viasna on patreon

"Людзі не адчуваюць сябе свабоднымі, нават трымаючы ў руках свае смартфоны". Што казалі беларускія праваабаронцы на канферэнцыі АБСЕ

2024 2024-10-08T11:00:00+0300 2024-10-08T13:15:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fedarava-sacunkevich-niadbal.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У межах канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні, якая праходзіць у Варшаве, быў праведзены сайд-івэнт з удзелам беларускіх праваабаронцаў. Яны закранулі тэму катаванняў, культуры, таго, як палітычныя рэпрэсіі ўплываюць на паўсядзённае жыццё беларусаў, а таксама таго, як адчуваюць сябе палітвязні. "Вясна" прыводзіць выступленні ўсіх экспертак.

fedarava-sacunkevich-niadbal.jpg
Вікторыя Фёдарава, Наталля Сацункевіч і Таццяна Нядбай

Кацярына Кузняцова, БХК: "Гэта не пра палітыку, а пра недахоп ведаў"

"Я б сказала, што часта, асабліва сёння, мы чуем пытанне: наколькі дрэнная сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі? Ці пагаршаецца яна? Пытанне няпростае. Пакідаючы ў баку сітуацыю з катаваннямі, якая заўсёды з'яўляецца складанай, я б выкарыстала медычны тэрмін. Часам стан пацыента апісваюць як "крытычны, але стабільны". Я б сказала, што гэта даволі дакладна апісвае бягучую сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Яны знаходзяцца ў крытычным, але стабільным стане.

Я распавяду больш пра тое, як гэтая сітуацыя ўплывае на жыццё людзей у Беларусі, а таксама за яе межамі, таму што праз страх пераследу многім беларусам давялося пакінуць краіну. Паводле даных Вярхоўнага камісара ААН, як мінімум 300 тысяч чалавек пакінулі Беларусь, але нашыя эксперты схільныя думаць, што гэтая лічба складае ад паўмільёна да мільёна беларусаў, вымушаных пакінуць краіну. І, зразумела, яны таксама пераследуюцца. Рэжым спрабуе дацягнуцца да іх за межамі краіны.

Адной з важных падзей гэтага года сталі завочныя судовыя працэсы, якія становяцца ўсё больш распаўсюджанымі. Таксама мы назіраем, як развіваецца так званы "пашпартны ўказ", звязаны з рознымі адміністрацыйнымі бар'ерамі, якія перашкаджаюць людзям, вымушаным пакінуць краіну, распараджацца сваёй уласнасцю, напрыклад, у Беларусі. Гэты фактар таксама з'яўляецца значным. І той факт, што людзі не могуць атрымаць свае пашпарты, толькі дадае нестабільнасці для гэтай катэгорыі людзей.

Мы ўжо доўга абмяркоўваем атакі на свабоды, такія як свабода асацыяцый і свабода выказвання меркаванняў. Але цяпер мы бачым, як скарачэнне грамадзянскай прасторы і ліквідацыя арганізацый грамадзянскай супольнасці адбіваюцца на ўразлівых групах насельніцтва, якім яны дапамагалі. Напрыклад, сёлета эксперт у адукацыі заявіў, што мы бачым, як школы адмаўляюць дзецям з інваліднасцю ў магчымасці інтэграванага навучання. Гэта не пра палітыку, а пра недахоп ведаў, бо арганізацыі, якія дапамагалі гэтым дзецям, былі ліквідаваныя ў 2022 годзе. У 2024 годзе мы бачым, як дзяржава не спраўляецца з дапамогай гэтым дзецям.

