Улады думаюць пра адмену артыкула 193.1
Міністэрства юстыцыі пацьвярджае намер уладаў аб скасаваньні артыкула Крымінальнага кодэксу 193-1, які прадугледжвае адказнасьць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Пра гэта сталася вядома непасрэдна з афіцыйнага дакумента Мінюста.
Днямі Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне “Грамадзянская Беларусь” (Чэхія) атрымала ліст за подпісам намесьніка міністра юстыцыі Ігара Тушынскага. Дадзены дакумэнт – своеасаблівы адказ на заклік арганізацыі да беларускіх уладаў скасаваць ганебны артыкул.
Нагадаем, зварот чэскай арганізацыі да Мінюста адбыўся ў межах кампаніі “Стоп 193.1” , ініцыяванай Асамблеяй НДА. У межах акцыі няўрадавыя арганізацыі і асацыяцыі розных краінаў патрабавалі ад беларускіх уладаў скасаваць артыкул 193-1. Таксама падчас кампаніі замежныя аб’яднаньні інфармавалі ўрады сваіх краінаў аб сытуацыі са свабодай асацыяцыяў у Беларусі.
З адказу Міністэрства юстыцыі вынікае, што на дадзены момант кампэтэнтнымі органамі вывучаецца пытаньне ўнясеньня магчымых зьменаў у нарматыўныя дакумэнты, што рэгулююць дзейнасьць структураў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. У тым ліку аналізуюцца палажэньні, датычныя дзейнасьці ад імя незарэгістраваных палітычных партыяў і іншых грамадзкіх арганізацыяў.
У прыватнасьці, у дакумэнце пазначаецца наступнае: “На дадзеным этапе мяркуецца выключыць з артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса норму пра адказнасьць за арганізацыю дзейнасьці альбо ўдзел у дзейнасьці палітычнай партыі, іншага грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі альбо фонда, якія не прайшлі ва ўсталяваным парадку дзяржаўную рэгістрацыю, зьмяніўшы крымінальную адказнасьць за гэтыя дзеяньні на адміністратыўную адказнасьць”.
Інфармацыю пра магчымы перагляд артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса камэнтуе юрыст Юрый Чавусаў:
Фармулёўкі ў лісьце Міністэрства юстыцыі досыць неканкрэтныя. Справа ў тым, што магчымасьць скасаваньня дадзенага адыёзнага крымінальнага артыкула толькі разглядаецца неназванымі органамі. Але той факт, што дзяржава ўпершыню прызнала наяўнасьць праблемы і прыслухалася да меркаваньня шматлікіх крытыкаў ненармальнай прававой сытуацыі – ужо вялікае дасягненьне. Зразумела, лепшым варыянтам было б поўнае скасаваньне забароны на дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў.
Гэта наблізіла б Беларусь да эўрапэйскіх стандартаў прававога рэгуляваньня грамадзянскай супольнасьці. Аднак дзяржава абірае
прамежкавы варыянт: дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў перастане быць крымінальным злачынствам, але ўсё роўна застанецца незаконнай, застанецца адміністратыўным правапарушэньнем.
Варта заўважыць, што з моманту, калі ў 2006 годзе ўступіла ў дзеяньне крымінальная адказнасьць за дзейнасьць у незарэгістраваных
аб’яднаньнях, па артыкуле 193-1 было асуджана 17 чалавек. Пры гэтым ніводнага апраўдальнага прысуду праваабаронцы не зафіксавалі.
Асамблея няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў