Алесь Бяляцкі: “Толькі пасьля вызваленьня ўсіх палітзьняволеных можна будзе казаць пра нармалізацыю адносінаў паміж уладамі і іх палітычнымі апанентамі!”
Калегія Магілёўскага абласнога суду, разгледзеўшы 5 лютага касацыйную скаргу па справе Артура Фінкевіча скасавала пастанову Кастрычніцкага суду Магілёва ад 20 снежня аб пакараньні Артура Фінькевіча паўтара гадамі зьняволеньня.
Як паведамлялася раней, суддзя Ігар Прошка пастанавіў зьменшыць тэрмін пакараньня да 3 месяцаў, і з улікам часу знаходжаньня пад арыштам, вызваліць А.Фінкевіча з-пад варты.
Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека праваабаронца Алесь Бяляцкі каментуючы вызваленьне Артура Фінькевіча зазначыў, што “праваабаронцы задаволены разглядам касацыйнай скаргі па крымінальнай справе Артура Фінькевіча.
Вызваленьне Зьміцера Дашкевіча, Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Леонава, а сёньня вось і Артура Фінкевіча, сьведчаць пра пачатак станоўчых тэндэнцый на шляху да ўнармаваньня сітуацыі ў Беларусі. Аднак ніякага самазаспакаеньня ў беларускім грамадзтве не павінна быць, пакуль у турмах знаходзяцца палітычныя зьняволеныя Аляксандр Казулін і Андрэй Клімаў, у сьледчым ізалятары ўтрымліваецца моладзевы актывіст Андрэй Кім, а ў псіхбальніцах знаходзяцца Валеры Місьнікаў і Аляксандр Круты. Толькі пасьля іх вызваленьня можна будзе больш упэўнена казаць пра нармалізацыю адносінаў паміж уладамі і іх палітычнымі апанетамі!”.
У гэты час каля сьледчай турмы №4 сябры і паплечнікі Артура Фінькевіча чакаюць, калі яго канчаткова адпусьцяць на волю.