Таксама робяцца спробы замяніць ліквідаваныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці дзяржаўнымі НДА або іншымі ўзгодненымі дзяржавай інстытутамі, але ў іх, відавочна, абмежаваныя магчымасці ды вопыт. Яны не могуць перадаваць досвед, не могуць атрымаць доступ да еўрапейскага або іншага міжнароднага вопыту. Напрыклад, з нагоды хатняга гвалту, дзяржава заяўляе, што ў яе ёсць прытулкі, але прытулкі не могуць быць дзяржаўнымі ўстановамі. І калі яны працуюць з панядзелка па пятніцу, з 8 да 17, гэта не паўнавартасны прытулак, таму што гэта дзяржаўная ўстанова. Таму мы бачым, як палітычныя рэпрэсіі, якія пачаліся ў адной сферы, прыводзяць да дэградацыі сістэмы аховы здароўя, адукацыйнай, культурнай і сацыяльнай сфер. Чорныя спісы людзей, якія выступалі або былі актыўнымі ў 2020 годзе, усё яшчэ дзейнічаюць. Людзям абмяжоўваюць магчымасці працаўладкавання або іх кантракты спыняюцца ці не падаўжаюцца.

Мы бачым дзве тэндэнцыі: з аднаго боку, праз адток людзей і дэмаграфічнай сітуацыі ў цэлым назіраецца недахоп працоўнай сілы, але, з іншага боку, у гэтым годзе яшчэ 14 выкладчыкам не працягнулі кантракты, напрыклад, у дзяржаўным універсітэце. Так мы бачым, як палітычныя рэпрэсіі ўплываюць на паўсядзённае жыццё беларусаў.

Я дадам тут, што новая "жалезная заслона" ўзводзіцца з абодвух бакоў. Беларускія ўлады падтрымліваюць антызаходнюю рыторыку, але таксама існуюць цяжкасці з атрыманнем віз і перасячэннем межаў. Гэта выклікае вялікую трывогу, таму што культурныя і сацыяльныя сувязі надзвычай важныя, асабліва для маладога пакалення беларусаў. У выніку, я б сказала, што цяпер у нас гісторыя дзяржавы назірання або паліцэйскай дзяржавы, дзе людзі не адчуваюць сябе свабоднымі, нават трымаючы ў руках свае смартфоны. Кожны разумее, што іх прылады могуць быць правераныя, і яны самі цэнзуруюць тое, што ў іх на тэлефоне, што, вядома, ненармальна. Такая сітуацыя, калі людзі ведаюць, што можна казаць адкрыта, а што нельга, з'яўляецца часткай паўсядзённага жыцця кожнага беларуса".

Вікторыя Фёдарава, Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі: "Адна краіна важная, але нам трэба больш галасоў"

fedarava-said-ivent.jpg

"Мая тэма — гэта катаванні. Перш за ўсё, хачу адзначыць, што мы пачалі дакументаваць выпадкі катаванняў са жніўня 2020 года, і разам з нашымі калегамі з "Вясны" на гэты момант сабралі амаль 4 000 выпадкаў. Зараз мы далучыліся да Міжнароднай платформы па адказнасці для Беларусі. Але, працягваючы дакументаваць гэтыя выпадкі, мы можам на 100% упэўнена сказаць, што, на жаль, катаванні працягваюцца дагэтуль.

Напрыклад, Віктар Бабарыка — мы не маем пра яго ніякіх звестак ужо 600 дзён. Я не ведаю, ці жывы ён. Марыя Калеснікава ды іншыя — пра іх таксама няма інфармацыі, нічога не вядома пра іх стан здароўя ўжо амаль два гады.

Завяршу канкрэтнымі рэкамендацыямі, якія я хачу агучыць вам як дзяржавам-сябрам АБСЕ з улікам мэтаў гэтай арганізацыі. Па-першае, мы заклікаем вас і вашыя дзяржавы працягваць падтрымліваць дэмакратычныя сілы, праваабарончыя арганізацыі і ўсе намаганні па зборы і захаванні доказаў злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненых у Беларусі. Па-другое, далучыцеся да Літвы ў гэтай ініцыятыве па перадачы сітуацыі ў Беларусі ў Міжнародны крымінальны суд. Адна краіна важная, але нам трэба больш галасоў. Мы павінны паказаць, што аб'яднаная Еўропа адзіная, і мы верым у гэтую справу, таму што, на жаль, у нас няма надзеі на справядлівасць у нашай уласнай краіне. Далей, падайце скаргу ў Міжнародны суд па Канвенцыі супраць катаванняў і ў дачыненні да парушэнняў канвенцыі Расіяй. Мы лічым, што важна выкарыстоўваць усе даступныя прававыя сродкі, таму што яны былі створаныя для абароны, і хтосьці іх стварыў, дык чаму б іх не выкарыстоўваць?

