viasna on patreon

Тыдзень выбарчай кампаніі: падзеі і абагульненні

2008 2008-09-13T12:59:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Галоўнай падзеяй бягучага тыдня стала завяршэнне разгляду Цэнтральнай камісіяй і Вярхоўным судом скаргаў прэтэндэнтаў, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў. Нажаль, па выніках разгляду скаргаў сітуацыя з безальтэрнатыўнымі акругамі не змянілася.

Але змяніцца можа, калі кандыдаты ў дэпутаты ад апазіцыйных партый канчаткова вызначацца адносна свайго ўдзелу ці няўдзелу ў выбарах. Таксама значна на колькасць такіх акругаў ды і ўвогуле на колькасць кандыдатаў, якія дойдуць да дня выбараў, можа паўплываць агітацыйная кампанія, бо, як паказвае практыка папярэдніх выбарчых кампаніяў, у гэты перыяд даволі значную колькасць кандыдатаў здымаюць з выбарчай гонкі за сапраўдныя ці ўяўныя парушэнні выбарчага закона.     

Даволі квола медыяпрасторы была прадстаўлена выбарчая кампанія, і асноўнымі “акторамі” яе з’яўляліся не ўдзельнікі выбараў -- кандыдаты са сваімі праграмамі, а арганізатары выбараў. 5-хвілінныя выступы на радыё і тэлебачанні кандыдатаў – больш чым недастаткова, што прызнала і ЦВК, пастанавіўшы, што выступы будуць паўтораныя. Адсутнасць публічных дыскусіяў і абмеркаванняў палітычных платформаў стварыла ўражанне “нябачнасці” і незаўважнасці парламенцкай выбарчай кампаніі для большай часткі грамадства. Ды і мясцовыя органыўлады, прымаючы рашэнні аб вызначэнні месцаў для размяшчэння агітацыйнай прадукцыі, яўна перастараліся – такіх месцаў вызначана крайне мала.     

Пра роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў падчас агітацыйнай кампаніі казаць не прыходзіцца. Праўладныя кандыдаты свабодна дамаўляліся з кіраўнікамі прадпрыемстваў і ўстановаў аб правядзенні сустрэч з выбаршчыкамі, галасаваць за іх заклікалі супрацоўнікі выканкамаў, кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў і навучальных устаноў, пісалі дзяржаўныя СМІ. А вось незалежныя кандыдаты сутыкаліся з рознымі цяжкасцямі кшталту адмоваў у атрыманні дазволаў на арганізацыю сустрэч з выбаршчыкамі, зацягваннем з друкам агітацыйнай прадукцыі, “перакрыцця” гуку падчас эфіру і г.д.

Актыўна працавалі назіральнікі, як нацыянальныя, так і міжнародныя, якія працягваюць прыбываць і акрэдытоўвацца. Нацыянальныя найбольш былі засяроджаныя на выяўленні і абскарджанні парушэнняў выбарчага закона.

Выбары без выбару -- рэальнасць

Завершыўся разгляд Цэнтральнай камісіяй і Вярхоўным судом скаргаў прэтэндэнтаў, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў. З 52 скаргаў, якія паступілі ў ЦВК, 8 былі задаволеныя і, адпаведна, былі зарэгістраваны столькі ж кандыдатаў. У Вярхоўны суд пасупіла 19 скаргаў тых прэтэндэнтаў, у рэгістрацыі якім было адмоўлена як акруговымі камісіямі, так і ЦВК (адзін з заяўляльнікаў сваю заяву адклікаў да разгляду судом). З застаўшыхся 18 заяваў па рашэнні Вярхоўнага суда толькі 2 прэтэндэнты сталі кандыдатамі. Разам з тым, сітуацыя з безальтэрнатыўнымі акругамі не змянілася: іх як было 12, столькі ж і засталося.

На 12 верасня ў выбарчай гонцы ўдзельнічаюць 279 кандыдатаў у дэпутаты. Аднак, сыходзячы з практыкі мінулай кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў рана казаць, што ўсе сённяшнія кандыдаты пройдуць выбарчы марафон да канца. Нагадаем, падчас выбараў 2004 года з 406 зарэгістраваных кандыдатаў да дня выбараў дайшлі толькі 346: за час агітацыйнай кампаніі былі пазбаўленыя рэгістрацыі або адмовіліся ад далейшай барацьбы 60 (!) кандыдатаў, прычым 7 з іх былі знятыя з выбарчай гонкі падчас правядзення датэрміновага галасавання.

