Восьмая справа супраць выдаўца бюлетэню «Бойкі Клецк»
Супраць выдаўца бюлетэню «Бойкі Клецк», актывіста Руху «За свабоду» Сяргея Панамарова ў восьмы раз могуць распачаць крымінальную справу.
Нагадаем, што на працягу 2007 года ў дачыненні С. Панамарова пяць разоў распачыналі і прыпынялі крымінальную справу паводле ч.2 арт. 188 КК РБ (паклёп у друкаваных СМІ).
Нагодай для завядзення справы стала нататка ў «Бойкім Клецку» пра кіраўніка Клецкай юрыдычнай кансультацыі Наталлю Семашкевіч. Двойчы адмысловая экспертыза не знаходзіла парушэнняў Крымінальнага кодэксу, і справу прыпынялі за адсутнасцю складу злачынства. Па словах С. Панамарова, артыкул зноў накіравалі на экспертызу ў Мінск.
18 верасня Сяргей Панамароў быў у Салігорскім Дэпартаменце фінансавых расследаванняў. Там яму паведамілі, што атрымалі прадпісанне з Мінскай абласной пракуратуры высветліць, адкуль ён бярэ сродкі на выдавецкую дзейнасць і працу сайта.
Пры гэтым Панамарову адмовіліся прадэманстраваць дакументы, на падставе якіх ладзіцца такая праверка. У сваю чаргу выдавец адмовіўся даваць якія-небудзь тлумачэнні. Ён лічыць, што ўлады такім чынам аказваюць на яго ціск, намагаючыся спыніць яго выдавецкую дзейнасць, а таксама працу з сайтам.