Маладафронтаўцы - за правы беларускамоўных карыстальнікаў мабільнай сувязі
4 чэрвеня актывісты Маладога Фронту паўторна зьвярнуліся да кіраўніцтва кампаніі мабільнай сувязі "Velcom" з просьбаю перакласьці інтэрфэйс апэратара на беларускую
мову, паведамляе прэс-служба арганізацыі.
Паводле інфармацыі МФ, у ранейшым ліставанні з моладзевымі актывістамі гендырэктар кампаніі Г.В. Мельнікаў зазначаў, што кампанія “шануе права грамадзянаў Беларусі на нацыянальнае самавыяўленьне і права на карыстаньне нацыянальнай мовай у побытавым
жыцьці.”
Таму маладафронтаўцы у сваім звароце заклікаюць сп.Мельнікава “паказаць гэтую павагу на практыцы, а ня толькі на словах”. Пры гэтым моладзь прапануе кампаніі ўласную дапамогу ў перакладзе.
Малады Фронт у лісце таксама падкрэслівае, што кампаніі-канкурэнты, МТС і life:), ужо зрабілі крокі насустрач беларускамоўным карыстальнікам. На сёньняшні дзень Velcom застаецца адзіным апэратарам у Беларусі, які не зрабіў падтрымку беларускай мовы.