Змяніць агульную карціну ўдзельнікаў выбараў можа і канчатовае рашэнне апазіцыйных партыяў адносна зняцця сваіх кандыдатаў або далейшага іх удзелу ў кампаніі.

Быць ці не быць? Пытанне застаецца

На гэтым тыдні палітычныя суб’екты, якія складаюць АДС, агучылі сваё бачанне далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Ад усяго АДС прагучала, што яны хутчэй за ўсё будуць працягваць удзел у выбарах. Усё канчаткова вырашыцца толькі 21 верасня на палітрадзе АДС.

Адначасова адзін з суб’ектаў АДС, а менавіта  Партыя БНФ, заяўляе, што калі не будзе адмененае ранейшае рашэнне партыі, то з 23 верасня (пачатку датэрміновага галасавання) БНФ здыме сваіх кандыдатаў і будзе фактычна працаваць у рэжыме байкоту.

Трэба нагадаць, што ўжо зараз 3 кандыдаты АДС з Гомельскай вобласці (два з АГП і адзін з Партыі БНФ) адмовіліся ад удзелу ў выбарах і пачалі на сваіх акругах кампанію па байкоту выбараў.

Такім чынам, канчатковы расклад палітычнай палітры кандыдатаў, за якіх будуць адаваць свае галасы выбаршчыкі, будзе вядомы крыху пазней. Таксама стане вядомая і канчатковая колькасць безальтэрнатыўных акругаў, якая можа стаць крытычнай пасля верагоднага зняцця апазіцыйных кандыдатаў.

Пакуль жа кандыдаты ў дэпутаты па магчымасці імкнуцца прадставіць сябе і свае праграмы выбаршчыкам. Ідзе агітацыйная кампанія.

СМІ няроўна дзеляць…

Дзяржаўныя СМІ працягваюць мэтанакіраваную агітацыю за праўладных кандыдатаў і цалкам ігнаруюць незалежных і апазіцыйных. Агітацыйныя артыкулы за кандыдатаў з вертыкалі рэгулярна змяшчаюцца ў выданнях усіх рэгіёнаў краіны. Так, газеты Светлагоршчыны “Ранак-плюс”, “Светлагорскія навіны”, тэлеканал “Ранак”, “Лад” падчас агітацыйнай кампаніі прапанавалі выбарчыкам шэраг матэрыялаў, якія прапагандуюць кандыдата ў дэпутаты “ад улады” Валянціну Кавалёву. Ніводнай публікацыі ў газэтах не было пра другога кандыдата – Сяргея Дайнеку.

Актыўна “рэкламуе” дзяржаўная раённая газета “Перамога” кандыдата Міхаіла Орду, які балатуецца па Дзятлаўскай выбарчай акрузе №55. У нумары за 3 верасня на першай старонцы яна паведаміла, што Міхаіл Орда пабываў у некалькіх школах раёна на лінейцы, а ў Наваельненскай сярэдняй школе ўручыў камплект закупленых з яго дапамогай атлетычных трэнажораў. У Наваельні Орда таксама абяцаў набыць для школьнай хакейнай каманды форму і канькі. А вось пра ягоную канкурэнтку – сябра ПКБ Яніну Гузоўскую ў раённай газеце не прачытаеш.   

5 хвілін, і то з праблемамі…

Кандыдаты маюць магчымасць бясплатна выступіць на тэлебачанні і радыё на працягу 5 хвілін, і на працягу тыдня яны актыўна скарысталіся гэтай рэдкай і невялікай, але ўсё ж магчымасцю. Праўда, некаторыя з іх ад гэтага адмовіліся па тых ці іншых прычынах, а для некаторых без праблем і тут не абышлося.

Так, 5 верасня ў эфіры телеканалу "Лад" у прамежку часу з 17.30 да 18.30 на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна павінен быў транслявацца выступ Яніны Гузоўскай, кандыдата ў дэпутаты ад ПКБ. Аднак, у гэты час тэлеканал "Лад" на тэрыторыі Дзятлаўшчыны перадаваў навіны Берасцейскай тэлестудыі. Іншы кандыдат, цяперашні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Міхаіл Орда ад свайго тэлевыступу адмовіўся.

5 верасня з 18 гадзін да 18 гадзін 15 хвілін па Віцебскім абласным тэлебачанні на тэлеканале "ЛАД" трансляваліся выступы кандыдатаў у дэпутаты па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19. Перадвыбарчы тэлевыступ стаўленіка ўлад Сяргея Сямашкі прагучаў без праблем. Другім выступаў кандыдат Андрэй Левінаў. Падчас яго выступу, калі кандыдат заклікаў выбаршчыкаў не ўдзельнічаць у датэрміновым галасаванні, "раптам"… знік гук. Разам зтым, выступ наступнага кандыдата па дадзенай выбарчай акрузе Ігара Каныгіна прайшоў без праблем з гукам.

…праблемы з публікацыяй праграм і агітацыйных матэрыялаў

Шасці кандыдатам ад АГП спачатку забаранілі афіцыйна апублікаваць свае матэрыялы ў выглядзе спецвыпуску ў газеце “Народная воля” па прычыне таго, што выданне друкуецца па-замежамі Беларусі. Кандыдаты дзеля выдання спецвыпуску знайшлі друкарню ў Беларусі, якая пагадзілася яго надрукаваць.  Калі кіраўніцтва друкарні звярнулася ў ЦВК, адтуль загадалі: спецвыпуск пад назвай “Народная воля” не друкаваць. Аднак і без лагатыпу газеты, як улётку, надрукаваць матэрыял не атрымалася – у друкарні на роўным месцы ўзніклі “тэхнічныя складанасці”.

А вось рэдакцыя рэгіянальнай газеты “Вечерний Брест” параіла кандыдату ў дэпутаты па Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе №1 Анатолю Ляўковічу змяніць частку тэксту перадвыбарчай праграмы ці як гэта сказана ў адмысловым лісце, “прывесці адпаведнасць з арт. 47 Выбарчага кодэксу”. Размова ідзе пра абзаз праграмы кандыдата, дзе ён рэзка крытыкуе свайго суперніка – дзеючага дэпутата А. Вялічку, за прыняццё закона, які адмяніўі льготы для пэўных катэгорыяў грамадзян: “Я пытаюся майго канкурэнта дэпутата А. Вялічку: чыю волю ён выконваў, галасуючы за адмену сацыяльных ільготаў мільёнам беларускіх грамадзянаў? Ён раіўся са сваімі выбаршчыкамі?”. Па меркаванні рэдакцыі газеты, гэтыя словы А. Ляўковіча ўтрымліваць знявагі і паклёп і павінны быць зменены, інакш праграма можа быць зусім не апублікавана.

Агітатаваць можна, але... не за кожнага

У Горках і Мсціславе агітацыяй за праўладных кандыдатаў займаюцца супрацоўнікі райвыканкамаў, якія ў складзе “агітбрыгадаў” у працоўны час ездзяць па вёсках і арганізацыях гарадоў і вядуць мэтанакіраваную агітацыю. Каардынацыяй працы займаюцца аддзелы ідэялогіі, якія выдаюць разнарадкі па іншых аддзелах на выдзяленне супрацоўнікаў у склады “агітбрыгад”.

У той жа час у некаторых рэгіёнах сапраўднае “паляванне” арганізавана на агітатараў за незалежных кандыдатаў. Так, у Сенно падчас раздачы газеты “Таварыш” і агітацыі за яе галоўнага рэдактара Сяргея Вазняка - кандыдата ў дэпутаты па Сенненскай выбарчай акрузе № 30 (Ліозненскі, Сенненскі, Талачынскі раёны) быў затрыманы журналіст Мікалай Петрушэнка. Затрымлівалі яго з аўтаматамі – як небяспечнага злачынцу, але ў РАУСе адпусцілі, пабачыўшы журналісцкае пасведчанне.

Такі ж выпадак меў месяца ў Брэсце, дзе падчас разносу лістоў падзякі ад Дзмітрыя Шыманскага 10 верасня быў затрыманы сябра ініцыятыўнай групы кандыдата Яўген Сашко. На працягу паўгадзіны міліцыянты пратрымалі хлопца ў машыне, але, не знайшоўшы нічога супрацьзаконнага ў яго дзеяннях, адпусцілі.

