viasna on patreon

У Віцебску зьбіраюць подпісы ў абарону Леаніда Сьвеціка

2009 2009-07-07T10:22:06+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/1.jpg

Мясцовыя актывісты напісалі заяву ў абарону Леаніда Сьвеціка, якую мяркуюць перадаць у абласны суд, дзе праходзіць працэс над віцебскім праваабаронцам.

 

КДБ высунула супраць Леаніда Сьвеціка абвінавачаньне ў распальваньні міжнацыянальнай і рэлігійнай варожасьці — яго вінавацяць у напісаньні і распаўсюдзе лістоў з пагрозамі ад імя незарэгістраванай прафашыстоўскай арганізацыі “Русское Национальное Единство”. Але нават тыя, хто атрымаў такія лісты, ня вераць, што праваабаронца мае да іх хаця б нейкае дачыненьне.

 

Былая старшыня віцебскай філіі АГП Алена Залеская, адна са складальніц заявы і першая, хто яе падпісаў, атрымала ліст ад імя РНЕ ў 2006-м годзе. Невядомыя аўтары пагражалі ёй фізычнай расправай за апазыцыйныя палітычныя погляды. Леанід Сьвецік дапамагаў ёй складаць заявы ў міліцыю і КДБ, каб аўтараў допісаў знайшлі. Але і спадарыні Залескай, і ўсім іншым віцебскім актывістам, якія атрымлівалі лісты ад РНЕ ў 2006—2007 гадах, прыйшлі пісьмовыя адмовы: маўляў, такая арганізацыя ў Віцебску не зарэгістравана і знайсьці тых, хто рассылае лісты з пагрозамі, немагчыма. Таму Алена Залесская палічыла неабходным падкрэсьліць у заяве, што “крымінальны перасьлед з боку КДБ і гэты судовы працэс — помста Леаніду Сьвеціку за ягоную праваабарончую дзейнасьць. Але самае галоўнае, што яго хочуць ізаляваць як дзейнага праваабаронцу да наступных прэзідэнцкіх выбараў”.

 

Падпісаць заяву маюць намер і трое апазыцыянэраў, якія выступаюць на судовым працэсе ў якасьці пацярпелых — Барыс Хамайда, Ян Таўпыга і Ян Дзяржаўцаў. За час судовага працэсу, які працягваецца з 10-га чэрвеня, кожны зь іх выказаў недавер судзьдзі абласнога суду Галіне Ўрбановіч, бо, на іхную думку, яна разглядае справу неаб’ектыўна.

 

Актывісты зьбіраюцца перадаць заяву ў абласны суд 8 ліпеня. На гэты дзень заплянаваныя судовыя спрэчкі, пасьля чаго вынясуць прысуд. Калі Леаніда Сьвеціка прызнаюць вінаватым, паводле артыкула 130, часткі 1 Крымінальнага кодэксу “Распальваньне міжнацыянальнай і міжканфэсійнай варожасьці” яму пагражае тэрмін зьняволеньня да 5 гадоў.

 

Тыя, хто ня верыць у вінаватасьць праваабаронцы, лічаць, што гэты працэс мае палітычны характар і падпісваюцца пад заявай у ягоную абарону.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства