Алесю Стральцову суд змякчыў пакаранне, ад якога ён ужо павінен быў быць вызвалены
Фігурант “справы 14-ці” Алесь Стральцоў накіраваў у Менскі гарадскі суд скаргу на пастанову суду Цэнтральнага раёну ад 15 чэрвеня 2009 году пра замену неадбытай часткі пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову на больш мяккае. Дадзеная судовая пастанова замяняе пакаранне, ад якога малады чалавек ужо павінен быў быць вызвалены ў адпаведнасці з законам “Аб амністыі”.
У красавіку 2008 году судом Цэнтральнага раёну Менску А. Стральцоў быў асуджаны на два гады абмежавання волі па «справе 14-ці». Яго, як і іншых фігурантаў гэтай крымінальнай справы, абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, якія нібыта мелі месца падчас студзеньскай акцыі прадпрымальнікаў у Менску.
Пастановай суду Цэнтральнага раёну Менску ад 15 чэрвеня 2009 году А. Стральцову замянілі неадбытую частку пакарання тэрмінам у 1 год 2 месяцы і 15 дзён на папраўчыя работы на такі ж тэрмін з утрыманнем 15-ці адсоткаў заробку на карысць дзяржавы.
У сваёй скарзе старшыні Менскага гарадскога суду моладзевы актывіст заяўляе, што лічыць пастанову суду Цэнтральнага раёну “незаконнай, неабгрунтаванай і падлягаючай адмене”.
“Я лічу, што суд, калі прымаў рашэнне пра замену мне неадбытай часткі пакарання на больш мяккае, не ўлічыў палажэнні закону Рэспублікі Беларусь ад 5 траўня 2009 году “Аб амністыі ў сувязі з 65-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” і тым самым пагоршыў маё становішча”, - зазначае А. Стральцоў.
Справа ў тым, што артыкул 3 закона “Аб амністыі…” прадугледжвае вызваленне ад пакарання асобаў, не пералічаных у артыкулах 1 і 2 дадзенага Закону: асуджаных за наўмысныя злачынствы, якім прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі (арт. 55 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь), а таксама асобаў, пакараных пазбаўленнем волі тэрмінам да 6 год ўключна, калі на дзень уступлення ў сілу дадзенага Закону яны ўжо адбылі не меней за адну чвэрць прызначанага тэрміну пакарання.
“Прысудам суду Цэнтральнага раёну Менску ад 22 красавіка 2008 году мне прызначана пакаранне ў выглядзе 2 год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. На дзень уступлення ў сілу закону “Аб амністыі…” я адбыў болей за 8 месяцаў тэрміну пакарання, то бок болей за адну чвэрць прызначанага пакарання. Падставаў, што перашкаджаюць прымяніць да мяне амністыю, няма,” – піша ў скарзе пакараны актывіст.
Атрымліваецца, што пры разглядзе судом прадстаўлення пра замену неадбытай часткі пакарання на больш мяккае Алесь Стральцоў ужо меў права на поўнае вызваленне ад пакарання. Суд замяніў пакаранне, ад якога ён ужо павінен быў быць вызвалены.
Акрамя таго, у выніку атрымалася, што сваёй пастановай суд пазбавіў маладога чалавека права на прымяненне ў дачыненні да яго арт. 3 закону “Аб амністыі…” у далейшым. Амністыі не падлягаюць асобы, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе папраўчых работ.
“Цяпер пры разглядзе пытання пра прымяненне ў дачыненні да мяне амністыі я магу прэтэндаваць толькі на частковае вызваленне ад пакарання тэрмінам на 1 год – у адпаведнасці з артыкулам 10 закону “Аб амністыі…”, - кажа Стральцоў.
Моладзевы актывіст патрабуе ў вышэйстаячай інстанцыі апратэставаць пастанову суду Цэнтральнага раёну Менску ад 15 чэрвеня 2009 году на прадмет яе адмены і прыпыніць выкананне пастановы да яе апратэставання.
Беларускія праваабаронцы увесь час патрабуюць адназначнай амністыі ўсіх фігурантаў “працэсу 14-ці” і падкрэсліваюць, што на сёння гэта пытанне фактычна ніяк не вырашаецца. У траўні гэтага году Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала 11 ўдзельнікаў “працэсу 14-ці” (тых, якія на сёння адбываюць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі) вязнямі сумлення. Міжнародная супольнасць неаднаразова заклікала беларускія ўлады спыніць гэтыя крымінальныя справы і амніставаць усіх гэтых людзей. Аднак гэтыя заклікі фактычна ігнаруюцца.
15 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Менску за парушэнне ўмоваў адбыцця пакарання па арт. 415 КК быў вынесены прысуд Максіму Дашуку - адзін год і тры месяцы абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу.
7 ліпеня яшчэ аднаго фігуранта “працэсу 14-ці” маладафронтаўца Арцёма Дубскага Асіповіцкі раённы суд пакараў годам пазбаўлення волі – таксама за парушэнне ўмоваў адбыцця раней вынесенага пакарання.
Некалькі чалавек (Міхась Крываў, Таццяна Цішкевіч) на сённяшні дзень жывуць па-за межамі Беларусі і не могуць вярнуцца на радзіму. Ёсць інфармацыя, што Таццяна Цішкевіч знаходзіцца ў вышуку і, хутчэй за ўсё, адносна яе ўзбуджаная крымінальная справа.
Разам з тым, Міхал Пашкевіч таксама, як і Алесь Стральцоў, у красавіку 2008 году быў пакараны паводле ч. 2 арт. 342 КК судом Цэнтральнага раёну Менску 2-ма гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. І да уступлення ў сілу закону “Аб амністыі…” М. Пашкевіч таксама адбыў чвэрць тэрміну пакарання. Але ў адрозненні ад Стральцова, ён быў вызвалены ад пакарання згодна з арт. 3 дадзенага Закону. Аналагічная сітуацыя склалася і з Міхаілам Субачам - яго таксама амніставалі паводле таго ж артыкулу.