Улады лічаць МФ радыкальнай моладзевай групоўкай
У сераду ў Баранавіцкі РАЎС для дачы тлумачэньняў па выбуху ў Менску ў ноч з 3 на 4 ліпеня быў выкліканы моладзевы актывіст Яраслаў Грышчэня.
Як распавёў Яраслаў, яму задавалі ня толькі традыцыйныя пытаньні, дзе ён знаходзіўся ў час выбуху і ці валодае якой-небудзь інфармацыяй наконт падзей 4 ліпеня, але і запытвалі, ці датычны да выбуху лідэры Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч, Іван Шыла, Зьміцер Хведарук і Павал Красоўскі.
Нагадаем, менавіта кіраўнік Жодзінскай філіі Маладога Фронту Павал Красоўскі правёў 20 сутак за кратамі па падазрэньні ў арганізацыі выбухаў у Віцебску некалькі год назад.
У адказ Яраслаў Грышчэня напісаў заяву, што "Малады Фронт" ня мае ніякага дачыненьня да тэракту, а выбух у Менску – гэта дзяржаўная правакацыя.