ІП маюць намер перадаць у Адміністрацыю прэзідэнта праект закона аб малым і сярэднім бізнесе
Індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) маюць намер у студзені 2009 года перадаць праект закона аб малым і сярэднім бізнесе, што распрацаваны сумесна з іншымі бізнес-асацыяцыямі, у Адміністрацыю прэзідэнта. Пра гэта паведаміў старшыня аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб'яднання "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва" Віктар Гарбачоў на прэс-канферэнцыі 11 снежня ў Мінску.
"Летась мы накіравалі праект указа ў парламент, аднак ніякага толку няма. Мы добра разумеем, што парламент нічога не вырашае ў Беларусі, зноў абраныя дэпутаты будуць галасаваць так, як ім скажуць у Адміністрацыі прэзідэнта. Таму закон у нас ёсць, і ў студзені мы яго прадставім у Адміністрацыю прэзідэнта. Гэта першая наша задача і першая наша мэта", — заявіў В.Гарбачоў.
У выпадку калі ў хуткім часе не адбудуцца нейкія змяненні ў заканадаўчай базе, ІП маюць намер арганізоўваць акцыі пратэсту. "Мы з новага года будзем праводзіць такія акцыі, як нявыплата падаткаў, арэнды за гандлёвыя месцы, таму што ўмовы нашай дзейнасці не будуць дазваляць нам ажыццяўляць гэтыя выплаты, — сказаў лідэр прадпрымальніцкага руху. — Даходзіць да смешнага — мы, прадпрымальнікі, плацім падаткі на ўтрыманне вялікай арміі чыноўнікаў, каб яны нас абаранялі, а ўсё атрымліваецца наадварот: гэтыя грошы ідуць на наша ўдушэнне".
Ацэньваючы вынікі забастоўкі 10 снежня, В.Гарбачоў сказаў, што "акцыя адбылася: 60% прадпрымальнікаў не выйшлі ўчора на працу". Паводле яго слоў, пашырылася геаграфія рэгіёнаў, дзе прадпрымальнікі сталі больш актыўна выказваць свой пункт гледжання і браць удзел у акцыях пратэсту. Так, напрыклад, упершыню прайшла забастоўка ў Камянцы (Брэсцкая вобласць) і Смалявічах (Мінская вобласць). Разам з тым лідэр прадпрымалньніцкага руху са шкадаваннем канстатаваў, што ў сталіцы ІП не праяўляюць актыўнасці. "На пярэдні план сёння выйшлі рэгіёны. Людзі на месцах настроены больш рашуча, паколькі баяцца страціць працу, у малых гарадах няма столькі прадпрыемстваў, як у Мінску", — сказаў ён.
Апрача таго, ІП маюць намер браць актыўны ўдзел у намечаным на 15 снежня ў Мінску маршы прадпрымальнікаў, які арганізуе грамадскае аб'яднанне "Перспектыва". "Мы падтрымліваем любыя пачынанні ў абарону сваіх інтарэсаў. Перад намі стаіць агульная мэта: каб нас пакінулі ў спакоі, далі нам свабодна працаваць і развівацца, карміць свае сем'і, працягваць з новага года ажыццяўляць сваю дзейнасць хаця б без пагаршэння правілаў працы", — заявіў В.Гарбачоў.