Звальненне рэчыцкага лекара-рэаніматолага: хроніка пераследу 27 лістапада
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 27 лістапада 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Гомелі затрымалі як мінімум 10 чалавек, двух — па крымінальнай справе
Як стала вядома "Флагштоку", большасць затрыманых дагэтуль утрымліваюць у заключэнні, прычым некаторых перавялі ў СІЗА і абвінавачваюць па крымінальных артыкулах. "Флагшток" не называе прозвішчы рэпрэсаваных і абвінавачанні, якія ім выстаўляю, але канстатуе, што было затрымана больш за дзесяць чалавек, сярод якіх ёсць былыя палітзняволеныя.
Большасць затрыманых — гэта людзі, якія не праяўлялі ніякай актыўнасці ў апошнія гады, але вядомыя як удзельнікі дэмакратычнага руху яшчэ да пратэстаў 2020 года.
Пакуль вядома як мінімум пра дзве крымінальныя справы і пра тое, што некаторым з затрыманых ужо тройчы запар прысуджалі адміністрацыйны арышт за "экстрэмісцкія" падпіскі.
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі старонкі ва "Укантакце" "Беларусь, за честные выборы" і "Free Zhlobin", старонка ў Instagram "kiryll atamanchyk", TikTok-акаунт "Вольны беларус".
Уладальніка гродзенскага блога S13 Сяргея Чабоцьку адправілі яшчэ на 15 сутак арышту
Сяргея Чабоцьку судзілі 22 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Гродна за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" (арт.19.11 КаАП). Яго адправілі яшчэ на 15 сутак адміністрацыйнага арышту — гэта яго трэці тэрмін, паведаміў Hrodna.life.
Сяргея затрымалі 23 кастрычніка. Яго судзілі тройчы — за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" і "несанкцыянаванае пікетаванне".
Рэсурс S13 з’явіўся ў Гродне ў 2005 годзе і першапачаткова працаваў як блог. Пазней ператварыўся ў Інфармацыйны партал — агрэгатар навін. Уласнага кантэнту на сайце было няшмат, але доўгія гады рэсурс быў адным з самых папулярных у горадзе. Напрыканцы кастрычніка стала вядома, што кантэнт парталу "s13" і яго сацсеткі прызнаныя "экстрэмісцкімі матэрыяламі".
Рэчыцкага лекара-рэаніматолага, якога судзілі за "распаўсюд экстрэмізму", відавочна, звольнілі з працы
У Рэчыцы 19 лістапада адбыўся судовы працэс у дачыненні да Андрэя Курловіча. Яго абвінавачвалі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Справу мужчыны разглядала суддзя Юліяна Лунцэвіч.
Андрэй Курловіч працаваў загадчыкам анестэзійна-рэанімацыйнага аддзялення Рэчыцкай цэнтральнай раённай лякарні. У горадзе і раёне ён вядомы як адзін з найбольш прафесійных лекараў.
На момант, калі праваабаронцы даведаліся пра гэты суд, Андрэй Курловіч яшчэ быў пазначаны на сайце раённай лякарні як загадчык аддзялення. Цяпер у гэтай якасці на сайце фігуруе іншы лекар — Андрэй Мамантаў, які раней кіраваў анестэзіялогіяй і рэанімацыяй у радзільным доме, паведаміла "Гомельская Вясна".
Мамантаў вядомы ў Рэчыцы сваёй праўладнай і прарасійскай пазіцыяй.