Улады далі дазвол на правядзенне ў Беларусі грандыёзнага рок‑фестывалю
Яго арганізатары пазыцыянуюць акцыю, як «фэстываль фэстываляў» і мяркуюць, што з часам «Bela music — 09» станецца галоўнай нацыянальнай прэміяй у галіне актуальнай музыкі. Ідэю фэсту падтрымалі менскія і абласныя ўлады, а таксама Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Мастацкі кіраўнік фэстывалю «Bela music — 09», лідэр гурта «Палац» Алег Хаменка правёў некалькі месяцаў у сустрэчах ня толькі з музыкамі і прадусарамі, але і з чыноўнікамі, каб данесьці сваю ідэю: «Вельмі адчувальны недахоп такога «фэстывалю фэстываляў«, дзе маглі бы сабрацца героі ўсіх музычных цырымоніяў, прэміяў, узнагародаў і фэстываляў, што праводзяцца ў Беларусі ці за яе межамі, але маюць дачыненьне да нашай музыкі», — кажа Алег.
31 сакавіка арганізатары «Bela music — 09» атрымалі ўрэшце дазвол на правядзеньне такога фэстывалю на вялікай пляцоўцы. Ідэю фэсту падтрымалі Менгарвыканкам, Менаблвыканкам, а таксама Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Месцам дзеі абраная адкрытая пляцоўка аэраклюбу «Баравая», што непадалёк ад мікрараёну Ўручча. Фэст плянуецца распачаць 23 траўня ў 16:30 і працягнецца ён да позьняга вечару. Плянуецца дастаўка гледачоў ад станцыі мэтро «Ўсход» спэцыяльнымі аўтобусамі.
Цяпер сканчаюцца перамовы зь непасрэднымі ўдзельнікамі фэстывалю. Сваю згоду ўжо далі гурты «Крама», Neuro Dubel, «Палац», «Детидетей». Плянуецца таксама зьвярнуцца да арганізатараў музычных фэстываляў «Басовішча», «Рок‑Кола», «Рок‑Каранацыя» ды іншых. «Мы хочам зладзіць ня проста вялікі рок‑канцэрт, а паказаць дасягненьні беларускага року, — тлумачыць Алег Хаменка. — Таму кожная значная музычная зьява, я кажу тут найперш пра прэміі ды фэстывалі, мусіць быць прадстаўлена на «Bela music — 09««.
10 красавіка арганізатары «Bela music — 09» маюць даць прэс‑канфэрэнцыю. Уся інфармацыя пра фэст будзе зьяўляцца на інтэрнэт‑партале «Тузін Гітоў».