viasna on patreon

Менскія жыхары працягваюць змаганьне супраць сумнеўнага будаўніцтва

2008 2008-06-23T13:59:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У гэтым паўночным раёне сталіцы працягваецца кампанія пратэсту жыхароў супраць сумнеўнага будаўніцтва паміж дамамі на вул. Гамарніка, 20 і Мірашнічэнкі, 10. Заплянаваны дом мае ўсе прыкметы элітнага жытла, хаця зямлю пад яго адводзілі без аўкцыёну, і ператварае прастору паміж іншымі дамамі ды садочкам санаторнага тыпу ў цёмны непрадзіманы калодзеж. Напярэдадні ўсе насельнікі дамоў атрымалі копіі адкрытага ліста аднаго зь лідэраў БНФ В.Вячоркі да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і гарадзкога савету, якія маюць прадстаўляць інтарэсы жыхароў раёну.

Сёньня адбыўся чарговы сход жыхароў, на якім былі вызначаныя адказныя за кірункі кампаніі пратэсту. На сходзе выступіў таксама Вінцук Вячорка, якога жыхары ўпаўнаважылі запрасіць на наступную сустрэчу і цяперашніх дэпутатаў. Вось як ён камэнтуе хаду падзеяў:

“Сярод жыхароў 900 кватэраў названых дамоў, інтарэсы і здароўе якіх закранае чарговая “ушчыльняльная забудова”, ня ўсе аднолькава актыўныя ў абароне сваіх жыцьцёвых інтарэсаў. Так, тут жыве нямала супрацоўнікаў БТ, але яны ня сьмеюць узьняць голас, бо ня маюць нічогна супольнага з свабоднай прэсай як “чацьвертай уладай”. Але знайшліся дзясяткі іншых: архітэктары й праўнікі, спэцыялісты жыльлёвай гаспадаркі ды інтэрнэтнікі (ужо створаны сайт gamarnika.org), проста добрыя арганізатары. Сёньня сабралася каля сотні чалавек, і сход адбыўся – нягледзячы на штармавую залеву. Жыхары вызначылі адказных за напісаньне наступных скаргаў і – што важна – за працу ў канкрэтных пад’ездах. Так фармуецца сапраўдная грамадзянская супольнасьць, зь якой нічога ня зможа зрабіць ані скарумпаваная ўлада, ані прыкрываны ёю агрэсіўны расейскі капітал. Я заклікаў жыхароў да аптымізму, прывёў прыклады, калі цьвёрдая пастава мясцовай грамады змушала ўлады адступіцца ад авантурных гешэфтаў. Я і БНФ у цэлым падтрымаем усе спосабы іхнае самаабароны ад самавольства ўладаў”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства