Берасцейская апазіцыя падвяргаецца дыскрымінацыі
Да такой высновы прыйшоў берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк, калі атрымаў адказ з Берасцейскага гарвыканкама на свой запыт пра мерапрыемствы, што праходзілі не на стадыёне “Лакаматыў”, на якія гарвыканкам даваў дазвол.
Намеснік старшыні гарвыканкама Хафізаў паведаміў праваабаронцу, што ў 2008 годзе было 30 зваротаў на атрыманне дазволу для правядзення масавых мерапрыемстваў. І толькі шэсць мерапрыемстваў праводзіліся не на стадыёне “Лакаматыў”. Гэта масленіцы, свята мёду і г.д. Чыноўнік не стаў пералічваць месцы, ля якіх нельга праводзіць мерапрыемствы бліжэй 50 метраў, аб чым прасіў Кісляк. Па словах Хафізава, яны пазначаны вывескамі. У гэтым юрыст-праваабаронца бачыць непрадастаўленне інфармацыі. На яго думку, нельга абыйсці ўсе месцы ў горадзе, каб убачыць на свае вочы вывескі, тым больш, што некаторыя такія будынкі размешчаны ў дварах, іх і не відаць.
Раман Кісляк не задаволены адказам. Намеснік старшыні гарвыканкама даў непоўную інфармацыю наконт мерапрыемстваў, якія праводзіліся не на стадыёне “Лакаматыў”. Гэта і розныя ярмаркі, спектакль на плошчы Леніна і г.д. Чамусьці ў публічных месцах, у цэнтры Берасця можна праводзіць свае мерапрыемствы гандлёва-прамысловай палаце, памежнікам, ДАІ, а апазіцыі толькі на стадыёне “Лакаматыў”. Праваабаронца лічыць гэта дыскрымінацыяй.
Раман Кісляк будзе абскарджваць адказ Хафізава ў судзе.