Дазваляюць сустракацца з выбаршчыкамі, ды не ўсім…

Незалежныя і апазіцыйныя кандыдаты сутыкаюцца са шматлікімі адмовамі ў арганізацыі сустрэч з выбарчыкамі ў той час, як для “асобаў з вертыкалі” створаныя усе ўмовы для арганізацыі і правядзення агітацыйных сустрэч. Такая сітуацыя склалася ў Полацку, Віцебску, Гародні і г.д.

Так, кандыдат па Полацкай гарадской выбарчай акрузе № 28, чыноўнік аблвыканкама Пётр Южык свабодна дамаўляецца з кіраўнікамі прадпрыемстваў і ўстаноў Полацка аб правядзенні агітацыйных сустрэч. Ужо адбыліся сустрэчы з працоўнымі калектывамі піў- і вінзаводаў, Шкловалакна, гарадской паліклінікі і бальніцы, ВА ЖКХ. У некаторых калектывах сустрэчы праводзіліся ў працоўны час. Людзей запрашалі на іх у абавязковым парадку, пры чым у шэрагу выпадкаў яны былі змушаны слухаць спадара Южыка пад час ўласнага перапынку на абед. Калі на адну з такіх сустрэч, выпадкова аб ёй даведаўшыся, прыйшоў апазіцыйны кандыдат Альберт Маркаў, ахова прадпрыемства не дапусціла яго на тэрыторыю завода. Таму Маркаў праводзіць сваю агітацыйную кампанію метадам “ад дзвярэй да дзвярэй”, размаўляючы з людзьмі і знаёмячы іх са сваёй праграмай.

Падвойныя стандарты існуюць і ў Віцебску, дзе  у парушэнне Выбарчага кодэкса акруговая камісія №19 прызнала правамернымі дзеянні кіраўніцтва Чыгуначнага РАУС, якое адмовіла кандыдату Андрэю Левінаву ў сустрэчы з супрацоўнікамі райаддзела. Акруговая камісія таксама прызнала правамернай адмову адміністрацыі сярэдняй школы №2 (участак для галасавання №4) аказаць садзейнічанне ў сустрэчы кандыдата Левінава з выбаршчыкамі-бацькамі. Атрымліваецца, кандыдату ад улады Сяргею Сямашку сустракацца ў школах з бацькамі можна, а незалежнаму кандыдату нельга.

У Гародні незалежнаму кандыдату па Гарадзенскай-Занёманскай акрузе № 49 Сяргею Кузьмянку не дазволілі выступіць перад выбарчыкамі ў школе № 34, дзе выступаў кандыдат ад улады Аляксандар Антоненка.

Месцы для агітацыі і агітацыйных матэрыялаў: недастаткова ці... адсутнічаюць

Крайне мала месцаў вызначана для размяшчэння і правядзення агітацыі.

Так, акруговая камісія Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акругі №33 вызначыла толькі два месцы для сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі: зала паседжанняў ЧУП "Навучальна-метадычны цэнтр абласнога аб'яднання прафсаюзаў" і актавая зала ЖЭУ-27 у мікрараёне Клянкоўскі. Для паўмільённага гораду гэта больш чым недастаткова.

У Бабруйску для сустрэч кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі вызначылі памяшканні актавых залаў па завулку Пяшчанаму і вуліцы Чангарскай, а таксама памяшканне ў Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі (па аднаму памяшканню на акругу) – і гэта не самыя зручныя пункты для таго, каб да іх дабрацца. Для размяшчэння інфармацыйных друкаваных матэрыялаў адведзены ўчасткі для галасавання і ЖЭУ. Акрамя гэтага, расклеіць улёткі і сустрэцца з выбаршчыкамі можна будзе на прадпрыемствах – але толькі са згоды адміністрацыі.

Праблема местаў для агітацыі існуе ў Ляхавічах. Ляхавіцкі райвыканкам вызначыў сваім рашэннем, што месцы, дзе дазволена размяшчаць агітацыйныя матэрыялы па выбарах – гэта дошкі аб’яў, вітрыны (вокны) гарадскіх і сельскіх крамаў. Сустракацца кандыдатам з выбаршчыкамі можна, згодна з гэтым рашэннем, у дамах культуры горада і райаграсервісу, на стадыёне “Колас” і сельскіх клубах. Аднак далёка не ва ўсіх вёсках ёсць клубы, а ў такую гарачую пару людзі ў горад на сустрэчы паехаць не змогуць.

А вось у Горках кіраўнікі ўстаноў нават не ведаюць, што павінны забяспечыць магчымасць размяшчэння агітацыйных матэрыялаў кандытаў. Рашэнне райвыканкаму, у якім вызначаны месцы, дзе дазваляецца вывешваць агітацыйныя матэрыялы, застаецца “пад сукном” і не даведзена да кіраўнікоў арганізацыяў, на чыёй тэрыторыі існуюць такія месцы. Так, напрыклад, выконваючы абавязкі рэктара Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі спадар Валеры Сяргееў даў загад зняць плакаты кандыдата ў дэпутаты Андрэя Юркова з дошак аб’яваў у навучальных карпусах акадэміі. Калі ж кандыдат звярнуўся да яго па тлумачэнні з нагоды ягонага рашэння, то высветлілася, што спадар Сяргееў не ведае пра рашэнне райвыканкаму.

Папярэджанні кандыдатам

Акруговая выбарчая камісія Горацкай выбарчай акругі №81 вынесла папярэджанне кандыдату Андрэю Юркову. Нагодай для такога рашэння сталі некалькі агітацыйных плакатаў, якія былі вывешаны прыхільнікамі кандыдата па-за вызначанымі месцамі ў Мсціслаўлі і Горках. У той жа самы час, як ужо казалася вышэй, адпаведнае рашэнне райвыканкаму “засталося пад сукном” і не было даведзена да зацікаўленых суб’ектаў.

Атрымаў папярэджанне ад акруговай выбарчай камісіі сталічнай Чкалаўскай акругі №96 і Станіслаў Багданкевіч - ганаровы старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Яно вынесена за ўлётку, дзе на адным баку размешчана Пасланне Аб'яднаных дэмсіл, а на іншым - фотаздымак С.Багданкевіча, некалькі слоў пра яго, эмблема АГП, яе адрас і тэлефон. Улётка з'яўляецца тыповай: яна публікавалася і распаўсюджвалася таксама з выявамі іншых палітыкаў, якія прадстаўляюць ОДС. Нікому іншаму папярэджанне за гэта не выносілася.

Спосаб забеспячэння яўкі - “выкрэсліваць выбаршчыкаў па максімуму”

«Выкрэсліваць усіх па максімуму» - такую устаноўку «зверху» атрымоўваюць сябры ўчастковых камісіяў Менску, Бабруйску падчас праверкі спісаў выбаршчыкаў. Мясцовыя адміністрацыі такім чынам разлічваюць забяспечыць па сваіх акругах удзел у галасаванні неабходнай колькасці выбаршчыкаў. Напрыклад, такі вусны загад атрымала менская участковая выбарчая камісія № 161, створаная ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання Ленінскага раёна. Паводле атрыманай інфармацыі, сябрам камісіі загадана падчас абходу тэрыторыі ўчастка выкрэсліваць са спісаў як мага большую колькасць прозвішчаў  - і тых, хто выказвае нежаданне галасаваць, і тых, хто не хоча адчыняць дзверы, і тых, каго не засталі дома.

…і за ўсім гэтым працэсам сочаць назіральнікі

Усяго на гэты час акрэдытавана 616 нацыянальных і 205 міжнародных назіральнікаў. Міжнародныя прадстаўляюць 5 арганізацыяў: Выканкам СНД, Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі, Міжпарламенцкую асамблею СНД, Міжпарламенцкую асамблею ЕўрАзЭС и БДІПЧ АБСЕ. Сярод назіральнікаў — грамадзяне 27 дзяржаваў. Пры гэтым у Цэнтрвыбаркаме знаходзяцца заявы аб акрэдытацыі яшчэ 522 міжнародных назіральнікаў.

Сярод найбольш актыўных нацыянальных назіральнікаў ЦВК адзначае праваабаронцаў.

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства