viasna on patreon

Праваабарончы цэнтр “Вясна” Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аналіз і папярэднія высновы этапу вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты

2004 2004-10-08T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
Аналіз і папярэднія высновы этапу вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты

Раздзел І Грамадска-палітычная сітуацыя

За перыяд часу, які прайшоў з моманту абвяшчэння выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, грамадска-палітычная сітуцыя ў краіны працягвала пагаршацца.
У першую чаргу гэта звязана з супрацьдзеяннем выканаўчых уладаў перадвыбарчай актыўнасці палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і грамадзян краіны. Але асноўнай прычынай узмацнення ціску на грамадзян краіны і структуры грамадзянскай супольнасьці з’явілася абвяшчэнне А. Лукашэнкам 7 верасня 2004 года агульнанацыянальнага рэферэндума аб унясенні зменаў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і магчымасці для яго балатавацца на трэці тэрмін на прэзідэнціх выбарах 2006 года.
Працягваўся крымінальны і адміністратыўны пераслед актывістаў апазіцыйных дэмакратычных партый, незалежных прафсаюзаў і НДА, маладзёжных нефармальных груп, прадпрымальніцкага руху.
7 верасня 2004 г. вынесены прысуды па крымінальных справах старшыні агульнарэспубліканскага страйкаму Валерыя Леванеўскага і ягонага намесніка Аляксандра Васільева па ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, звязаная з абвінавачаннем у здзяйсненні цяжкага злачынства). Абодва, згодна з прысудам, вынесеным Ленінскім судом г. Гродна, асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Працягваецца ўтрыманне ў следчым ізалятары КДБ вядомага грамадскага і палітычнага дзеяча, былога міністра знешнеэканамічных сувязяў, Надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі Міхаіла Марыніча. Тэрміны знаходжання пад вартай М.Марыніча пастаянна працягваюцца органамі, якія вядуць следства, і прад’яўляюцца новыя абвінавачанні.
Шырока выкарыстоўваліся адміністратыўныя затрыманні і арышты ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў. Так, 1 верасня супрацоўнікі міліцыі разагналі пікет, які быў наладжаны маладзёжнай студэнцкай арганізацый “Задзіночанне беларускіх студэнтаў” і навучэнцамі ліквідаванага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю. Працягваліся затрыманні актывістаў моладзевых рухаў “Зубр” і “Малады Фронт”. У дзень абвяшчэння рэферэндуму на Кастрычніцкай плошчы ў г. Мінску за пратэстны выкрык супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы Зміцер Дашкевіч, удзельнік каліцыі “Маладая Беларусь”, якія вылучаўся у кандыдаты ў дэпутаты па Купалаўскай выбарчай акрузе г. Мінска, і асуджаны на 10 сутак адміністратыўнага арышту.
Рэзка ўзмацніўся ціск прадстаўнікоў выканаўчай улады на асобаў, якія вырашылі вылучацца ў якасці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад дэмакратычных палітычных партый, незалежных кандыдатаў, сяброў іх ініцыятыўных груп, выбаршчыкаў, які паставілі свае подпісы за іх вылучэнне.
Па ўсёй краіне працоўныя і служачыя дзяржаўных прадпрыемстваў масава пераводзіліся на кантрактную сістэму працы. Дзеля гэтага Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь быў выдадзены спецыяльны загад кіраўнікам міністэрстваў і выканаўчай “вертыкалі”, дзе ўказвалася на персанальную адказнасць за невыкананне дадзенага “даручэння прэзідэнта”. Усеагульная кантрактызацыя напярэдадні выбараў і рэферэндума стварае глебу для ціску на працоўных, масавых парушэнняў правоў выбаршчыкаў, прымусу падчас датэрміновага галасавання, іншых маніпуляцый і фальсіфікацый.
Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь працягвала аказанне ціску на палітычныя партыі, якія заключылі пагадненне аб сумесных дзеяннях у межах Грамадзянскай ініцытывы “Народная кааліцыя 5+”. 1 ліпеня Мінюст вынес папярэджанні чатыром партыям – Партыі БНФ, АГП, БСДГ і ПКБ за нібыта арганізацыю 10 чэрвеня 2004 г. несанкцыяніраванага пікета “Ланцуг неабыякавых чытачоў” у абарону газеты “Народная воля”. Адначасова чатыры гэтыя партыі атрымалі лісты з Мінюсту з патрабаваннем “юрыдычна аформіць (інстытуцыяналізаваць) дзейнасць “Народнай кааліцыі “5+”, паколькі, “згодна тлумачальнага слоўніка рускай мовы С.І. Ожэгава і Н.Ю.Шведавай, кааліцыя – гэта аб’яднанне, саюз (дзяржаў, партый) дзеля дасягнення агульнай мэты”. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь, гаварылася ў лісце Мінюсту, дазваляе ствараць саюзы (асацыяцыі) партый, грамадскіх аб’яднанняў і іншых юрыдычных асоб, а дзейнасць незарэгістраваных саюзаў (асацыяцый) забаронена. Адначасова было прапанавана партыям прыпыніць свой удзел у незарэгістраваным фармаванні да вырашэння пытання аб ягонай рэгістрацыі, інакш, як папярэдзіла Міністэрства юстыцыі, яно будзе разглядаць удзел партый у вышэйзгаданым аб’яднанні як “грубае парушэнне заканадаўства аб палітычных партыях”.
Усе чатыры партыі абскардзілі дадзенае рашэнне ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь. З 23 па 31 жніўня праходзіў разгляд скаргі Партыі БНФ аб адмене вынесенага Мінюстам папярэджаньня, 25 і 26 жніўня – аналагічны працэс па скарзе Аб’яднанай грамадзянскай партыі, 27 жніўня – Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, з 31 жніўня па 7 верасьня -- працэс па скарзе Партыі камуністаў Беларускай. Нягледзячы на довады прадстаўнікоў партый, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь пакінуў скаргі ўсіх палітычных партый без задавальнення, а папярэджанні Міністэрства юстыцыі ў сіле.
2 верасня Міністэрства юстыцыі праз дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА распаўсюдзіла патрабаванне да палітычных партый неадкладна спыніць дзейнасць ад імя Кааліцыі “5+” ці зарэгістраваць яе, заклікала АГП і Партыю БНФ прытрымлівацца Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах”. Міністэрства юстыцыі папярэджвала палітычныя партыі, што ў выпадку працягу ігнаравання ўказанняў рэгіструючага органа, здзяйснення палітычнай партыяй паўторнага на працягу года парушэння дзеючага заканадаўства, Мінюст згодна з артыкулам 35 Закона “Аб палітычных партыях”, “прыме адпаведныя меры па падтрыманні ў рэспубліцы парадку і дэмакратычнай законнасці”.
Па ўсёй краіне упраўленні юстыцыі аблвыканкамаў распачалі праверкі арганізацыйных структур дэмакратычных партый – Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), Партыі БНФ і інш. Напрыклад, 21 верасня распачата па-запланавая праверка ўсіх зарэгістраваных ці пастаўленых на ўлік арганізацыйных структур Партыі БНФ. У гэты ж дзень Сойм Партыі БНФ атрымаў ліст з Міністэрства юстыцыі за подпісам міністра В.Р. Галаванава, у якім гаварылся, што “у сувязі са службовай неабходнасцю” Сойму Партыі БНФ у трохдзённы тэрмін неабходна прадставіць усе дакументы, датычныя з’езда, на якім адбывалася вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Партыя БНФ ужо прадастаўляла дакументы па запыце Міністэрства юстыцыі непасрэдна пасля заканчэння з’езду і таму расцаніла гэтыя масавыя праверкі як прамы ціск.
Імкненне ўладаў знішчыць незалежныя структуры грамадзянскай супольнасці праявілася праз наступ на няўрадавыя арганізацыі, і перш за ўсё праз падачу іску Міністэрствам юстыцыі ў Вярхоўны Суд аб ліквідацыі найбуйнейшай у Беларусі праваабарончай арганізацыі – Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі Хельсінкскі камітэт”. Паведамленне аб пачатку працэса ліквідацыі БХК было распаўсюджана праз дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА 16 верасня. Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, падставамі для ліквідацыі РГА “БХК” сталі “сістэматычныя і грубыя парушэнні арганізацыяй дзеючага заканадаўства”, а таксама тое, што БХК распаўсюдзіў зварот да грамадзянаў краіны “з заклікам ігнараваць прыняты ў адпаведнасці з Канстытуцыяй указ прэзідэнта аб правядзенні рэспубліканскага рэферендума, заклікаў урад, Цэнтравыбаркам, мясцовыя выканаўчыя органы не выконваць заканадаўства страны.” Па меркаванні Міністэрства юстыцыі, гэтымі дзеяннямі РГА “БХК” парушыла арт. 5, 52, 53 Канстытуцыі, арт.4, 5 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях”. Зыск звязаны з тым, што напярэдадні Беларускі Хельсінкскі камітэт, скарыстаўшы сваё законнае канстытуцыйнае права, звярнуўся з іскам у Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем прызнаць неправамоцнымі дзеянні прэзідэнта па прызначэнні рэферэндума і прызнаць Указа прэзідэнта № 431 аб прызначэнні рэферэндума неадпавядаючым Канстытуцыі і іншаму заканадаўству краіны. Менавіта гэта і стала падставай для падачы іска аб ліквідацыі аб’яднання.
Працягваўся ціск уладаў на незалежныя сродкі масавай інфрамацыі. Напярэдадні абвешчання рэферэндуму Міністэрства інфармацыі прыпыніла на тры месяцы выхад 6 незалежных выданняў. Таксама назіраліся факты забароны на распаўсюд зарэгістраваных незалежных газет у дзяржаўных крамах. За артыкул, прысвечаны абвешчанаму рэферэндуму, галоўны рэдактар незалежнай гродненскай газеты “Биржа информации” Алена Раўбецкая аштрафавана на 70 базавых велічыняў згодна з ч.10 арт. 172 КаАП РБ (распаўсюд звестак, якія ганьбяць гонар і годнасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).
У той жа час у афіцыйных, найперш электронных сродках масавай інфармацыі, працягвалася моцная прапагандысцкая кампанія, скіраваная на дыскрэдытацыю палітычных апанентаў рэжыма.
Адначасова шырока ўжываліся затрыманні і прыцягненні да адміністратыўнай адказнасці ў адносінах да распаўсюднікаў альтэрнатыўнай інфармацыі праз незарэгістраваныя выданні, ўлёткі і іншую друкаваную прадукцыю.
Выклікае асаблівую занепакоенасць утойванне ад грамадства інфармацыі, датычнай выбарчага працэса, яе закрытасць. Так, мясцовыя дзяржаўныя газеты, у якіх павінны быць апублікаваны склады ўчастковых выбарчых камісій, шмат дзе выйшлі ў выглядзе спецвыпускаў малымі накладамі, іх не атрымалі падпісчыкі, іх немагчыма купіць ці знайсці ў бібліятэках.
Такім чынам, улады не прынялі неабходных захадаў для стварэння клімату даверу ў грамадстве, працягвалі аказваць ціск на палітычных апанентаў, стварылі ўмовы для магчымасці фальсіфікацыі вынікаў выбараў і рэферэндума.

Раздзел ІІ Дэкрэт аб сябрах Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голаса

3 верасня 2004 года быў выдадзены Дэкрэт прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 7 “Аб сябрах Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў з правам дарадчага голасу пры правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трэцяга склікання”.
Палажэннямі дадзенага Дэкрэту палітычным партыям, якія вылучылі сваіх кандыдатаў у дэпутаты, надаецца права накіраваць па адным прадстаўніку ў склад Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь з правам дарадчага голаса. Мэтай дадзенага Дэкрэту было заяўлена «забеспячэнне больш шырокага ўдзелу палітычных партый у выбарчай кампаніі».
Згодна з п. 2.4 Дэкрэта, сябра Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу мае права:
уносіць прапановы ў парадак дня паседжання Цэнтральнай камісіі па пытаннях, якія ўваходзяць у яе кампетэнцыю, і патрабаваць правядзення галасавання па іх;
выступаць на паседжаннях Цэнтральнай камісіі;
задаваць удзельнікам паседжання Цэнтральнай камісіі пытанні ў адпаведнасці з парадкам дня і атрымліваць на іх адказы.
Згодна з п.2.5. Дэкрэта, сябра Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу не мае права:
удзельнічаць у праверках, якія праводзіць Цэнтральная камісія, у галасаванні пры прыняцці камісіяй рашэнняў;
даваць растлумачэнні і ўказанні, рабіць паведамленні ад імя Цэнтральнай камісіі.
Згодна з п. 2.6. Дэкрэта, паўнамоцтвы сябра камісіі с правам дарадчага голаса могуць быць датэрмінова спыненыя: па яго заяве; па рашэнні рэспубліканскага кіруючага органа палітычнай партыі; па рашэнні Цэнтральнай камісіі пры выбыцці з выбарчых акругаў усіх кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, вылучаных палітычнай партыяй; пры здяйсненні сябрамі камісіі з правам дарадчага голаса дзеянняў, якія дэскрэдытуюць Цэнтральную камісію ці перашкаджаюць яе працы.
Такім чынам, сябры камісіі з правам дарадчага голасу маюць даволі абмежаваныя паўнамоцтвы. Асабліва варта адзначыць, што яны не маюць права ўдзельнічаць у праверках, якія праводзіць Цэнтральная камісія. Разам з тым, удзел у правядзенні такіх праверак з’яўляецца асабліва важным, калі справа датычыць выяўленых грубых парушэнняў выбарчага заканадаўства, супярэчнасцяў у пратаколах участковых і акруговых камісій, калі стаіць пытанне аб правядзенні паўторнага падліку галасоў, прызнанні выбараў неадбыўшыміся ці несапраўднымі. Таксама ў пераліку правоў сяброў Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу адсутнічае права азнаямлення з дакументамі, якія паступілі ў Цэнтральную камісію, у тым ліку па выніках праверак. Гэта пазбаўляе прадстаўнікоў палітычных партый у Цэнтральнай камісіі доступу да інфармацыі, якая можа мець важнае значэнне пры разглядзе скаргаў кандыдатаў, пытанняў, датычных магчымых маніпуляцый падчас выбараў і падліку галасоў і г.д. У той жа час фармулёўкі п. 2.6. Дэкрэта дазваляюць іх шырокае трактаванне і пакідаюць магчымасці для неабгрунтаванага пазбаўлення паўнамоцтваў сябра Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу.

Раздзел ІІІ
Вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты

Згодна з Каляндарным планам, зацверджаным Цэнтральнай камісіяй, этап вылучэння кандыдатаў у дэпутаты пачаўся за 70 і скончыўся за 40 дзён да дня выбараў, што значыць з 8 жніўня па 6 верасьня ўключна. Не пазней за 6 верасня (уключна) палітычнымі партыямі, працоўнымі калектывамі, ініцыятыўнымі групамі ў акруговыя камісіі былі прадстаўлены дакументы, неабходныя для рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. На працягу 10 дзён, з 7 па 16 верасня ўключна, акруговыя камісіі праводзілі праверку адпаведнасці вылучэння кандыдатаў у дэпутаты патрабаванням Выбарчага кодэкса і рэгістрацыю кандыдатаў.
Працэдура вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь рэгулюецца палажэннямі Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь і Пастановамі Цэнтральнай камісіі.
У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца шляхам збору подпісаў грамадзянаў, шляхам вылучэння ад палітычных партый і вылучэннем ад працоўных калектываў.
Усяго было вылучана 692 прэтэндэнты ў кандыдаты, з іх зарэгістравана – 359 (51,88%), адмоўлена ў рэгістрацыі 312 (45,09%), частка прэтэндэнтаў адмовілася ад удзелу ў выбарах.

1. Вылучэнне кандыдатаў шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў

Збор подпісаў грамадзянаў ініцыятыўнымі групамі пачаўся з моманту іх рэгістрацыі. Парадак збору подпісаў выбаршчыкаў, завярэнне іх сябрамі ініцыятыўных груп, праверкі іх дакладнасці рэгулюецца ч. 5, 6, 7, 8 , 9 арт. 61, арт. 67 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
26 жніўня 2004 г. Цэнтральная камісія прыняла Пастанову № 63 “Аб растлумачэнні прымянення палажэння Выбарчага кодэкса, якое прадугледжвае ўказанне ў падпісным лісце серыі і нумару пашпарта выбаршчыка”. Згодна з выдадзенай Пастановай, у графе падпіснога ліста ўказваецца нумар і серыя пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь узору 1996 года. Згодна з дадзенай Пастановай, калі ў графе падпісного ліста ўказаны серыя і нумар пашпарту грамадзяніна СССР узору 1974 года ці пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь узору 1993 года, такі подпіс прызнаецца несапраўдным.
Трэба адзначыць, што Пастанова Савета Міністраў “Аб абмежаванні тэрміна дзеяння пашпарта грамадзяніна СССР узору 1974 і пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь узора 1993 года” № 1492 была выдазена яшчэ 29.10.2002 г. У сувязі з гэтым Пастанова Цэнтральнай камісіі павінна была быць выдадзена яшчэ да пачатку этапа збору подпісаў, а не ў час, калі этап збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі падыходзіў да свайго завяршэння. Такое запозненае растлумачэнне па запаўненні падпісных лістоў магло прывесці да памылак пры зборы подпісаў ініцытыўнымі групамі.
Парадак праверкі даставернасці падазеных для рэгістрацыі ў якасці кандыдата дакументаў і сабраных подпісаў рэгулюецца палажэннямі Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама на падставе распрацаваных Цэнтральнай камісіяй метадычных рэкамендацый для працы акруговых камісій.
Згодна з ч. 12, 14, 15 арт. 61 і ч.2 арт. 67 Выбарчага кодэкса, несапраўднымі подпісамі прызнаюцца:
фіктыўныя подпісы (подпісы, выкананыя ад імя неіснуючых асобаў, якія выдаюцца за існуючыя);
подпісы выбаршчыкаў, выкананыя ад імя розных асобаў адной асобай;
подпісы асобаў, не валодаючых выбарчым правам;
подпісы выбаршчыкаў, якія ўказалі ў падпісным лісце дадзеныя, не адпавядаючыя рэчаіснасці;
подпісы выбаршчыкў, якія сабраны да ўстаноўленага тэрміну вылучэння кандыдатаў;
подпісы выбаршчыкаў пры адсутнасці аднаго ці некалькіх дадзеных, якія патрабуюцца Выбарчым кодэксам;
подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць не ў адным населеным пункце, а ў гарадах з раённым падзелам – не ў адным раёне;
подпісы выбаршчыкаў, якія не пражываюць на тэрыторыі адпаведнай выбарчай акругі;
подпісы выбаршчыкаў, калі дадзеныя пра іх унесены ў падпісныя лісты нерукапісным спосабам ці алоўкам;
подпісы выбаршчыкаў, даты ўнясення якіх выкананы выбаршчыкам не ўласнаручна;
усе подпісы выбаршчыкаў у падпісным лісце, калі подпісы сабраныя асобай, якая не з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы;
усе подпісы выбаршчыкаў у падпісным лісце, калі падпісны ліст не падпісаны сябрам ініцыятыўнай групы ці падпісаны іншым сябрам ініцыятыўнай групы, які не збіраў подпісы;
усе подпісы выбаршчыкаў у падпісным лісце, калі падпісны ліст не замацаваны пячаткай мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, на тэрыторыі якога праводзіўся збор подпісаў;
подпісы выбаршчыкаў, сабраныя з парушэннем патрабаванняў ч. 8 арт. 61 Выбарчага кодэкса (удзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў, як і прымус у працэсе збора подпісаў і ўзнагарода выбаршчыкаў за ўнясенне подпісаў).
У выпадку выяўлення некалькіх подпісаў аднаго і таго ж выбаршчыка ў падтрымку вылучэння аднаго кандыдата ў дэпутаты сапраўдным лічыцца толькі адзін подпіс, астатнія подпісы лічацца несапраўднымі.
Пералік падставаў, па якіх подпісы выбаршчыкаў прызнаюцца несапраўднымі, з’яўляецца вычарпальным. Прызнанне подпісаў выбаршчыкаў неспраўднымі па якіх-небудзь іншых падставах недапушчальна.
Па выніках праверкі подпісаў акруговая камісія складае акт. Прыкладная форма акта прыводзіцца ў метадычных рэкамендацых для працы акруговых камісій, зацверджаных Цэнтральнай камісіяй.
Згодна з арт. 67 Выбарчага кодэкса, дакладнасць подпісаў правяраюць акруговыя камісіі. Пры гэтым павінна быць праверана не меньш за 20% подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах ад колькасці подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата. Калі колькасць выяўленых пры праверцы несапраўдных подпісаў выбаршчыкаў складзе больш за 15% ад колькасці правераных подпісаў, праводзіцца дадатковая праверка яшчэ 15% подпісаў ад колькасці, неабходнай для рэгістрацыі кандыдата. У выпадку, калі сумарная колькасць несапраўдных подпісаў выбаршчыкаў, выяўленых пры праверках, складзе больш за 15% ад агульнай колькасці правераных подпісаў у падпісных лістах, далейшая праверка подпісаў спыняецца. Такім чынам, дастаткова 5% несапраўдных подпісаў ад агульнай колькасці сабраных.
Трэба адзначыць, што назіральнікі не маюць права прысутнічаць падчас працэдуры праверкі подпісаў, паколькі яны маюць права назіраць толькі за ходам паседжаньняў акруговых камісій і даведваюцца толькі пра вынікі праверак. Гэтая акалічнасць, а таксама фактычная адсутнасць у складзе акруговых камісій прадстаўнікоў палітычных партый стварае магчымасці да маніпуляцый. Па нашых дадзеных, пацверджаных кандыдатамі ў дэпутаты, камісіі пры праверцы сапраўднасці подпісаў за вылучэнне некаторых прэтэндэнтаў у кандыдаты праводзяць праверку ўсіх 100% сабраных подпісаў. Пры такой сістэме праверкі значна прасцей знайсці 5% несапраўдных подпісаў.
Згодна з ч. 5 арт. 66 Выбарчага кодэкса, выбаршчыкі, якія вылучылі кандыдата шляхам збора подпісаў, маюць права да здачы падпісных лістоў у акруговую камісію зняць свае подпісы, падаўшы пра гэта заяву ва ўказаную камісію. Подпісы такіх выбаршчыкаў не ўлічваюцца і не правяраюцца. Трэба адзначыць, што гэтае палажэнне Выбарчага кодэкса вельмі актыўна выкарыстоўвалася прадстаўнікамі мясцовых выканаўчых уладаў у якасці аднаго з асноўных механізмаў маніпуляцый з галасамі выбаршчыкаў. У шматлікіх выпадках на выбаршчыкаў, якія паставілі свае подпісы за незалежных кандыдатаў ці кандыдатаў ад дэмакратычных партый з боку прадстаўнікоў мясцовых выканаўчых уладаў аказваўся ціск з мэтай прымусу напісання заяваў аб адкліканні сваіх подпісаў, што ў рэшце рэшт у большасці выпадкаў станавілася прычынай нерэгістрацыі кандыдатаў.
Так, падчас вынясення рашэння аб адмове ў рэгістрацыі акруговая камісія Бабруйска-Ленінскай выбарчай акругі №63 азнаёміла прэтэндэнтку ў кандыдаты Таццяну Швед з 48 тлумачальнымі запіскамі людзей, якія спачатку паставілі за яе свае подпісы, а затым адмовіліся ад іх.
Тадэвуш Гавін не быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты па Гродненскай сельскай выбарчай акрузе №54 з-за нібыта большай за 15% колькасці несапраўдных подпісаў, выяўленых на падставе заяваў грамадзян. У ягоным выпадку сябры акруговай камісіі ў суправаджэнні ўчастковага і старшыні сельскага Савета прыходзілі да выбаршчыкаў і прымушалі ці пісаць адмовы ад подпісаў, ці ставіць свае подпісы на чыстых аркушах паперы, а затым туды ўносіўся стандартны тэкст з адмоваю.
Аналагічна спрацавалі сябры акруговай камісіі Бабруйскай сельскай выбарчай акругі №65 пры праверцы подпісаў Мікалая Тоўсціка. Пры гэтым некаторыя заявы з адмовамі былі набраны на кампьютары і раздрукаваны на лістах з папярэдне сабранымі подпісамі выбаршчыкаў.
У той жа час назіраліся факты арганізаванага адміністрацыямі прадпрыемстваў збору подпісаў у сваіх непасрэдных падначаленых у працоўны час, што з’яўляецца грубым парушэннем выбарчага заканадаўства і яскравым прыкладам выкарыстання адміністратыўнага рэсурсу.
Напрыклад, сябра ініцыятыўнай групы Васіля Хрола (Глыбоцкая выбарчая акруга №22) начальнік участка мясцовага ПМК Лілія Латаноўская зьбірала подпісы ў працоўны час у сваіх падначаленых. Пры гэтым уся інфармацыя пра падначаленых, уключаючы нумар пашпарта, была ўнесена ў падпісныя лісты загадзя. Пасля падачы скаргі на дзеянні Л. Латаноўскай яна выйшла з ініцыятыўнай групы, а падпісныя лісты не здаваліся ў акруговую камісію
16 жніўня на Рэчыцкім аметызным заводзе рабочыя дапускаліся да працы толькі пасля таго, як ставілі свае подпісы за вылучэнне ў якасці кандыдата намесніка дырэктара па кадрах Сярдзюк Н.В. Пра неабходнасць мець пры сабе пашпарты дзеля гэтага ўсе супрацоўнікі былі папярэджаны напярэдадні.
Яшчэ адна тэндэнцыя, якая назіралася падчас праверкі подпісаў у акруговых камісіях, гэта з’яўленне заяваў выбаршчыкаў аб тым, што дата подпісу ў падпісным лісце пастаўлена не ўласнаручна. Паказальным прыкладам з’яўляецца сітуацыя з Уладзімірам Ганчарыкам. Ягоная ініцыятыўная група сабрала 5 800 подпісаў, у акруговую камісію Уручскай выбарчай акругі №109 здалі 1 091 подпіс, 59 з якіх былі прызнаны несапраўднымі. У той жа дзень сябры ініцыятыўнай групы абышлі 58 з 59 указаных у акце праверкі выбаршчыкаў, і ўсе яны пацвердзілі факт самастойнага прастаўлення даты і подпісу ў падпісных лістах. Пісьмовыя пацверджанні разам са скаргаю прэтэндэнта ў кандыдаты былі перададзены ў Цэнтральную камісію, але яна ўсё ж адмовіла ў рэгістрацыі прэтэндэнту.
Трэба адзначыць, што Цэнтральная камісія вельмі рэдка задавальняла скаргі на рашэнні акруговых камісій аб адмове ў рэгістрацыі звязаных з прызнаннем подпісаў несапраўднымі, у шэргу выпадкаў -- беспадстаўна. Так, было адмоўлена ў задавальненні скаргі сябра Партыі БНФ Станіслава Судніка, які вылучаўся па Лідскай сельскай акрузе № 57. Згодна з рашэннем акруговай камісіі, С. Судніку было адмоўлена ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў сувязі з тым, што больш за 15% сабраных ім подпісаў былі прызнаныя не сапраўднымі. Пры гэтым камісія прызнала адзін з падпісных лістоў цалкам не сапраўдным на падставе таго, што адзін з выбаршчыкаў, указаных у падпісным лісце, пражываў у іншым населеным пункце чым астатнія выбаршчыкі. Сваім рашэннем акруговая камісія парушыла патрабаванні ч. 14 арт. 61 Выбарчага кодэкса, згодна з якім неспапраўдным прызнаецца толькі подпіс выбаршчыка, які пражывае не ў адным населеным пункце. Гэта не з’яўляецца падставай для прызнання ўсіх подпісаў выбаршчыкаў у падпісным лісце несапраўднымі. Неглядзячы на гэта, Цэнтральная камісія не задаволіла скаргу С. Судніка і пакінула рашэнне акруговай камісіі ў сіле.
Паказальна, што акруговыя камісіі і Віцебскай абласцей, а таксама г. Мінска пры аналізе ідэнтычнасці почырку пастаўленых даты і подпіса па экспертызу звярталіся ў абласныя і Мінскае гарадское ўпраўленні ўнутраных спраў. Структуры МВД з’яўляюцца часткай дзяржаўнай улады, таму цяжка назваць вынікі такой экспертызы аб’ектыўнымі.
Усяго было створана 558 ініцытыўных груп, якія ўключыліся ў працу. Аднак, згодна дадзеных Цэнтральнай камісіі, толькі 71 кандыдат зарэгістраваны дадзеным спосабам вылучэння (19 кандыдатаў у Брэсцкай вобласці, 18 – у Віцебскай, 3 – у Віцебскай, 7 – у Гродненскай, 12 – у Мінскай, 7 – у Магілёўскай, 5 – у г. Мінску). Такая вялікая розніца паміж лічбамі тлумачыцца, па-першае, тым, што большасць сяброў палітычных партый, якія збіралі подпісы, выкарысталі сваё права на партыйнае вылучэнне; па-другое, вялікая колькасць адмоваў у рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў прыходзіцца менавіта на дадзены спосаб вылучэння з-за цяжкасці ці амаль немагчымасці пракантраляваць дакладнасць вынікаў праверкі сапраўднасці подпісаў.
Этап выбарчай кампаніі па вылучэнні кандыдатаў і зборы подпісаў грамадзян характарызаваўся жорсткім ціскам з боку выканаўчых уладаў і выбарчых камісій як на саміх кандыдатаў, так і на сяброў іх ініцыятыўных груп, а таксама выбаршчыкаў, якія паставілі свае подпісы за іх вылучэнне.

2. Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ад палітычных партый

У Выбарчым кодэксе Рэспублікі Беларусь (ч.3 арт. 60) указваецца, што правам вылучэння кандыдатаў у дэпутаты валодаюць палітычныя партыі, зарэгістраваныя ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь не пазней, чым за шэсць месяцаў да прызначэння выбараў. Згодна з арт. 62 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляецца вышэйшымі рэспубліканскімі органамі палітычных партый пры ўмове, што на тэрыторыі адпаведнай выбарчай акругі маецца зарэгістраваная ва ўстаноўленым парадку да прызначэння выбараў арганізацыйная структура палітычнай партыі, якая вылучае кандыдата ў дэпутаты.
Палітычная партыя мае права вылучыць па кожнай выбарчай акрузе па выбарах у Палату прадстаўнікоў толькі аднаго кандыдата ў дэпутаты з ліку сяброў гэтай палітычнай партыі.
15 ліпеня 2004 г. Цэнтральная камісія прыняла Пастанову № 19 “Аб растлумачэнні прымянення палажэння ч. 1 арт. 62 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якая прадугледжвае вылучэнне палітычнымі партыямі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трэцяга склікання”. Згодна з п. 1 гэтай Пастановы, стварэнне арганізацыйнай структуры палітычнай партыі ва ўстаноўленым парадку азначае, што арганізацыйная структура створана ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства Рэспублікі Беларусь і зарэгістравана (пастаўлена на ўлік) да прызначэння выбараў ва ўпраўленні юстыцыі абласнога, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.
У адпаведнасці з п. 2 Пастановы, вышэйшы рэспубліканскі кіруючы орган партыі мае права вылучыць кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па той выбарчай акрузе, на тэрыторыі якой маецца юрыдычны адрас арганізацыйнай структуры.
Перыяд вылучэння кандыдатаў характарызаваўся масавымі праверкамі ўпраўленняў юстыцыі рэгіянальных структур палітычных партый. Найперш правяраючых цікавілі юрыдычныя адрасы партыйных струткур, паколькі ад гэтага залежыць магчымасць вылучаць кандыдата на тэрыторыі канкрэтнай выбарчай акругі. У выніку гэтых праверак былі ліквідаваны шэраг арганізацыйных структур дэмакратычных партый: Аб’яднаная грамадзянская партыя – больш за 10, Партыя БНФ – 2, Партыя камуністаў Беларуская – 8 (у тым ліку ва Ўшацкім раёне былі ліквідаваны 5 пярвічных і 1 раённая арганізацыйная структура), у Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) – 10 арганізацыйных структур, у тым ліку Віцебская абласная арганізацыя. Асноўная прычына ліквідацый --- незнаходжанне структур па юрыдычным адрасе ці парушэнні пры прадстаўленні юрыдычных адрасоў. Пры гэтым трэба адзначыць, што ў большасці выпадкаў арганізацыйныя структуры ліквідоўваліся за некалькі дзён да заканчэння рэгістрацыі кандыдатаў альбо непасрэдна ў апошні дзень рэгістрацыі 16 верасня 2004 г.
Па гэтай прычыне не былі зарэгістраваныя, напрыклад, сябра Партыі БНФ Уладзімір Вялічкін (ліквідавана суполка партыі “Рэчыцкая” ў г. Брэсце), сябра БСДП(НГ) з г. Віцебска Вольга Карач, сябра ПКБ Аляксандр Кухта (вылучаўся па Полацкай сельскай акрузе №28), сябра АГП Уладзімір Белахвостаў (Клічаўская выбарчая акруга №68).
У адпаведнасці з большасцю Статутаў палітычных партый, іх вышэйшымі рэспубліканскімі кіруючымі органамі з’яўляюцца з’езды. Аднак згодна са Статутам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, такім органам з’яўляецца таксама Нацыянальны камітэт, а згодна са Статутам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) -- Цэнтральны камітэт. Скарыстаўшыся дадзеным запісам у сваім Статуце, 21 жніўня БСДП(НГ) правяла пленум Цэнтральнага камітэту і вылучыла на ім 56 кандыдатаў у дэпутаты. Разам з тым перад пачаткам вылучэння палітычнымі партыямі сваіх кандыдатаў старшыня Цэнтральнай камісіі Л. Ярмошына заявіла, што правам вылучаць кандыдатаў валодаюць толькі з’езды, а вылучаныя іншым партыйным органам, акрамя з’езда, кандыдаты ў дэпутаты не будуць рэгістравацца акруговымі выбарчымі камісіямі. БСДП(НГ) у сваю чаргу працягвала адстойваць правамоцнасць вылучэння кандыдатаў Цэнтральным камітэтам. Вырашыць дазеную спрэчку магло толькі Міністэрства юстыцыі, і Цэнтрвыбаркам накіраваў туды запыт з просьбай даць тлумачэнне правамоцнасці вылучэння кандыдатаў ад БСДП(НГ). Міністэрства юстыцыі такое права за Цэнтральным камітэтам партыі прызнала і вынесла рашэнне на карысць сацыял-дэмакратаў.
Большасць партый вылучылі сваіх кандыдатаў падчас з’ездаў, якія праходзілі пад пільным кантролем супрацоўнікаў Міністэрства юстыцыі. Пры гэтым з’езд АГП быў фактычна сарваны -- фармальна па віне адміністрацыі гатэля, якая ў апошні момант па незразумелых прычынах адмовілася прадставіць залу для правядзеньня з’езда (нягледзчы на папярэднюю дамову і аплату). Разам з тым наяўнасць у заяўленым месцы правядзення з’езда вялікай колькасці супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку і асобаў у цывільным, вядзенне аператыўнай відэаздымкі, дае падставы меркаваць пра запланаванасць гэтых дзеянняў. У выніку з’езд Аб’яднанай грамадзянскай партыі прайшоў у вельмі неспрыяльных умовах у памяшканні офіса партыі.
Далейшым фактам ціску на АГП стала з’яўленне ў Цэнтральнай камісіі дакумента (факса) са Смаргонскай акруговай камісіі падчас разгляду скаргі аб адмове ў рэгістрацыі сябра партыі Зінаіды Бандарэнкі. На бланку Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь за подпісам намесніка міністра Краўцова ўказвалася, што Зінаіда Бандарэнка не можа быць зарэгістравана ў якасці кандыдата ў сувязі з тым, што з’езд АГП прызнаны нелегітымным. Прычыны непрызнання правамоцнасці з’езда пры гэтым не ўказваліся. Прадстаўнік Мінюсту Валерый Міцкевіч, які з’яўляецца сябрам Цэнтральнай камісіі, не змог патлумачыць акалічнасцяў прыняцця гэтага дакумента, ён нават не ведаў пра яго існаванне. Пасля сустрэчы старшыні АГП А. Лябедзькі з міністрам юстыцыі В.Р. Галаванавым, у Цэнтральную камісію паступіў яшчэ адзін ліст з Мінюсту, згодна з якім з’езд АГП прызнаваўся легітымным. Пасьля гэтай сустрэчы А. Лябедзька паведаміў, што ў Мінюсту былі пытанні да вылучэння дэлегатаў з’езду па чатырох партыйных структурах, аднак не да з’езду ў цэлым.
Гэтыя факты, звязаныя з правядзеннем з’езда АГП і вылучэннем кандыдатаў ад партыі, можна расцэнваць як ціск на палітычную партыю з боку Міністэрства юстыцыі, а таксама пра магчымую распрацоўку ўладамі сцэнару нерэгістрацыі і пазбаўлення рэгістрацыі ўжо зарэгістраваных кандыдатаў ад АГП шляхам непрызнання легітымнасці з’езду.
Пасля правядзення з’ездаў палітычнымі партыямі адпаведныя дакументы аб вылучэнні ў якасці кандыдатаў у дэпутаты былі прадстаўлены ў акруговыя камісіі, якія прымалі рашэнне аб рэгістрацыі ці адмове ў рэгістрацыі кандыдатаў.

