Праваабаронца Дзмітрый Салаўёў падаў заяву ў рэдакцыю ушацкай раённай газэты "Патрыёт" з патрабаваньнем даць абвяржэнне пададзенай недакладнай інфармацыі.
Справа ў тым, што газэта "Патрыёт" апублікавала звесткі асобаў, якія зарэгістравалі ініцыятыўныя групы па збору подпісаў у сваю падтрымку для вылучэньня кандыдатамі ў дэпкутаты па 29 Полацкай сельскай выбарчай акрузе. У зьвестках Дзмітрыя Салаўёва у 4-х радках тэксту было 3 недакладнасьці
1. прозвішча пішацца Салаўёў (у газэце напісана Салаў’ёў);
2. год нараджэння Салаўёва 1973 (у газэце – 1966);
3. Салаўёў зьяўляецца сябрам палітычнай Партыі БНФ (у газэце напісана “член БНФ”).
Галоўны рэдактар газэты "Патрыёт" Фёдар Волах спачатку ўвогуле адмаўляўся прымаць заяву і рэгістраваць яе ў прадугладжаным законам парадку. Волах спрабаваў спасылацца на нейкія пастановы ЦВК і нават выклікаў міліцыю. Прыбыўшыя у рэдакцыю міліцыянты ўпэўніліся, што патрабаваньні Салаўёва законныя і сышлі. Пасьля гэтага Волах зарэгістраваў заяву і прызнаў, што, так, былі дапушчаныя памылкі па віне рэдакцыі. У заяве Дзмітрый Салаўёў запатрабаваў, каб ад рэдакцыі ў наступным нумары было дадзена абвяржэнне пададзенай недакладнай інфармацыі. У іншым выпадку Салаўёў зьбіраецца зьвярнуцца ў суд.