Менск: Станіславу Багданкевічу вынесена папярэджанне
12 верасня Станіслаў Багданкевіч - прафесар, экс-кіраўнік Нацыянальнага банка, ганаровы старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі - атрымаў папярэджанне ад акруговай выбарчай камісіі.
Папярэджанне вынесена за ўлётку, дзе на адным баку размешчана Пасланне Аб'яднаных дэмсіл, а на іншым - фотаздымак С.Багданкевіча, некалькі слоў пра яго, эмблема АГП, яе адрас і тэлефон.
Улётка з'яўляецца тыповай: яна публікавалася і распаўсюджвалася таксама з выявамі іншых палітыкаў, якія прадстаўляюць ОДС. Нікому іншаму папярэджанне за гэта не выносілася. Такім чынам, Станіслава Антонавіча адзначылі асобна. Або жа проста выбарчая камісія сталічнай Чкалаўскай акругі №96 вырашыла "перебдеть".
Трэба нагадаць, што афіцыйнымі асобамі з Цэнтрвыбаркама давалася растлумачэнне: калі ў матэрыяле пра якога-небудзь палітыка не ідзе размова пра яго як пра кандыдата ў дэпутаты, не ўтрымліваецца заклікаў галасаваць за яго на выбарах - гэта не лічыцца перадвыбарчай агітацыяй. Нічога такога ва ўлётцы С.Багданкевіча няма. 'Няўжо партыя павінна спыняць працу на перыяд выбарчай кампаніі?' - здзіўляецца ганаровы старшыня АГП.
Адзначым, што ўлётка з партрэтам Станіслава Багданкевіча распаўсюджвалася ў ліпені, г.з. да рэгістрацыі З. Багданкевіча ў якасці кандыдата ў дэпутаты.