viasna on patreon

За наведванне палітычных працэсаў у Брэсце судзяць Віталя Чопіка

2024 2024-10-21T10:33:04+0300 2024-10-21T10:33:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chopik-1.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Брэсцкім абласным судзе 21 кастрычніка распачынаецца суд над 41-гадовым Віталём Чопікам, якога затрымалі сем месяцаў таму за наведванне палітычна матываваных судоў. Пасля затрымання мужчыну дастаўлялі ў шпіталь са слядамі моцнага збіцця. Цяпер мужчыну абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Справу прызначаны весці Яўген Брэган.  

Віталь Чопік. Скрыншот з відэа.
Віталь Чопік. Скрыншот з відэа

Пасля затрымання Віталя ў сакавіку 2024 года дзяржаўныя медыя пісалі, што мужчына "разам з саўдзельнікамі... сістэматычна наведваў суды па крымінальных справах экстрэмісцкай накіраванасці. Ён фіксаваў ход і вынікі пасяджэнняў, інфармацыю аб сведках і прадстаўніках праваахоўных органаў". Яго здымалі на камеру пасля такіх судоў і спрабавалі задаваць пытанні. Закадравы голас паказвае ў кадры Чопіка і называе мужчыну “заўсёднікам” падобных судоў: маўляў, "рэгулярна наведвае судовыя працэсы, дзе абвінавачаныя — прыхільнікі апазіцыйных поглядаў".

Паводле звестак, атрыманых у розны час ад крыніц "Брэсцкай вясны" вядома, што ў мужчыны праводзілі ператрус 1 снежня 2021 года. А ў верасні 2022 года Чопіка затрымалі спачатку па артыкуле 19.11 КаАП, але калі аказалася, што ў мужчыны проста няма тэлефона, дзе могуць быць нейкія "экстрэмісцкія матэрыялы", то склалі пратакол ужо паводле арт. 24.23 КаАП. Падставай для пратаколу стаў БЧБ-сцяг, прылеплены скотчам знутры да акна дома, хаця сам Чопік сцвярджаў, што сцяг з'явіўся ўжо пасля таго, як яго затрымалі і даставілі ў ІЧУ.

Напачатку сакавіка 2024 года берасцейца зноў затрымалі. Паводле звестак "Брэсцкай вясны", пасля затрымання мужчыну дастаўлялі ў шпіталь на хуткай са слядамі моцнага збіцця, а колер твару Чопіка быў жоўтым (што можа казаць аб пашкоджанні печані праз збіццё).

12 сакавіка Віталя асудзілі паводле арт. 24.3 КаАП за нібыта "непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі". Як вынікае з рашэння суда, Чопік казаў, што на працягу адной хвіліны адчыніў дзверы ГУБАЗіК для ператрусу — але супрацоўнік ГУБАЗіК сцвярджаў што гучна патрабаваў адкрыць дзверы цэлых 20 хвілін. Ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы па ч. 1 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні). 28 сакавіка МУС абвясціла, што змясціла берасцейца ў СІЗА. 

Месца ўтрымання: СІЗА-7, 224030, Брэст, Савецкіх памежнікаў, 37, Віталь Віктаравіч Чопік

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства