У Магiлёве iнiцыююць Год роднай мовы
Комплекс мераў па прапагандзе беларускай мовы распрацоўваецца ў Магiлёўскай вобласцi.
Гэта работа пачалася пасля звароту да ўладаў краiны грамадзянскай iнiцыятывы "Інстытут нацыянальнай памяцi". Ва ўпраўленнi iдэалогii Магiлёўскага аблвыканкама пагадзiлiся, што сiтуацыя вартая ўмяшання: руская мова стала асноўнай мовай зносiнаў, а родная мова беларусаў, паводле ЮНЕСКА, знаходзiцца пад пагрозай поўнага знiкнення.
Старшыня аблвыканкама Пётр Руднiк даручыў распрацаваць комплекс мераў, дзе б былi сiстэматызаваны высiлкi па прапагандзе беларускай мовы органаў дзяржаўнай улады, дзеячаў нацыянальнай культуры, СМI, грамадскiх арганiзацый усiх узроўняў. Яго мяркуецца рэалiзаваць у 2010 годзе, якi магiлёўскiя ўлады прапануюць аб'явiць Годам роднай мовы.
Комплекс мераў, над якiм цяпер працуе рабочая група, будзе гатовы ў вераснi. Свае прапановы выкажуць установы культуры i адукацыi. Выдаткi на выкананне прадугледзяць у абласным бюджэце.
Падаецца, што кардынальна змянiць сiтуацыю з беларускай мовай хутка немагчыма, — сказала намеснiк начальнiка ўпраўлення iдэалогii Магiлёўскага аблвыканкама Людмiла Панiзовiч. Патрэбен пераходны перыяд, каб адрадзiць беларускую мову ў грамадстве, сярод людзей.
Папярэдне мяркуецца, напрыклад, павялiчыць колькасць гадзiн выкладання культуры беларускай мовы ва ўстановах адукацыi, а ў дзiцячых садках прапанаваць выхавальнiкам раз на тыдзень зносiцца з дзецьмi на роднай мове.
Паводле прапаноў, у справу могуць уключыцца i першыя асобы вобласцi i сельскiх раёнаў, i прамаўляць менавiта на беларускай мове ў асаблiва значных i ўрачыстых выпадках.
У тэатры плануюць больш спектакляў на роднай мове. Творчыя конкурсы, асаблiва сярод моладзi, могуць стаць яшчэ адным дзейсным сродкам прыцягнення ўвагi да нацыянальнай культуры i лiтаратуры.
Цэннiкi ў крамах i меню ў грамадскiм харчаваннi можна рабiць на дзвюх дзяржаўных мовах. Беларускую мову, мяркуюць распрацоўшчыкi комплексу мераў, трэба больш шырока выкарыстоўваць на iнфармацыйных экранах, у рэкламе i афiшах па культурнай тэматыцы. СМI гатовыя прапаноўваць матэрыялы аб захаваннi i развiццi духоўнай спадчыны беларускага народа,паведамляe "Звязда".