Праваабаронца Алесь Бяляцкі, віце-прэзідэнт Міжнародный федэрацыі правоў чалавека FIDH, рэзка асуджае ганебны прысуд і зьняволеньне вядомага беларускага палітыка і публіцыста Андрэя Клімава
Актыўны апанент дзеючай улады Андрэй Клімаў, які раней ужо двойчы адбываў зьняволеньне па палітычных матывах, быў арыштаваны 3 красавіка 2007 году за публікацыю артыкула “Revolution forever или Как правильно свежевать цыганского кабана в год свиньи”, разьмешчанага 25 студзеня 2007 г. на інтэрнэт-сайце Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Пракуратурай была ўзбуджана крымінальная справа па арт.361 ч.3 КК РБ "Заклікі да дзеяньняў, накіраваныя на прычыненьне шкоды зьнешняй бясьпецы Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы, зьдзейсьненыя з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі". 7 верасьня 2007 г.стала вядома, што крымінальная справа ў дачыненьні да Андрэя Клімава была разгледжана судом Цэнтральнага раёну Менску яшчэ 30 ліпеня-1 жніўня. Судзьдзя Алена Ільіна прызнала палітыка і публіцыста віноўным ў прад’яўленым абвінавачаньні і пакарала 2 гадамі зьняволеньня ў калоніі строгага рэжыму.
Варта адзначыць, што прысуд па арт. 361 КК РБ выносіўся ўпершыню, тым больш за публікацыю менавіта ў інтэрнэце. Уплывовая праваабарончая арганізацыя “Amnesty International” прызнала апазіцыйнага лідэра Андрэя Клімава Вязьнем сумленьня.
Віцэ-прэзідэнт Міжнародный федэрацыі правоў чалавека FIDH Алесь Бяляцкі лічыць зьняволеньне Андрэя Клімава беспадстаўным і рэзка асуджае ганебны прысуд, вынесены на падставе літаратурнага твора:
“Сам па сабе і суд, і вынесены прысуд на падставе 361 артыкулу Крымінальнага кодэксу зьяўляюцца поўным абсурдам. Калі прачытаць зьмешчаны на сайце артыкул, то адразу становіцца зразумелым, што ён абсалютна не адпавядае прад’яўленым Андрэю Клімававу абвінавачаньням, таму што сам па сабе артыкул зьяўляецца не праграмай да дзеяньня і нават не публіцыстычным творам, а пэўным палітычным літаратурным пэрфомансам.
Тут можна правесьці паралель з вершам “Убей президента”, напісаным Славамірам Адамовічам 10 год таму, за які ён таксама 8 месяцаў правёў у СІЗА, хаця абсалютна было зразумела, што гэты верш быў літаратурнай правакацыяй.
У выпадку з Андрэям Клімавым гэта – публіцыстычная фэнтазі, нават, я б сказаў, публіцыстычная фантасмагорыя, дзе існуюць прозьвішчы рэальных палітыкаў – Лукашэнкі, Івашкевіча, Вячоркі, Лябедзькі, аднак сама па сабе канва апісаньня настолькі адарваная ад рэальнага жыцьця, ад рэальнага палітычнага працэсу, што яго можна ўспрымаць толькі як літаратурны твор. Так, артыкул “Revolution forever или Как правильно свежевать цыганского кабана в год свиньи” дастаткова правакацыйны ў добрым сэнсе гэтага слова, нечаканы і разам з тым таленавіты, бо ў ім ёсьць досыць цікавыя думкі, афарыстычныя меркаваньні, але ўсё гэта, паўтаруся, ня мае ніякага дачыненьня да сучаснага палітычнага працэсу і грамадзкага жыцьця ў краіне. Я, як прафесійны літаратуразнаўца, сьцьвярджаю, што гэта на 100 адсоткаў літаратурны твор. Акрамя таго, сыходзячы з ўсяго раней напісанага Андрэем Клімавым, трэба адзначыць, што дадзены артыкул характэрны для ягонай творчасьці – дастаткова пачытаць папярэднія кніжкі, і я не бачу, каб ён выбіваўся з таго, што было напісана ім за апошнія 5 гадоў. І неразуменьне гэтага, падгонка літаратурнага твора пад крымінальны артыкул прывяла ўлады да такога ганебнага прысуду. Гэта тое самае, што прыцягваць людзей да крымінальнай адказнасьці за песьню ці за мультфільм, карыкатуру. Ужо двойчы на нашай памяці фактычна за літаратурны твор судзяць творцаў. І калі Славаміра Адамовіча, залічыўшы яму адседзеныя ў СІЗА месяцы, выпусьцілі, бо самім уладам стала няёмка – было зразумела, што верш “Убей президента” літаратурны твор, такая літаратурная карыкатура, зробленая ў форме расейскіх прыпевак, то выпадак з асуджэньнем Андрэя Клімава проста беспрэцэдэнтны.
Дарэчы, у судзе ў якасьці доказаў віны павінна была фігураваць літаратуразнаўчая экспертыза, і тут мяне вельмі цікавіць, хто яе праводзіў, якія былі зроблены высновы і г.д. Нажаль, мы нічога пра гэта ня ведаем.
Таму ў сувязі з вынясеньнем прысуду, я падкрэсьліваю, што сьледчыя органы і тыя, хто “заказваў” гэтую судовую справу, адназначна прадэманстравалі свой непрафесіяналізм.Цалкам відавочна, што сама крымінальная справа была зроблена пад палітычны заказ. Тут згадваюцца мульцікі пра Лукашэнку, калі таксама была ўзбуджана крымінальная справа, толькі па іншым артыкуле – за паклёп на прэзідэнта. І за ўсе гэтыя творчыя рэчы, дастаткова мала зьвязаныя з рэчаіснасьцю: верш, мульцікі, публіцыстычны твор, – людзі падвяргаюцца перасьледу. Гэта ёсьць грубейшае парушэньне правоў чалавека з боку дзяржавы і з боку пэўных людзей.
Яшчэ раз хачу падкрэсьліць, што справа Андрэя Клімава заказная, бо самой пракуратуры ў галаву ніколі б не прыйшло на падставе публіцыстычнага матэрыялу ўзбуджаць крымінальную справу, а менавіта знайшоўся чалавек, які страшна пакрыўдзіўся за гэты твор. Аднак ставіцца да мастацкага твору як да чагосьці, што можа неяк рэальна шкодзіць ці пагражаць дзяржаве, трэба быць вельмі і вельмі падазроным і недалёкім чалавекам. У дадзеным выпадку відавочна проста неадпаведнасьць зробленага і меры пакараньня, гэта проста розныя рэчы.
Даведка:
Дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, палітвязень Андрэй Клімаў у 2005 г стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі ў вобласці абароны правоў чалавека, утворанай Аргкамітэтам Хартыі’97, у намінацыі “За асабістую мужнасць пры абароне правоў чалавека”.
Раней Андрэй Клімаў правёў 4 гады за кратамі па абвінавачаньню ў эканамічных злачынствах, а таксама быў асуджаны на 15 месяцаў абмежаваньня волі за арганізацыю вулічных акцыяў пратэсту на Дзень Волі ў 2005 г.
Андрэя Клімава таксама абвінавачвалі ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку: у 2005 годзе крымінальную справу за паклёп на прэзыдэнта разглядалі ў Першамайскім раённым судзе Менску за зачыненымі дзьвярыма, але суд вярнуў справу на дапрацоўку.
У жніўні 2005 годзе Мінская гарадская пракуратура ўзбудзіла супраць стваральнікаў сатырычных флэш-мультфільмаў палітычнага зьместу, зьмешчаных на сайце ініцыятывы “Трэці шлях”, крымінальную справу па ч. 2 арт. 367 "Паклёп ў дачыненьні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Славамiр Адамовiч — паэт-„правакатар", палiтычны вязень рэжыму Лукашэнкi, які 10 месяцаў (4.04.96-7.02.97) правёў у турме. У 1997 годзе на мiтынгу ў абарону свабоды слова ў знак пратэсту супраць палiтыкi ўладаў публiчна зашыў сабе рот.