Вынікі рэгістрацыі сяброў палітычных партый
у якасці кандыдатаў у дэпутаты

1. Дадзеныя аб вылучэнні і рэгістрацыі партыйных кандыдатаў шляхам партыйнага вылучэння і шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў

Партыя БНФ
вылучана -- 55
зарэгістравна -- 36*
адмоўлена – 15
*4 сябры партыі зьнялі свае кандыдатуры;

АГП
вылучана -- 59
зарэгістравна -- 27
адмоўлена – 32

ПКБ
вылучана -- 38
зарэгістравна -- 24
адмоўлена – 14

БСДП (НГ)
вылучана -- 56
зарэгістравна -- 28**
адмоўлена – 24
**4 сябры партыі зьнялі свае кандыдатуры

БСДГ
вылучана -- 19
зарэгістравна -- 8
адмоўлена – 11

разам:
вылучана -- 227
зарэгістравна – 120 (52%)
адмоўлена – 96 (42,3%)

Такім чынам, да ўдзелу ў выбарах не былі дапушчаны больш за 40% патэнцыйных кандыдатаў ад дэмакратычных апазіцыйных партый.

2. Вынікі рэгістрацыі кандыдатаў шляхам вылучэнна ад палітычных партый згодна з дадзенымі Цэнтральнай камісіі

Зарэгістравана:
Партыя БНФ – 24
АГП – 26
ПКБ – 21
БСДП (НГ) – 25
БСДГ – 8
Разам -- 104

Асноўнымі прычынамі адмоваў у рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты стала ўказанне недакладных звестак аб гадавым даходзе і маёмасці у дэкларацыях аб даходах.
Так, Смаргонская акруговая камісія, адмаўляючы ў рэгістрацыі сябру АГП Зінаідзе Бандарэнцы, спаслалася на тое, што, падаючы ў дэкларацыі суму атрыманай пенсіі, яна памылілася на 20 рублёў. Цэнтральная камісія пры разглядзе скаргі спадарыні Бандарэнкі высветліла, што ў агульнай суме даходаў прэтэндэнткі памылкі не было і зарэгістравала яе. Згубіўшыя шмат часу на абскрджаньне дзеянняў акруговай камісіі на адмову ў рэгістрацыі, са спазненнем на два тыдні Зінаіда Бандарэнка змагла пачаць перадвыбарчую агітацыю.
Паказальна, што ў шэрагу выпадкаў назіраліся несупадзенні дадзеных аб заробку і даходах, атрыманых кандыдатамі па месцы працы і ўказанымі імі ў дэкларацыях, з дадзенымі, якія паступілі па запытах акруговых камісій з мясцовых падаткавых органаў. Адмовай у рэгістрацыі для сябра БСДП(НГ) Валерыя Фралова (Масюкоўшчынская выбарчая акруга №104) стала менавіта гэтае несупадзенне. Валерый Фралоў, які з’яўляецца дзеючым дэпутатам парламента, звярнуўся па даведку аб прыбытках за 2003 год у Палату прадстаўнікоў і па даведку аб налічанай за адпаведны перыд пенсіі ў ваенкамат. Дазеныя, атрыманыя з гэтых установаў, ён унёс у дэкларацыю аб прыбытках. Але падчас рэгістрацыі ў акруговай камісіі высветлілася, што туды былі накіраваны з тых жа ўстановаў зусім іншыя дадзеныя аб прыбытках прэтэндэнта ў кандыдаты, што стала прычынай ягонай нерэгістрацыі. Да таго ж В. Фралову быў прыпісаны зямельны ўчастак, які за ім даўно не лічыцца. 24 верасня Цэнтральная камісія разглядзела прадстаўленыя дакументы, якія даказвалі, што прэтэндэнт у кандыдаты дэкларацыю запоўніў правільна і зарэгіс ?равала яго кандыдатам у дэпутаты. Пры гэтым кандыдат страціў амаль два тыдні, адведзеныя на агітацыю.
Акруговая камісія Глыбоцкай выбарчай акругі №33 адмовіла ў рэгітрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты сябру Партыі БНФ Яраславу Берніковічу на падставе ўтойвання даходу. “Утойваннем” акруговая камісія палічыла тое, што ў дэкларацыі прэтэндэнт у кандыдаты ўказаў атрыманы ганарар ад рэдакцыі часопіса “Служба спасения 01” у суме 104 800 рублёў. Згодна з лістом інспекцыі па падатках і зборах па Глыбоцкаму раёну, які быў накіраваны ў акруговую камісію, была ўказана сума 120 000 рублёў з указаннем на ўтрыманы з дадзенай сумы падатак 10 800 рублёў. Такім чынам, даход Я. Берніковіча, атрыманы ад рэдакцыі часопіса складаў 109 200 рублёў. Разам з тым, згодна з грашовым пераводам, атрыманым Я. Берніковычам з рэдакцыі, сума атрыманага ганарара складала 104 800 рублёў – менавіта гэтая сума была ўказана прэтэндэнтам у дэкларацыі. Цэнтральная камісія, разглядаючы скаргу Я. Берніковіча, пагадзілася з пазіцыяй прэтэндэнта і прыняла рашэнне аб ягонай рэгістрацыі кандыдатам.
Як паказалі вынікі абскраджання рашэнняў акруговых камісій аб адмове ў рэгістрацыі ў Цэнтральнай камісіі, падаўляючая колькасць нематываваных адмоваў у рэгістрацыі прыходзілася на прадстаўнікоў дэмакратычных палітычных партый. Так, у выніку абскарджанняў у Цэнтральнай камісіі і Вярхоўным судзе былі зарэгістраваны 32 кандыдаты ад дэмакратычных палітычных партый з 164 асобаў, якія абскарджвалі рашэнні акруговых камісій аб іх нерэгістрацыі. Гэта сведчыць, па-першае, пра прадузятае стаўленне акруговых камісій да вылучэнцаў ад дэмакратычных партый і, па-другое, пра нізкі прафесійны ўзровень сяброў адпаведных камісій.
Варта адзначыць, што пасля вылучэння сяброў дэмакратычных палітчных партый у якасці кандыдатаў, на іх пачаў аказвацца ціск з боку выканаўчых уладаў -- у асноўным па месцах працы праз адміністрацыі прадпрыемстваў. У выніку гэтага некаторыя з вылучаных кандыдатаў адмовіліся ад далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі.
Так, зьезд Партыі БНФ вылучыў кандыдатам у дэпутаты па Лагойскай выбарчай акрузе № 82 Дзмітрыя Шэвеля, старшыню Лагойскай арганізацыі партыі. Пасля падачы дакументаў на рэгістрацыю ў адпаведную акруговую камісію старшыня Лагойскага раённага выканкаму Несцяркоў выклікаў да сябе дырэктара прадпрыемства “Мінаўт”, на якім Д. Шэвель працуе на пасадзе кантрольнага майстра, і ўльтыматыўна запатрабаваў, каб кандыдат ад Партыі БНФ адмовіўся ад удзелу ў выбарах альбо звольніўся з працы. У адваротным выпадку ён абяцаў зачыніць прадпрыемства, а калі не атрымаецца, то зрабіць умовы існавання фірмы невыноснымі. У сувязі з гэтым, Д. Шэвель быў вымушаны, каб не падводзіць калектыў супрацоўнікаў колькасцю 130 чалавек, забраць з акруговай камісіі дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты. Адначасова Д. Шэвель напісаў заяву ў раённую пракуратуру з просьбай разгледзець факт злоўжывання службовым становішчам з боку старшыні Лагойскага райвыканкама сп. Несцяркова.
Падобнае патрабаванне адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі пад пагрозай звальнення з працы было выкарыстана ў адносінах да сябра Партыі БНФ Аляксандра Меха (Кобрынская выбарчая акругае №11), які працуе інжынерам па эксплуатацыі газавых сетак нізкага ціску ў Кобрынскім упраўленні магістральных газаправодаў ААТ “Белтрансгаз”. Аднак Алесь Мех адмовіўся выканаць незаконнае патрабаванне адміністрацыі прадпрыемства і забраць свае дакументы аб вылучэнні ў якасці кандыдата з акруговай выбарчай камісіі.
Зафіксанваны выпадкі звальнення з працы грамадзян, якія вылучіліся ў якасці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Так, былі звольнены з працы два вылучэнцы ад Партыі БНФ -- настаўнік гісторыі Хадасоўскай базавай школы (Вілейскі р-н) Аляксей Сюдак і педагог-псіхолаг школы № 12 г. Маладзечна Вольга Лагвіновіч.

Такім чынам, працэс вылучэння кандыдатаў у дэпутаты ад палітычных партый характарызаваўся ціскам з боку Міністэрства юстыцыі і выканаўчых уладаў на палітычныя партыі краіны. Ціск выражаўся ў зрывах з’ездаў па вылучэнні кандыдатаў, шматлікіх па-за планавых праверках Міністэрства юстыцыі і яго абласных упраўленняў, а таксама ліквідацыях арганізацыйных структур палітычных партый, звальненнях і пагрозах звальненняў з працоўных месцаў кандыдатаў ад дэмакратычных палітычных партый.

3. Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ад працоўных калектываў

У адпаведнасці з арт. 69 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, працоўныя калектывы з’яўляюцца адным з суб’ектаў, якія надзелены правам вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. Парадак вылучэння кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад працоўнага калектыва рэгулюецца арт. 63 Выбрачага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Згодна з гэтым артыкулам, вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад працоўных калектываў арганізацый ажыццяўляецца на сходах (канферэнцыях) выбаршчыкаў у працоўных калектывах. Пры гэтым, згодна з дадзеным артыкулам, працоўныя калектывы, якія вылучаюць кандыдата ў дэпутаты, павінны знаходзіцца на тэрыторыі выбарчай акругі, налічваць не меньш за 300 чалавек працуючых і мець права юрыдычнай асобы. Сходы (канферэнцыі) склікаюцца адміністрацыяй арганізацыі як па ўласнай ініцыятыве, так і па ініцыятыве групы выбаршчыкаў не меньш за 150 чалавек, якія працуюць у арганізацыі.
На сходзе павінна прысутнічаць больш за палову складу працоўнага калектыву. Працоўны калектыў можа вылучыць толькі аднаго каныдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Рашэнне сходу (канферэнцыі) працоўнага калектыву прымаецца большасцю галасоў.
Дадзены шлях вылучэння найбольш часта выкарыстоўваецца для вылучэння кандыдатаў, якіх падтрымлівае ўлада. Сходы працоўных калектываў пры такім вылучэнні часцей за ўсё склікаюцца адміністрацыямі прадпрыемстваў, пры гэтым большасць з якіх адносяцца да дзяржаўнай формы ўласнасці ці акцыянерных таварыстваў, кантрольны пакет акцый якіх належыць дзяржаве.
Улічваючы фактычна татальную кантрактызацыю працоўных дзяржаўных прадпрыемстваў, правядзенне сходаў па вылучэнні кандыдатаў ў дэпутаты ад працоўных калектываў у асноўным праходзілі з адзінаголосным галасаваннем за прапанаванага кандыдата і фактычна з’яўляліся праявай выкарыстання адміністратыўнага рэсурсу. Пры такім способе вылучэння распаўсюджаным з’яўляецца парушэнне прынцыпу свабоднага ўдзелу ў выбарах.
Трэба адзначыць, што ад вылучэння кандыдатаў у дэпутаты ад працоўных калектываў ужо адмовілся фактычна ўсе краіны былога Савецкага Саюзу. Пра неабходнасць адмены дадзенай формы вылучэння неаднаразова казалі і ўносілі свае прапановы незалежные эксперты ў галіне выбарчага заканадаўства і прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партый. У канцы жніўня бягучага года, падчас этапу вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, старшыня Цэнтральнай камісіі Лідзія Ярмошына завіла пра магчымасць адмовы ад дадзенага спосабу вылучэння кандыдатаў. “У будучым нам, хутчэй за ўсё, прыйдзецца адыйсці ад вылучэння кандыдатаў на сходах працоўных калектываў, як гэта было распаўсюджана ў савецкія часы. Працоўныя калектывы не павінны ўдзельнічаць у палітыцы. Выбаршчыкі неахвотна прыходзяць на такія сходы”, -- сказала старшыня Цэнтральнай камісіі.
Разам з тым ўсяго па краіне ад працоўных калектываў было зарэгістравана 137 кандыдатаў у дэпутаты, пасля абскарджання ў Цэнтральнай камісіі была адноўлена рэгістрацыя яшчэ 2 кандыдатаў. Такім чынам, шляхам вылучэння ад працоўных калектываў было зарэгістравана 139 кандыдатаў у дэпутаты, што складае 32,2% ад агульнай колькасці кандыдатаў.

Раздзел ІV
Абскарджанне рашэнняў акруговых камісій аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты

У адпаведнасці з арт. 68 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, рашэнне акруговай камісіі аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатам ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў можа быць абскарджана ў трохдзённы тэрмін у Цэнтральную камісію. Рашэнне Цэнтральнай камісіі ў трохдзённы тэрмін можа быць абскарджана ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь. Вярхоўны Суд разглядае скаргу ў трохдзённы тэрмін, яго рашэнне з’яўляецца канчатковым.
Правам абскардзіць рашэнні аб адмове ў рэгістрацыі ў Цэнтральную камісію скарысталіся 164 незарэгістраваныя прэтэндэнты ў кандыдаты. Першыя паседжанні па разглядзе пададзеных скаргаў Цэнтральная камісія распачала 21 і завяршыла 29 верасня 2004 года. У 44 выпадках Цэнтральная камісія задаволіла скаргі і прыняла рашэнне аб рэгістрацыі кандыдатаў, у тым ліку: 2 кандыдатаў, вылучаных працоўнымі калектывамі, 10 кандытатаў, вылучаных шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў і 33 вылучэнцы ад палітычных партый.
Правам абскарджання рашэнняў акруговых камісій пасля абскарджання ў Цэнтральнай камісіі ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь скарысталіся больш за 60 чалавек. Вярхоўны Суд задаволіў толькі дзве скаргі і прыняў рашэнні аб рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў. Пасля разгляду скаргаў у Вярхоўным Судзе кандыдатамі ў дэпутаты сталі старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды Сяргей Ярмак (Гомельская-Юбілейная выбарчая акруга №33) і сябра Камуністычнай партыі Беларусі Уладзімір Шокаў (Старавіленская выбарчая акруга №105).

Вынікі рэгістрацыі кандыдатаў ад дэмакратычных палітычных партый
пасля абскарджання ў Цэнтральнай камісіі і Вярхоўным Судзе па дадзеных Цэнтральнай камісіі
Зарэгістравана:
Партыя БНФ -- 30
АГП – 37
ПКБ – 30
БСДП (НГ) -- 28
БСДГ – 11
Разам – 136

Выклікае заклапочанасць той факт, што пасля падвядзення вынікаў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты з 110 выбарчых акруг у 8 акругах (7,27%) выбары пройдуць на безальтэрнатыўнай аснове (Івацэвіцкая выбарчая акруга №10, Віцебская сельская выбарчая акруга № 21, Гомельская_Навабеліцкая выбарчая акруга № 38, Гомельская сельская выбарчая акруга № 39, Калінкавіцкая выбарчая акруга № 43, Мозырская выбарчая акруга № 44, Хойніцкая выбарчая акруга № 49, Навагрудская выбарчая акруга № 59).
Трэба адзначыць, што прысутнасць сяброў Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу падчас паседжанняў Цэнтральнай камісіі пры разглядах скаргаў на рашэнні акруговых камісій аб адмове ў рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты адыграла сваю ролю. Дзякуючы іх прысутнасці, Цэнтральная камісія адмяняла некаторыя рашэнні акруговых камісій аб адмове ў рэгістрацыі і абавязвала акруговыя камісіі правесці рэгістрацыю кандыдатаў.

Раздзел ІV
Высновы

1. Падчас этапу рэгістрацыі кандыдатаў працягвалася адкрытае ўмяшальніцтва ў выбарчы працэс уладнай вертыкалі, скіраванае на забеспячэнне абрання вызначаных уладай кандыдатаў.
2. Беларускія ўлады працягвалі палітыку канфрантацыі з дэмакратычнымі палітычнымі партыямі, грамадзянскай супольнасцю краіны, стваралі атмасферу недаверу ў грамадстве.
3. Этап характарызаваўся ціскам па месцы працы на дэмакратычных кандыдатаў, звальненнямі кандыдатаў і актывістаў іх каманд з месцаў працы, ціскам на выбаршчыкаў, што паставілі свае подпісы і аказалі давер прадстаўнікам дэмакратычных сілаў краіны.
4. Працягваўся ціск на дэмакратычныя палітычныя партыі, што ўзялі актыўны удзел у выбарчай кампаніі, асабліва на тыя, якія заключылі пагадненне аб сумесных дзеяннях у межах грамадскіх кааліцыяў.
5. Магчымасці ўдзельнічаць у выбарах былі пазбаўлены вядомыя грамадскія і палітычныя дзячы.
6. Аналіз дадзенага этапа выбарчай кампаніі дае падставы сцвярджаць, што выбары депутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь маюць недэмакратычны характар, не адпавядаюць прынцыпам свабодных, справядлівых, празрыстых выбараў, міжнародным стандартам у галіне арганізацыі і правядзення выбараў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства