Дзяржаўнае агенцтва навін працягвае парушаць Выбарчы кодэкс, публікуючы агітацыю за Лукашэнку з вуснаў замежнікаў.
Пра гэта паведамляе Радыё Свабода. Хаця Выбарчы кодэкс наўпрост забараняе замежным грамадзянам браць удзел у агітацыі падчас выбараў і рэфэрэндуму, дзяржаўнае агенцтва БелТА на сваім інтэрнэт-сайце ў вольным доступе, а таксама ў розных газэтах па-ранейшаму публікуе заклікі замежнікаў галасаваць за Аляксандра Лукашэнку.
У гэты чацьвер, 14 кастрычніка, БелТА падало выказваньні расейскага грамадзяніна Жарэса Алфёрава, ляўрэата Нобэлеўскае прэміі, які заявіў: “Дзякуючы тытанічнай працы прэзыдэнта Беларусь аказалася адзінай сярод рэспублік былога Саюзу, якая не дала разрабаваць агульнанародную ўласнасьць…” Спадар Алфёраў накіраваў Аляксандру Лукашэнку пасланьне, у якім нагадаў пра саюзную дзяржаву Беларусі й Расеі ды сказаў: “Упэўнены ў Вашай – нашай агульнай перамозе”.
Праз паўтары гадзіны пасьля гэтай інфармацыі БелТА працытавала Парвіза Маддаха, дырэктара ірана-беларускага прадпрыемства “МАЗІран”, які сказаў пра спадара Лукашэнку, што той – “рэальная, выключна палітычная фігура, якой цяжка знайсьці годную замену”, кіраўнік зь вялізным досьведам, а “досьвед – вялікая справа”.
Цэнтрвыбаркам дагэтуль не пракамэнтаваў паводзіны агенцтва БелТА, якое апублікавала ўжо дзясяткі такіх матэрыялаў з агітацыяй з боку замежных грамадзянаў.