Платформа міжнароднай адказнасці для Беларусі мае дастаткова доказаў масавых катаванняў і сістэматычнага характару ўсіх парушэнняў. Таму мы гатовыя падтрымаць кожную дзяржаву, якая захоча пачаць такую ініцыятыву. І, вядома, апошняе, але не менш важнае — гэта вашы нацыянальныя расследаванні ў вашых уласных краінах і прынцып універсальнай юрысдыкцыі. Далучайцеся да Літвы, як гэта зрабіла першая краіна, пачаўшы такую крымінальную справу ў сваёй нацыянальнай сістэме. Гэта таксама магчыма ў многіх краінах, якія з'яўляюцца ўдзельніцамі АБСЕ".

Наталля Сацункевіч, ПЦ "Вясна": "Палітвязні звычайна кажуць пра пастаяннае пачуццё страху"

"Я пакінула Беларусь у студзені 2021 года праз крымінальны пераслед. Мяне ўнеслі ў спіс, і я была абвешчаная ў вышук. Сёння я жыву за мяжой, як і многія мае калегі і сябры, працягваючы падтрымліваць і абараняць правы чалавека. Мы штодня маніторым сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, і па колькасці нашых справаздач можна меркаваць, што крызіс з правамі чалавека толькі пагаршаецца. У Беларусі няма ніякіх сістэмных зменаў. Зараз у краіне налічваецца тры з паловай тысячы палітычных зняволеных, і на гэты момант 1 288 з іх знаходзяцца ў турме.

Што значыць быць палітычным зняволеным у Беларусі і якія артыкулы могуць быць выкарыстаныя супраць іх? Прыкладна палова справаў — гэта артыкулы, звязаныя з удзелам у пратэстах, у асноўным у жніўні і ўвосень 2020 года. Уявіце сабе, што дагэтуль беларуская міліцыя шукае і затрымлівае людзей, якія ўдзельнічалі ў мітынгах у жніўні 2020 года. Таксама вельмі папулярнымі з'яўляюцца так званыя дыфамацыйныя артыкулы, звязаныя з паклёпам і абразамі ў адрас дзяржаўных служачых або кіраўніка дзяржавы.

Падчас затрымання, следства, судовых разглядаў і затым у месцах зняволення палітычных зняволеных катуюць і ўжываюць супраць іх бесчалавечнае абыходжанне. Іх прымушаюць шмат і цяжка працаваць, звычайна шэсць дзён на тыдзень, пры гэтым іх заробак складае блізу 1-2 еўра на месяц. Іх шантажуюць спатканнямі ды тэлефоннымі званкамі з іхнымі сем'ямі, яны пазбаўленыя кваліфікаванай медычнай дапамогі. Ежа, якую ім даюць, звычайна дрэннай якасці і не ўтрымлівае неабходных вітамінаў.

Сярод гэтых людзей ёсць самыя розныя — пачынаючы ад падлеткаў да людзей 72-73 гадоў, якія знаходзяцца цяпер у турме. Сярод іх ёсць лекары, святары, журналісты, праваабаронцы, адвакаты, жанчыны і мужчыны.

Знаходзячыся ў статусе палітвязня, ты заўсёды адчуваеш ціск на сваю сям'ю. Са студзеня гэтага года быў вядомы выпадак, калі за тры дні па ўсёй краіне было праведзена каля 100 ператрусаў і арыштаў. Асноўнай мэтай была барацьба з сем'ямі палітвязняў, якія атрымлівалі дапамогу ў выглядзе пасылак. Людзей літаральна каралі за атрыманне бананаў, малака і хлеба. Улады жорстка рэагуюць на праявы салідарнасці і падтрымкі.

