15 кастрычніка, акруговая камісія скасавала рэгістрацыю кандыдата БНФ па Аўтазаводзкай акрузе № 94 у Менску, намесьніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча.
Аляксею Янукевічу на сёньняшнім паседжаньні камісіі пад старшынствам спадара Падаляка было вынесенае другое папярэджаньне за нібыта распаўсюд улётак “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”. Заяву аб гэтым падалі грамадзянін Бабіцкі і другая асоба, якая прасіла не называць сваё прозьвішча. Першае папярэджаньне кандыдату раней было вынесенае па гэтым жа самым артыкуле.
“Мы ня маем пакуль пратакола на руках, але фармулёўка, я думаю, будзе “прыцягненьне дадатковых сродкаў пры агітацыі і перавышэньне накладу”, -- паведаміла давераная асоба кандыдата Андрэй Саротнік. -- Нам "прышылі", што мы быццам бы распаўсюджвалі “пяцёрачныя” ўлёткі, друкаваныя ў Томску ці Омску".
Рашэньне акруговай камісіі будзе абскарджанае ў Цэнтральнай каміс іі па выбарах.
Прэс-група Партыі БНФ