Міклашэвіч прапануе гуманізацыю заканадаўства
Генэральны пракурор Беларусі Пётар Міклашэвіч 16 студзеня адказаў на пытаньні журналістаў адносна гучных крымінальных справаў і працы Генэральнай пракуратуры за 2007 год.
Крымінальныя справы супраць былога дырэктара “Белнафтахіму” Аляксандра Бароўскага ўжо ў пачатку лютага пачне разглядаць Вярхоўны суд. Слуханьні будуць адкрытымі. Супраць Бароўскага заведзеныя тры крымінальныя справы: па артыкуле 210 «Крадзеж шляхам злоўжываньня займаемай пасадай» і 424 «Злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі». Апроч гэтага, вядзецца сьледзтва па артыкуле 375 «Разгалошваньне службовай таямніцы». Разам з тым, Бароўскі не кампэнсаваў страты, якія нанёс дзяржаве, калі знаходзіўся на высокай пасадзе.
Крыху іншая сытуацыя назіраецца ў крымінальнай справе супраць кіраўніцтва “Таёта-цэнтру”. Яны цалкам сплацілі дзяржаве нанесеныя страты, якія раўняліся 7 мільярдам рублёў. Справа супраць іх была заведзеная за ўхіленьне ад выплаты мыты пры ўвозе ў краіну трохсот аўтамабіляў. Пётар Міклашэвіч паведаміў, што абвінавачаныя зьвярнуліся да А.Лукашэнкі з просьбай аб вызваленьні ад крымінальнай адказнасьці. Пакуль адказу няма. Сьледзтва па гэтай справе ўжо скончаная, цяпер адбываецца азнаямленьне з матэрыяламі.
Што датычыць апошняй гучнай крымінальнай справы – дырэктара ўнітарнага прадпрыемства УП “Менскгаз” Віктара Меляшкевіча, то супраць яго высунутыя два абвінавачваньні: атрыманьне хабару і злоўжываньні службовых паўнамоцтваў. Па словах пракурора, Меляшкевіч браў хабар за “вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзілі ў яго кампэтэнцыю”.
КДБ працягвае расьсьледаваньне крымінальнай справы сьмерці беларускіх лётчыкаў у Самалі. Ужо дакладна вядома, што адбыўся тэракт, але пакуль не атрымліваецца знайсьці яго выканаўцаў. Беларускія спэцслужбы спадзяюцца на дапамогу амэрыканцаў, якія нібыта вялі здымкі тых мясьцін са спадарожніка.
Пракуратура працягвае расьсьледаваньне крымінальных спраў па фактах зьнікненьня вядомых беларускіх палітыкаў і журналістаў, але ніякай новай інфармацыяй яны цяпер не валодаюць. Адносна лістоў Валер’я Ігнатовіча да Лукашэнкі з просьбай аб пераглядзе ягонай справы, то генэральны пракурор упэўнены: няма нічога, што б ставіла прысуд пад сумнеў.
Пётар Міклашэвіч паведаміў, што ў суд накіраваны матэрыялы трэцяга этапу сьледзтва па бандзе Марозава. Разам з тым, у пракуратуры ўзьнікаюць праблемы з экстрадыцыяй злачынцаў у Беларусь. Некалькіх фігурантаў справы Марозава ня могуць экстрадзіраваць з Расеі, бо яны просяць там грамадзянства.
Таксама Генэральная пракуратура супольна зь Вярхоўным судом распрацавалі законапраект, накіраваны на “гуманізацыю” артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Цяпер вынікі гэтай працы накіраваныя ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Па словах Міклашэвіча, гэты праект дазволіць больш адэкватна падыходзіць да мераў пакараньня злачынцаў. Міклашэвіч паведаміў, што 90% злачынстваў у Беларусі не прадстаўляюць значнай грамадзкай небясьпекі, таму будуць больш шырока прымяняцца эканамічныя санкцыі, а не пазбаўленьне свабоды. Дарэчы, на сёньняшні момант у беларускіх турмах знаходзіцца 30 тысяч чалавек.
Генэральнай пракуратурай створаная база дадзеных па злачынствах і правапарушэньнях грамадзян. Зьвесткі з базы дадзеных могуць выкарыстоўваць толькі супрацоўнікі адпаведных органаў, якія расьсьледваюць пэўныя справы. Па словах Міклашэвіча, толькі па адміністрацыйных праванарушэньнях сабрана дасье на 1 мільён 200 тысяч чалавек.
Напрыканцы прэс-канфэрэнцыі Пётар Міклашэвіч абверг чуткі, што напрыканцы мінулага году ён пісаў А.Лукашэнку рапарт з просьбай вызваліць яго з пасады. “Гэта няпраўда”, – сказаў генпракурор.