Што значыць быць вызваленым палітычным зняволеным? На сёння больш за 2 000 палітвязняў былі вызваленыя, у асноўным, пасля адбыцця тэрміну пакарання цалкам. Але пасля вызвалення гэта азначае, што чалавек будзе знаходзіцца пад пастаянным кантролем паліцыі, з штодзённымі праверкамі. Гэта таксама азначае, што можа быць распачатая новая крымінальная справа. Палітвязні звычайна кажуць аб пастаянным пачуцці страху. На жаль, з кожным днём усё больш складана атрымаць інфармацыю пра тое, што адбываецца, бо людзі баяцца кантактаваць з праваабаронцамі і незалежнымі СМІ. Напрыклад, арганізацыя "Вясна" была прызнаная экстрэмісцкай, і ўдзел у ёй або перадача любой інфармацыі можа прывесці да крымінальнага пераследу. На сённяшні дзень пяць маіх калегаў і сяброў, праваабаронцаў з "Вясны", знаходзяцца ў турме. Адзінае іх "злачынства" — яны хацелі, каб правы чалавека паважаліся ў Беларусі. Я асабліва хачу згадаць лідара "Вясны" Алеся Бяляцкага, які адзначыў сваё 62-годдзе ў турме ўсяго некалькі тыдняў таму. Мы патрабуем вызвалення ўсіх палітычных зняволеных — гэта абсалютнае патрабаванне. Заклікаем далучыцца да нас у барацьбе за іх вызваленне і звярнуць асаблівую ўвагу на людзей з асаблівымі праблемамі са здароўем. Цяпер нам вядома пра шэсць выпадкаў, калі палітвязні памерлі ў турмах, і для некаторых людзей вызваленне — гэта пытанне жыцця і смерці.

Таксама я заклікаю дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ аказваць падтрымку вызваленым палітвязням ды іх сем'ям, калі яны прыязджаюць у вашы краіны. Многія з іх вымушаныя з'язджаць з Беларусі, многія хочуць пакінуць краіну хоць бы на некаторы час. Усе яны маюць патрэбу ў рэабілітацыі — медычнай, псіхалагічнай і ўсебаковай падтрымцы".

Таццяна Нядбай, Беларускі ПЭН: "Калі чалавека пазбаўляюць магчымасці займацца культурнай, яго руйнуюць маральна"

niadbaj-ales-bialiacki.jpg

"Па стане на 30 верасня 2024 года, у турмах знаходзіцца як мінімум 37 выкладчыкаў і як мінімум 164 культурныя дзеячы. Сёння беларуская культура не мае дзяржаўнай падтрымкі, каб абараняць, развіваць і прасоўваць яе. Адказнасць за культуру ляжыць толькі на яе носьбітах, на нас, і нам патрэбна ваша падтрымка і падтрымка нашых саюзнікаў. Беларуская мова фармальна застаецца адной з дзяржаўных моў у Канстытуцыі Беларусі, але сфера яе выкарыстання звужаецца з кожным годам.

Дзяржава рэпрэсуе, збівае і катуе беларускамоўных грамадзян з яшчэ большай інтэнсіўнасцю. Мы вядзем маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да культурных дзеячаў. Я не хачу распавядаць тое, што вы можаце прачытаць на нашым сайце, таму засяроджуся на гісторыях палітвязняў.

"Алесь Бяляцкі". Кніга была напісана, калі Алесь Бяляцкі быў упершыню арыштаваны з 2011 па 2014 год. Цяпер вядома, што Алесь Бяляцкі спрабуе пісаць лісты сваёй жонцы Наталлі ды сваякам, і яна атрымлівае некаторыя з іх, але вельмі рэдка і, вядома, не ўсё. Гэтая кніга была ў асноўным напісана ў лістах з турмы. Гэта пасланне ад яго жонкі сёння.

Вось што расказала Наталля: "Ён ніколі не атрымліваў ніводнай прадуктовай перадачы, якая можа важыць да 50 кілаграмаў, за ўвесь час знаходжання ў калоніі. Гэта звязана з тым, што яго часта пазбаўляюць права на іх атрыманне праз пакаранні, а таксама таму, што пасылкі могуць адпраўляць толькі бліжэйшыя сваякі.

