viasna on patreon

Жыхарка Жлобіна з’ехала ад пераследу, час паказаў, што недарэмна: дзяўчыну асудзілі завочна

2024 2024-08-19T15:06:26+0300 2024-08-20T08:43:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/galinskaja-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аліна Галінская

Аліна Галінская

Фельчарка хуткай медыцынскай дапамогі з Жлобіна Аліна Галінская ў жніўні 2020 года патрапіла пад асаблівую ўвагу супрацоўнікаў праваахоўных органаў, зазнала адміністрацыйны пераслед, прайшла праз штрафы, арышты і прафілактычныя гутаркі. Калі дзяўчына зразумела, што ўсё можа скончыцца крымінальнай справай, разам з мужам прыняла рашэнне з’ехаць з Беларусі.  Аліна пагадзілася распавесці “Вясне” аб тым, праз якія выпрабаванні яна прайшла, каб застацца ў бяспецы.

Жлобін пасля 9 жніўня 2020 года вірыў: на паслявыбарчую акцыі пратэсту выходзілі тысячамі. Яшчэ і дагэтуль амаль кожны тыдзень жлабінчукоў судзяць за ўдзел у маршах і мітынгах па народным, 342 актыкуле. Аліна добра памятае тыя дні:

“У 2020 годзе я толькі ўладкавалася на працу ў Жлобіне фельчарам выязной брыгады на станцыі хуткай медыцынскай дапамогі.  Дагэтуль памятаю 9 жніўня. Мы з мужам прыйшлі на выбарчы ўчастак, каб даведацца пра афіцыйныя вынікі галасавання. Мой участак быў побач з плошчай Вызваліцеляў, дзе пачалі сабірацца людзі. Недзе каля 20 гадзін плошча была ачэпленая, супрацоўнікі ў форме падыходзілі да ўсіх і загадвалі пакінуць плошчу. Мы сядзелі на лаўцы, калі да нас таксама падыйшлі і папрасілі сыйсці з плошчы: “Нам паступіў такі загад”, ­– патлумачылі яны.”

Два каментарыі – дзве адміністрацыйкі

Першую адміністрацыйную справу на Галінскую завялі ў жніўні за наўмысную абразу, тады гэта быў арт. 9.3 КаАП (зараз – 10.2 КаАП).

“Я напісала нейкі каментарый, ужо дакладна не памятаю, бо была абураная інфармацыяй аб тым, як супрацоўнік міліцыі Ганцавічскага РАУС старшы лейтэнант Аляксандр Шляжко хапаў жанчыну за валасы. У сацыяльнай сетцы “Вконтакте” напісала гняўлівае паведамленне, у якім не было ніякай нецэнзуршчыны, проста напісала, што ён – пазорышча ў форме і каб усе ягоныя блізкія таксама выпрабавалі тое, што ён рабіў з жанчынамі. 

Вельмі хутка ягоная старонка была выдаленая, а я пра гэты эпізод забылася.

Аднак праз нейкі час супрацоўнікі міліцыі пачалі шукаць адрас майго пражывання, нейкі брытагаловы высокі амбал у цывільным, які і не падобны на міліцыянта, прыходзіў па месцы прапіскі мужа, апытваў суседзяў. А праз тыдзень прыйшла павестка на адрас сваякоў, бо я жыла ў іншым месцы.

Спачатку казалі, што ўзбудзяць крымінальную справу, мой каментарый адправілі на экспертызу, але потым нешта перадумалі і я атрымала паведамленне што ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена. Відаць, пашкадавалі”.

У выніку, 13 жніўня адбыўся адміністратыўны суд, які прайшоў вельмі хутка, Аліну там нават слухаць не хацелі. У выніку пастанавілі аштрафаваць на суму 270 рублёў. Другі раз пратакол на дзяўчыну склалі 17 верасня 2020 за абразу службовай асобы пры выкананні абавязкаў паводле арт. 23.5 КаАП ( зараз арт. 24.4 КаАП). Дзяўчына прыгадвае, што пад нейкім пастом у тэлеграме напісала “Лашкі-петушкі”. За гэта суд Жлобінскага раёна 20 кастрычніка пастановіў вынесці ёй штраф у памеры 675 рублёў.

“А ў верасні мяне выклікалі ў пракуратуру і паведамілі, што нібыта я, 16 жніўня пад час аблавы, калі шмат актывістаў пазатрымлівалі, таксама была затрыманая на суткі і нават ёсць пратакол майго затрымання. Самае дзіўнае, што ў гэты час я была на працы, тады яны некуды патэлефанавалі і праз некаторы час мяне адпусцілі.

Затым трохі ўсё супакоілася, хіба што выклікаў на прафілактычную гутарку галоўны ўрач Жлобінскай ЦРБ, выхоўваў, казаў, што ты маладая і нічога не разумееш, пераконваў, што я памыляюся, пагражаў звальненнем, але, відаць, не хацелі звальняць маладую спецыялістку”.

Знаёмства з жлобінскім ІЧУ

Пэўны час усё было спакойна. Затым нечакана, 4 красавіка 2023 года, да сваякоў Галінскай прыйшлі двое мужчын у цывільнай вопратцы, сказалі ім, што Аліне трэба прыйсці ў РАУС на прафілактычную гутарку і падпісаць нейкую паперу.

“Літаральна праз паўгадзіны, па месцы майго пражывання пачалі моцна грукаць у дзверы. Я прыехала з начной змены, і хаця маральна была падрыхтаваная да такога развіцця падзей, вырашыла ім не адчыняць.

Патэлефанавала калегам, запыталася, ці прыяжджалі да мяне на працу. Адказалі, што так, 15 хвілін былі на аўтамабіле “Джылі”. Я папярэдзіла мужа і стала рыхтавацца да магчымага затрымання, схадзіла ў душ, апранулася ў цяплейшую вопратку: разумела, што мяне ўсё адно забяруць, бо пад вакном стаяла шэрая “Джылі”, якая прыязджала на працу.

Так прайшло 2-3 гадзіны, яны за гэты час патэлілі мужу і спыталіся, чаму я не адгукаюся. Ён вярнуўся дахаты. Потым я перазваніла ім і выйшла з пад’езда. Але тут супрацоўнікі міліцыі паведамілі, што трэба правесці агляд кватэры. Нічога, праўда пры гэтым “экстрэмісцкага” яны не знайшлі.

Аднак паведамілі, што маўляў, я зрабіла адзіночнае пікетаванне ў Тэлеграме і паказалі скрыншот фота. Прычым, там паказалі скрыншот, на якім ні акаунта не бачна, ні даты.

Карацей, знайшлі відэа двухгадовай даўніны, дзе ў адным месцы, калі павялічыць фота, можна было ў куточку заўважыць кавалак бел-чырвона-белага сцяга”.

Аліну павезлі ў аддзяленне міліцыі падпісаць пратакол і пагутарыць. Яе амаль чатыры гадзіны распытвалі, як яна ставіцца да вайны ва Украіне, да беларускай улады, да Расіі, распытвалі і пра 2020 год. Тады ж яе сілавікі з Гомеля прымусілі запісаць пакаяльнае відэа.

“Калі я паспрабавала адмовіцца, сказала, што не буду гэтага рабіць, і што будзе за гэта, мне адказаў адзін з іх: “А ты хочаш праверыць, што з табой будзе? Скажы дзякуй, што мы цябе тут не распранулі”. Пры гэтым я практычна двае сутак не спала, працавала ў начную змену, а калі папрасіла вады – мне адмовілі.”

Суд адбыўся на другі дзень, 5 красавіка. Аліна атрымала 15 сутак адміністрацыйнага арышту і канфіскацыю мабільнага тэлефона, набытага некалькі дзён таму і па гэтый прычыне ён не мог быць сродкам здзяйснення правапарушэння.

“Так я апынулася ў Жлобінскім ІЧУ. Што найбольш запомнілася? У першай камеры нас было 13 чалавек на 6 месцаў. І каб не падтрымка сукамерніц – было б цяжка, бо днём ляжаць забаранялі, а ноччу будзілі па два разы на паверку. Спалі мы на металічных пласцінах, кіпетню не давалі, нават перадачу, якую прынёс муж, урэзалі роўна напалову. За пятнаццаць сутак я пабывала ў чатырох камерах. Вызвалілі мяне пазней прызначанага часу, што мяне таксама нервавала. Ад усіх гэтых умоў па вызваленні я пайшла на бальнічны. Мяне першыя дні калашмаціла ад камер на вуліцы, ад віду супрацоўнікаў міліцыі, я ўглядалася ў аўтамабілі, якія трапляліся на шляху”.

Разумеючы, што яе чакае наперадзе, літаральна праз тры дні пасля ІЧУ, Аліна з мужам пакінулі Беларусь. І як паказаў час – недарэмна.

“Распальвала варожасць да сацыяльнай групы “рускі народ”

Пра тое, што супраць Аліны ўзбудзілі крымінальную справу ў парадку “спецвытворчасці”, яна даведалася з навін:

"Следчы камітэт пачаў "спецыяльную вытворчасць" у дачыненні да Аліны Галінскай, піша тэлеграм-канал ведамства. Галінская абвінавачваецца па артыкуле аб распальванні сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК), Следчы камітэт прапануе ёй з'явіцца ў Жлобінскі раённы аддзел СК”.

Падставай для крымінальнага пераследу Аліны паслужылі два каментары ў Тэлеграм. Так, па версіі следства, Галінская 26 кастрычніка 2020 года ў групе “Жлобін для жыцця” размясціла тэкставае паведамленне, якое нібыта было скіраванае на распальванне сацыяльнай варожасці ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, а 22 верасня 2022 года напісала ў Тэлеграм пра сваё стаўленне да агрэсіі Расіі ва Украіне, што следства расцаніла як распальванне варожасці і непрыязнасці да сацыяльнай групы “рускі народ”.

Суд прызначылі на 12 жніўня. Яшчэ пад час следства і падрыхтоўкі да працэсу Аліна Галінская спрабавала наладзіць кантакты з Гомельскім абласным судом, з прызначаным ёй дзяржаўным адвакатам, якая, дарэчы, спачатку адгукнулася, а потым перастала адказваць на тэлефанаванні. Яна таксама прасіла дазволу ўдзельнічаць у судовым працэсе па відэасувязі, аднак адказу не атрымала.

Сёння стаў вядомы прысуд Аліне Галінскай. Суддзя Сяргей Багінскі прысудзіў дзяўчыне два гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства