viasna on patreon

Правакацыі па-віцебску: цішком, праз газэту

2009 2009-04-08T11:46:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sieviarynez.jpg
Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

Тацяне Севярынец раптам пачалі бясконца тэлефанаваць людзі, спасылаючыся на аб’яву ў газеце "Из рук в руки", якую яна туды не давала. Размова ішла пра рэпетытарства. Прычым з пазнакай: паслугі дарагія! Хто і навошта даў абвестку?

 

Каб абараніцца ад умомант праявіўшых увагу супрацоўнікаў падатковай інспекцыі, колішняя настаўніца мусіла міжволі ператварыцца ў следчага і даказваць, што не займаецца "левай" працай.

 

Тацяну Севярынец ведаюць у Віцебску не толькі як маці вядомага палітыка Паўла Севярынца. Некалькі дзесяткаў год яна працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, і сотні выпускнікоў розных віцебскіх школ памятаюць яе менавіта ў гэтай якасці. Два гады таму спадарыню Тацяну звольнілі са школы па палітычных прычынах , і цяпер яна дапамагае сыну ў палітычнай дзейнасці – займаецца стварэннем партыі "Беларуская Хрысціянская дэмакратыя".

– Хоць я і не працую, але ў мяне цяпер яшчэ меней вольнага часу, чымсці было раней, – распавядае Тацяна Севярынец. – Я дапамагаю дзвюм маім дочкам выхоўваць дзетак, маіх унукаў, дапамагаю Паўлу – узялася каардынаваць на Віцебшчыне дзейнасць камітэта па стварэнні партыі БХД. Шмат езджу па рэгіёнах, сустракаюся з людзьмі… А таму вялікім дзівам было, калі да мяне з прэтэнзіямі звярнуліся падатковыя інспектары – маўляў, да ўсяго гэтага я займаюся нелегальнай рэпетытарскай дзейнасцю ды ўхіляюся ад выплаты падаткаў.

Паводле заканадаўства, рэпетытары мусяць або зарэгістравацца як індывідуальныя прадпрымальнікі і плаціць фіксаваны падатак, або ў якасці фізычнай асобы выплочваць яго ў залежнасці ад уласных прыбыткаў. Тацяна Севярынец даведалася пра гэта ў падатковай інспекцыі, калі ёй прыгразілі вялікімі грашовымі штрафамі нібыта за фінансавае парушэнне:

– Я спрабавала тлумачыць, што нічым такім не займаюся, бо пры жаданні ня маю ні часу, ні фізічных магчымасцяў. Але інспектары сказалі, што будуць праводзіць праверку і шукаць маіх "вучняў".

Нечакана вучні, якіх дагэтуль не было ў прынцыпе, пачалі зьяўляцца самі: тэлефон Тацяны Севярынец раскаліўся ад званкоў, прычым спасылаліся на аб’яву ў газеце "Из рук в руки". Там быў пададзены тэлефонны нумар актывісткі і змест "дзейнасці": рэпетытарства па рускай мове, а таксама кантрольныя работы, ды яшчэ з пазнакай "дорага".

Былой настаўніцы давялося праводзіць сапраўднае следства, пакуль не дабілася праўды: у рэдакцыю тэкст абвесткі трапіў праз прыёмны пункт у гандлёвым цэнтры "Эвіком". Нейкі чалавек, які назваўся сынам спадарыні Тацяны, заплаціў грошы і замовіў разьмяшчэньне аб’явы. Што цікава, Паўла Севярынца на той час у горадзе не было, а неразборліва падпісацца на квітку мог хто заўгодна – пашпарт прыёмшчык аб’яваў патрабуе толькі ў таго, хто зьбіраецца прадаць альбо набыць аб’екты нерухомасці – дачы, кватэры, машыны…

Рэдакцыя рэклямнай газэты папрасіла прабачэння ў Тацяны Севярынец. Але хто размясьціў аб’яву і з якой мэтай, высветліць так і не ўдалося. На думку актывісткі, яе проста хацелі справакаваць: раптам беспрацоўная настаўніца спакусіцца на лёгкія прыбыткі, якія потым стануцца падставай для штрафаў у падатковай інспэкцыі.

А па вялікім рахунку, мяркуе спадарыня Тацяна, усе гэтыя захады робяцца дзеля таго, каб адцягнуць яе ад партыйнай дзейнасці ў БХД. Іншых актывістаў, якія аддалі свае подпісы за рэгістрацыю новай партыі, таксама не пакідаюць у спакоі: пагражаюць звальненнямі з працы, выклікаюць у КДБ…  На беспрацоўную і ідэйна свядомую Тацяну Севярынец такім чынам уплываць немагчыма.

– …Таму нехта не пашкадаваў сем тысяч за фальшывую аб’яву, каб толькі ўцягнуць мяне ў нейкі скандал, – сьмяецца спадарыня Тацяна. – Застаецца толькі паспачуваць тым людзям, якія тэлефанавалі мне. Марнуючы ўласныя грошы. Але, спадзяюся, яны знойдуць сапраўдных рэпетытараў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства