Падчас акцыі пратэсту ў цэнтры Менску пацярпелі як найменей трое журналістаў (Радыё Свабода)
Пра гэта паведаміла Радыё Свабода. На рагу праспэкту Скарыны й вуліцы Энгельса АМОН, апрача ўдзельнікаў дэманстрацыі, затрымаў і кінуў у аўтобус фотакарэспандэнта “Associated Press” Сяргея Грыца. Пасьля таго, як у рэстаран “Патыё піцца” зацягнулі лідэра АГП Анатоля Лябедзьку, там жа кінулі на падлогу й зьбілі апэратара НТВ Канстанціна Марозава, пасьля чаго выкінулі на вуліцу. На ягоным ілбе была кроў, дарагая тэлекамэра разьбітая.
Карэспандэнт Радыё Свабода Юры Сьвірко запісаў інтэрвію са спадаром Марозавым і ўбачыў, што за ім стаіць супрацоўнік службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі.
Пасьля таго, як карэспандэнт задаў толькі адно пытаньне Лукашэнкаваму ахоўніку з просьбай пракамэнтаваць сытуацыю, той ударыў Юрыя Сьвірко ў жывот. Людзі навокал паспрабавалі стрымаць ахоўніка, але той нанёс удар адной зь дзяўчын, якая была побач, пасьля чаго зьбег у бок прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі.