Святкаваньне Дня правоў чалавека ў Беларусі фактычна пад забаронай
На Дзень правоў чалавека, які адзначаецца 10 снежня, праваабаронцам забаранілі праводзіць пікеты і іншыя масавыя мерапрыемствы.
Неабгрунтаваныя і супрацьзаконныя адказы ад гарадскіх уладаў артымалі заяўнікі пікетаў у Віцебску, Гомелі, Гародні, Магілёве, Наваполацку, Оршы, Мазыры, Смаргоні, Бярозе, Барысаве, Баранавічах і некаторых іншых гарадах. Пікет быў таксама забаронены і ў Берасці, аднак улады дазволілі правесьці мітынг на стадыёне “Лакаматыў”.
Старшыня Моладзі БНФ Андрусь Крэчка атрымаў адмову на заяўку на правядзеньне пікета ў Менску, на плошчы Якуба Коласа з 16 да 18 гадзіны. Адмова была аргумэнтавана тым, што "правядзеньне масавых мерапрыемстваў не дапускаецца на адлегласьці менш 200 метраў ад падземных пераходаў, станцыяў мэтрапалітэну". Ліст падпісаў намесьнік старшыні Менскага гарвыканкама Міхаіл Ціцянкоў.
Аб рэальных адносінах улады да найважнейшага міжнароднага дакумента – Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека сведчыць таксама і той абсурдны факт, што Менскі гарвыканкам адмовіў Беларускаму прафаюзу РЭП у правядзеньні пікету 10 снежня на афіцыйна ўзаконеным месцы - Бангалоры, маўляў гэта будзе замінаць дарожнаму руху.