viasna on patreon

Затрыманні за пратэсты і сарваныя чырвона-зялёныя сцягі: хроніка пераследу 24-25 верасня Дапоўнена

2024 2024-09-25T13:11:41+0300 2024-10-04T17:44:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/skulavec.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 24-25 верасня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Полк Каліноўскага «тэрарыстычнай арганізацыяй»

Адпаведнае рашэнне было прынятае па заяве генпракурора Андрэя Шведа.


У «спіс тэрарыстаў» дадалі яшчэ шэсць беларусаў

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ 6 чалавек.

Сярод іх — Аліна Галінская, Аляксандр Лазарэвіч, Вадзім Луцэвіч, Антон Чарамных, Міхаіл Галаўко, Яўген Гурыновіч.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1164 чалавекі, з іх крыху менш за 500 — беларусы.


За каментары затрымалі намесніцу дырэктара па вучэбнай рабоце адной з мінскіх школ

Яе абвінавачваюць у тым, што яна пакідала каментары на «забароненых сайтах». На «пакаяльным відэа» жанчына кажа, што ніякіх каментароў не пакідала.

Праўладныя тэлеграм-каналы пагражаюць затрыманай звальненнем.


Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі TikTok-акаўнт, старонка ў Instagram і Facebook-профіль Таццяны Хоміч, Youtube-канал «Максим Шабуцкий», а таксама старонка ў Instagram «yana.joj».


Мужчыну затрымалі за ўдзел у пратэстах 

На «пакаяльным відэа» затрыманы кажа, што браў удзел у акцыях пратэсту, прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце «плана Перамога», а таксама пакідаў «негатыўныя каментарыі на адрас супрацоўнікаў міліцыі».


Жыхар Лунінецкага раёна ў 2021 годзе зняў з крамы чырвона-зялёны сцяг — яго знайшлі праз тры гады па адбітках пальцаў

У 2021 годзе ў Лунінецкім раёне была распачата крымінальная справа па артыкуле аб здзеку з дзяржсімвалаў (арт. 370 КК), аднак чалавека, які зняў сцяг, тады не знайшлі. Побач з месцам здарэння ляжала бутэлька з півам, з якой знялі адбіткі пальцаў.

Як паведамляе Дзяржкамітэт судэкспертыз, у 2024 годзе 21-гадовы хлопец з гэтага раёна праходзіў працэдуру абавязковай дактыласкапіі ў рамках прызыву. Адбіткі яго пальцаў супалі з адбіткамі на бутэльцы, знойдзенымі ў 2021 годзе.


Юнакі сарвалі чырвона-зялёны сцяг з крамы — распачата крымінальная справа

Паведамляецца, што ў Слаўгарадскі РАУС звярнулася ўладальніца кветкавай крамы — нехта нібыта сарваў з фасаду чырвона зялёны сцяг, а таксама пашкодзіў шыльду і кветачніцу.

Міліцыянты затрымалі 16-гадовага навучэнца каледжу і 18-гадовага трактарыста. Распачата крымінальная справа за «здзек з дзяржаўных сімавалаў» (арт. 370 КК).

Верагодна, гаворка ідзе пра двух хлопцаў, якіх затрымалі ў Слаўгарадзе на мінулым тыдні.


У Глыбокім затрымалі як мінімум траіх чалавек 

Сцвярджаецца, што ўсе яны ўдзельнічалі ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. Сярод затрыманых адміністратар старонкі «Падслухана Глыбокае», а таксама жанчына, якая на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай раздавала кветкі.


Супраць журналіста Сяргея Скулаўца, які з'ехаў з Беларусі, распачалі крымінальную справу 

Пра гэта мужчына напісаў у сваім Facebook.

«Следчы камітэт распачаў супраць мяне справу. З ператрусам прыехалі да мамы, праглядзелі мабільнік, забралі яе, завезлі на мой хутар. Падрабязнасьцяў, на жаль, не ведаю зусім, але справа дакладна зьвязаная з Белсатам».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства