, што два пакоі, арандаваныя ў культурна-дзелавым цэнтры ААТ КІМ, пасьля перадачы будынку на балянс аддзелу культуры гарвыканкаму, спатрэбіліся новаму гаспадару.

Праблема пошуку новага офісу для рэдакцыі палягае ня толькі ў тым, што “Витебский курьер” – газэта недзяржаўная, якую далёка ня кожны ўладальнік пусьціць пад свой дах. Новае памяшканьне мае быць адпаведным: як мінімум з тэлефонам і мажлівасьцю выхаду ў інтэрнэт. Пакуль што такога не знайшлося .

Перад пагрозаю высяленьня апынулася і віцебская філія Фонду імя Льва Сапегі: яе кіраўніцтва атрымала з адміністрацыі Першамайскага раёну загад пакінуць арандаваны офіс яшчэ да 1-га верасьня. Пасьля некалькіх месяцаў перапіскі з раённай і гарадзкой адміністрацыямі з мэтаю падоўжыць дамову арэнды, якая без праблемаў перазаключалася цягам апошніх 10-ці гадоў, Фонд імя Льва Сапегі атрымаў апошні адказ ад намесьніка старшыні гарвыканкаму спадара Яравікова.

У ягоным лісьце напісана, што гарвыканкам адмаўляецца разглядаць звароты грамадзкага аб`яднаньня і што ўсе правы на спрэчнае памяшканьне належаць раённай камунальнай гаспадарцы. Тым часам з Першамайскага райвыканкаму зноў прыйшло патрабаваньне вызваліць офіс. Віталь Броўка, юрыст Фонду імя Льва Сапегі, лічыць гэтае патрабаваньне незаконным і зьбіраецца аспрэчыць яго ў судзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства