У Гомеле затрыманы кіраўнік мясцовай арганізацыі АГП Уладзімір Кацора
Апоўдні 13 лютага ў офісе Гомельскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі адбыўся ператрус. Міліцыянеры шукалі незаконна вырабленыя ўлеткі, у якіх распавядаецца пра тое, што днямі мясцовыя ўлады забаранілі сустрэчу жыхароў горада з лідэрам руху “За свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам.
Як паведаміў Рацыі актывіст дэмакратычнага руху Кастусь Жукоўскі, падставай дзеля ператрусу сталі ўлеткі, якія напярэдадні ў цэнтры гораду раздавалі мінакам актывісты дэмакратычнага руху Уладзімір Шумілін і Андрэй Аляшкевіч. У іх было канфіскавана каля тысячы ўлетак. Юнакі паказалі, што атрымалі ўлёткі з рук кіраўніка офісу АГП Уладзіміра Кацоры. Таму астатнія інфармацыйныя бюлетэні міліцыянеры вырашылі пашукаць у офісе АГП.
Аднак, паводле Жукоўскага, - безвынікова. Тым не менш, Уладзіміра Кацору затрымалі і даставілі ў Савецкі РАУС Гомеля. Ён падазраецца ў парушэнні парадка правядзення масавых мерапрыемстваў. За гэтае парушэнне актывісту АГП пагражае да 15 сутак арышту, альбо штраф у памеры да 30 базавых велічынь.
Затрыманыя юнакі ўжо аштрафаваныя на 30 базавых велічынь кожны.