Уладзімера Асіпенку абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэракту
Пра гэта стала вядома ад праваабаронцы Алега Воўчака.
“Было зразумела, што пасьля абвінавачаньня Мікалая Аўтуховіча ў падрыхтоўцы да тэракту на мінулым тыдні такое ж абвінавачаньне ягонаму сябру Ўладзімеру Асіпенку — справа нядоўгага часу. Бо трэба ж, каб была “групоўка”. Але калі суд будзе адкрыты, усе ўбачаць, што гэтыя абвінавачаньні ня маюць доказаў. Улада разьлічвае на пакорных судзьдзяў”, — пракамэнтаваў падзею і будучы працэс Алег Воўчак.
Нагадаем, жыхары Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Асіпенка і Юры Лявонаў былі арыштаваныя 8 лютага паводле абвінавачаньня ў наўмысным пашкоджаньні маёмасьці. У жніўні гэтае абвінавачаньне зьнялі з прадпрымальніка Юрыя Лявонава і вызвалілі яго з-пад варты. Тады ж зьявіліся зьвесткі, што Мікалаю Аўтуховічу і Ўладзімеру Асіпенку рыхтуюць новае абвінавачаньне — у падрыхтоўцы тэракту супроць старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі і намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Камянко.
Паводле Алега Воўчака, у справе Аўтуховіча таксама фігуруюць жыхар Ваўкавыску Аляксандар Ларын і былы маёр міліцыі з Гародні Міхаіл Казлоў. Праваабаронца не выключае, што ім таксама бліжэйшым часам выставяць аналягічнае абвінавачаньне.