viasna on patreon

Кацярына Салаўёва: «Усё адбывалася як у крымінальным серыяле»

2007 2007-11-28T11:18:12+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведамляла Хартыя’97, у нядзелю ўвечары ў Полацку была затрыманая актывістка “Маладога Фронту” Кацярына Салаўёва. Дзяўчыну схапілі на вуліцы невядомыя людзі ў штацкім і гвалтоўна адвезьлі ў міліцыю. Пра акалічнасьці свайго затрыманьня кажа прэс-службе “Маладога Фронту” сама пацярпелая.

«Я ішла на сустрэчу, праходзіла каля полацкага гарвыканкаму, як раптам аднекуль выбеглі мужчыны ў штацкім і без якіх-небудзь тлумачэньняў павалілі мяне на зямлю, некалькі разоў ударылі, растрэсьлі мой заплечнік, знайшоўшы балёнік з фарбаю, размалявалі ёю маю куртку!

Усё адбывалася як у крымінальным серыяле: мяне з заламанымі рукамі трымалі на зямлі, пакуль не пад’ехала міліцэйская машына. Ужо потым, у пастарунку, я даведалася, што мяне вінавацяць у нанясеньні надпісу “Малады Фронт! Нас не спыніць!”, які быў намаляваны на полацкім гарвыканкаме яшчэ некалькі дзён назад.

У выніку мяне пратрымалі каля 5 гадзін у пастарунку, сканфіскавалі ўсе рэчы, склалі пратакол, дарэчы некалькі разоў яго перапісвалі і ў рэшце рэшт не далі мне яго паглядзець. У пастарунку прысутнічалі і супрацоўнікі КДБ, якія запрасілі мяне ўдзень на неафіцыйную сустрэчу, я адмовілася.

Ва універсітэце я даведалася, што ў дэканат тэлефанавалі з КДБ з патрабаваньнем мяне выключыць, але пропускаў у мяне няма – значыць афіцыйнай пастановы быць ня можа. Зразумела, я буду пісаць скаргу на тых, хто мяне затрымліваў. Дарэчы, некалькі дзён назад на тым жа самым месцы па тым самым сцэнары быў затрыманы Алесь Круткін. Яго таксама абвінавацілі ў “пашкоджаньні дзяржаўнай маёмасьці”, суд будзе праз некалькі тыдняў», - распавяла Кацярына Салаўёва.

Акрамя гэтага, дзяўчына паведаміла, што ёй пагражалі распачаць супраць яе крымінальную справу з-за таго, што на мінулым тыдні невядомымі быў сьцягнуты з полацкай пракуратуры чырвона-зялёны сьцяг і там жа быў спалены.

Нагадаем, што за апошні месяц над полацкім гарвыканкамам 3 разы вітаў был-чырвона-белы сьцяг, а ў горадзе было нанесены больш за сотню надпісаў “Малады Фронт”, Жыве Беларусь!”, “Свабоду палітвязьням!” і іншыя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства