У канцы сакавіка ўсе ўпраўленні і аддзелы інфармацыі абласных, гарадскіх, раённых выканкамаў, а таксама мясцовых раённых адміністрацый ператвораныя ўва ўпраўленні і аддзелы ідэалагічнай працы
Гэтую інфармацыю прэс-службе ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (далей - БАЖ) пацвердзілі адразу ў некалькіх аблвыканкамах. Змены праведзеныя ў адпаведнасці з прэзідэнцкім указам №111 "Аб удасканаленні кадравага забеспячэння ідэалагічнай працы ў Рэспубліцы Беларусь", прынятым у лютым г.г.
Калі інфармацыйныя аддзелы ўваходзілі ў сістэму Мінінфармацыі, то новыя ідэалагічыя структуры падпарадкоўваюцца Адміністрацыі прэзідэнта. Структуру і штаты супрацоўнікаў упраўленняў (аддзелаў) ідэалагічнай працы выканкамы павінны былі зацвердзіць да 1-га красавіка "з улікам колькасці насельніцтва", але "ў межах агульнай колькасці супрацоўнікаў". Па інфармацыі БАЖ, у новых упраўленнях пакуль працуюць тыя ж людзі, што дагэтуль працавалі ўва ўпраўленнях інфармацыі.
Тым часам, афіцыйныя дакументы (Палажэнні), якія маюць вызначыць функцыі новых структураў, пакуль знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі. Раней дзейнасць упраўленняў інфармацыі аблвыканкамаў рэгламентавалася адпаведным палажэннем, зацверджаным пастановай Міністэрства інфармацыі 10 студзеня 2002 г. Пасля з'яўлення ўказу №111 гэты дакумент фактычна перастае дзейнічаць. Акрамя гэтага, страчваюць актуальнасць некаторыя палажэнні загаду Міністэрства інфармацыі ад 27 траўня 2003 г. №94, паводле якіх прызначэнні кіраўнікоў упраўленняў інфармацыі аблвыканкамаў узгадняліся з міністрам інфармацыі. Цяпер кандыдатуры кіраўнікоў упраўленняў ідэалагічнай працы аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама зацвярджае Адміністрацыя прэзідэнта. У сваю чаргу, кандыдатуры кіраўнікоў ідэалагічных аддзелаў органаў выканаўчай улады ніжэйшага ўзроўню ўзгадняюцца з аблвыканкамамі. Узгадненне кандыдатур павінна адбыцца да 1-га траўня г.г.
Гэткім жа чынам змяніўся і парадак зацвярджэння кандыдатур на пасады галоўных рэдактараў дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Патэнцыйныя кіраўнікі агульнанацыянальных і абласных СМІ, за выключэннем тых, каго прызначае асабіста прэзідэнт, цяпер павінны праходзіць працэдуру ўзгаднення ў Адміністрацыі прэзідэнта. Узгадняць кандыдатуры галоўных рэдактараў мясцовых СМІ, заснаваных гарвыканкамамі, райвыканкамамі і мясцовымі адміністрацыямі ў гарадах, будуць аблвыканкамы.