У Алеся ёсць брат, але ён жыве вельмі далёка. Прыкладна паўтара месяца таму ён адправіў яму два кілаграмы шакаладу і медычную пасылку. Яна дайшла да Алеся, але гэта вельмі мала, улічваючы, што гэта адзінае, што ён атрымаў за ўвесь час у калоніі".

Іншы чалавек — Максім Знак. Ён напісаў кнігу ў першы год свайго зняволення. Максім — бліскучы юрыст і адзін з вялікіх розумаў. Мы дакладна ведаем, што ён спрабаваў пісаць іншыя апавяданні, прозу і вершы, але мы іх ніколі не атрымлівалі. Вядома, што рукапісы іншых палітычных зняволеных, напісаныя ў турме, знішчаюцца турэмнымі ўладамі. Максім Знак з лютага 2023 года знаходзіцца ў статусе інкамунікада і ўтрымліваецца ў карцары. Ён знаходзіцца ў адзіночным зняволенні.

Кагосьці збіваюць, і застаюцца сінякі, якія могуць служыць доказамі катаванняў. Але калі чалавека пазбаўляюць магчымасці займацца культурнай або інтэлектуальнай працай, яго руйнуюць маральна, ня пакідаючы бачных слядоў. Многія пісьменнікі спрабуюць пісаць кнігі ў турме, але, на жаль, рукапісы знішчаюцца, і няма магчымасці іх атрымаць і захаваць праз абмежаваную перапіску. Гэта тычыцца таксама іншых зняволеных пісьменнікаў, і гэта, безумоўна, велізарная страта для беларускай культуры і грамадства.

У адзіночнай камеры чалавека могуць трымаць не больш за 15 дзён, але па законе яго выводзяць праз 15 дзён толькі для таго, каб зноў туды змясціць. Гэты цыкл можа паўтарацца некалькі месяцаў, паўгода ці нават год.

Яшчэ адна гісторыя. Імя гэтага чалавека было забаронена згадваць у афіцыйных выданнях яшчэ да 2020 года. За чатыры месяцы ён завяршыў першы поўны пераклад "Іліяды" на беларускую мову. У яго няма свайго адрасу. Ён хаваецца ў сяброў, мяняе кватэры і, нягледзячы на ўсё гэта, стварае бліскучыя творы. У яго няма афіцыйнага працаўладкавання ў Беларусі.

Гэтыя людзі маюць патрэбу ў нашай і вашай падтрымцы як саюзнікаў. Нам патрэбныя саюзнікі ў іх краінах і ў іншых краінах, каб захаваць нашу культуру. Так, каб побач з усходняй мяжой Еўрапейскага саюза была дэмакратычная краіна, якая паважае правы чалавека і прыносіць мір.

Падтрымка ёсць, але яе недастаткова. Яна мае патрэбу ва ўзмацненні. Тэрміновыя захады прымаюцца, але гэтага недастаткова.

Нам патрэбная ваша падтрымка. Беларускія праваабаронцы сёння выконваюць складаную і важную працу, якая прынясе плён, калі прыйдзе час аднаўляць краіну. Калі мы нічога не зробім цяпер, праз пяць гадоў гэта будзе чорная дзірка. І яшчэ адна просьба да нашых саюзнікаў — да іншых еўрапейскіх краін: мы цэнім гуманітарныя візы, прадастаўленыя Польшчай і Літвой, але гэтыя візы сталі небяспечнымі для людзей унутры Беларусі.

Звычайныя шэнгенскія візы могуць выратаваць жыцці і свабоду. Гэта таксама важна, улічваючы сітуацыю ў Грузіі і сітуацыю ў лютым. У Грузіі асабліва патрэбная гуманітарная дапамога і калідор для беларусаў у еўрапейскія краіны. Гэта таксама пытанне візавай палітыкі ЕС".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства