Адключэнне расійскіх тэлеканалаў. Каментар юрыста
Учора ў гутарцы з агенцтвам БелаПАН начальніца аддзелу праграм эфірна-кабельнага тэлеаператара «Космос ТВ» Алена Клюйкова патлумачыла спыненне трансляцыі тэлеканалаў «Рен ТВ», «Первый. Всемирная сеть», «РТР-Планета», «ТВЦ-интернешнл» і «НТВ-Мир» неабходнасцю выканання рашэнняў Саўміну і закона «Аб СМІ», паводле якіх замежныя тэлевізійныя каналы абавязаныя атрымаць дазвол на трансляцыю на тэрыторыі Беларусі. На гэта, маўляў, у іх было тры месяцы, але «яны не зрабілі гэтай працы, і мы вымушаныя спыніць іх трансляцыю», — заявіла спн. Клюйкова.
Наколькі верагоднай выглядае такая прычына адключэння тэлеканалаў? Што насамрэч прадпісвае закон «Аб СМІ» і пастанова Саўміну? Пра гэта прэс-служба ГА «БАЖ» пагутарыла з намеснікам старшыні ГА «БАЖ», юрыстам Андрэем Бастунцом.
«Сапраўды, у адпаведнасці з арт. 17 закона "Аб СМІ", на распаўсюд прадукцыі замежнага СМІ на тэрыторыі Беларусі без змянення формы і зместу патрэбны дазвол Міністэрства інфармацыі. (Калі змест змяняецца, то патрабуецца рэгістрацыя замежнага СМІ ў Мінінфарме).
У дадатак да гэтай нормы Савет Міністраў прыняў 2 снежня 2008 года пастанову № 1849, якой зацвердзіў Палажэнне аб парадку выдачы дазволу на распаўсюд прадукцыі змежнага СМІ.
Аднак, па-першае, і закон, і пастанова ўраду ўступілі ў сілу з 8 лютага 2009 года, і незразумела, з чым звязана згадка пра трохмесячны тэрмін атрымання дазволу на трансляцыю.
Па-другое — і гэта галоўнае — паміж урадамі Беларусі і Расіі (а таксама Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана) дзейнічае Пагадненне пра супрацоўніцтва ў галіне распаўсюду СМІ. (Для Рэспублікі Беларусь яно дзейнічае з 21 красавіка 2003 года).
У артыкуле 4 гэтага Пагаднення гаворыцца, што бакі гарантуюць свабодны і раўнапраўны доступ грамадзян сваіх дзяржаў да прадукцыі СМІ, якія зарэгістраваныя і ажыццяўляюць сваю дзейнасць у адпаведнасці з заканадаўствам дзяржаў-бакоў пагаднення. З гэтай мэтай ўдзельнікі пагаднення не ствараюць перашкодаў для распаўсюду згаданай прадукцыі на сваёй тэрыторыі — пры ўмове, што распаўсюд звестак і матэрыялаў, што складаюць такую прадукцыю, не супярэчыць патрабаванням заканадаўства дзяржаў-бакоў.
Як бачым, гэты дакумент дапускае магчымасць спыняць трансляцыю тэлепраграм, зарэгістраваных на тэрыторыі дзяржаў-бакоў пагаднення, толькі калі змест „звестак і матэрыялаў“ супярэчыць заканадаўству гэтых дзяржаў.
Такім чынам, патрабаванне браць дазвол на трансляцыю СМІ, зарэгістраваных у Расіі (як і ў іншых дзяржавах-удзельніцах Пагаднення), выходзіць за рамкі гэтага абмежавання і супярэчыць міжнародна-прававой дамове Рэспублікі Беларусь».