Кандыдатаў у дэпутаты застаецца ўсё менш
Ахвотных удзельнічаць у выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў становіцца ўсё меней. Барацьбу за 110 мандатаў працягваюць 270 чалавек. Гэтую лічбу назваў сёньня “Свабодзе” сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік. З 270 прэтэндэнтаў 69 прадстаўляюць Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі.
У адзіным сьпісе 18 асобаў прадстаўляюць Аб’яднаную грамадзянскую партыю, па 14 — Партыю БНФ і Партыю камуністаў Беларускую, 10 — Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада). Астатнія праходзяць як беспартыйныя кандыдаты, — паведамляе кіраўнік інфармацыйнага цэнтру АДС Юры Пацёмкін:
“Паводле папярэдніх дадзеных, у адзіным сьпісе застаюцца 69 кандыдатаў у дэпутаты. Апошнім часам зьняліся некалькі кандыдатаў, бальшыня зь якіх прыпадае на Менск. Гэта 5 чалавек ад АГП, сярод якіх такія знакавыя фігуры, як Аляксандар Дабравольскі, Валянціна Палевікова, Станіслаў Багданкевіч. Акрамя таго, зьняліся некалькі сябраў Партыі БНФ, а яшчэ раней — трое прадстаўнікоў АГП. Наколькі я ведаю, сёньня ці заўтра заяву аб зьняцьці з выбарчай гонкі зьбіраецца аднесьці ў акруговую выбарчую камісію намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён таксама балятаваўся ў Менску”.
Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік кажа, што з выбарчай гонкі здымаюцца ня толькі прадстаўнікі апазыцыі, але і іншыя кандыдаты. У якасьці прыкладу ён назваў намесьніка старшыні аграрнай камісіі дзейнага складу Палаты прадстаўнікоў Віктара Анікеенку:
“Павінен сказаць, што ня толькі апазыцыя здымаецца. Хаця мае ўласныя назіраньні паказваюць, што апазыцыйныя кандыдаты, калі бачаць моцнага канкурэнта, шукаюць падставы, каб іх зьнялі з гонкі. А калі не ўдаецца справакаваць камісію на зьняцьцё, тады яны нешта самі выдумляюць”.