viasna on patreon

Дзіцячая праца ў Беларусі: праблемы існавання і перспектывы скасавання

2024 2024-08-29T17:18:45+0300 2024-08-29T17:23:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sborka-urozhaya-50.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пры наяўнасці міжнародных абавязальніцтваў, якія забараняюць выкарыстанне дзіцячай працы, Беларусь сутыкаецца з сур'ёзнымі выклікамі ў гэтай галіне. Ці адпавядае беларускае заканадаўства міжнародным стандартам? Як рэальна выглядае сітуацыя з дзіцячай працай у краіне? У новай публікацыі з праваабаронцам "Вясны" Алегам Мацкевічам разбіраемся, дзе праходзяць межы дазволенага, якія формы дзіцячай працы ёсць у Беларусі, і чаму яны не заўсёды адпавядаюць патрабаванням міжнароднага права.

Иллюстрационное фото
Ілюстрацыйнае фота

Дзіцячая праца: межы дазволенага

Пры гэтым праваабаронца адзначае, што не ўсялякая работа, якая выконваецца дзецьмі, з’яўляецца абсалютным злом і патрабуе выкаранення.

"Так, калі дзіця старэйшае за мінімальны ўзрост для прыёму на працу, выконвае лёгкую або бяспечную працу ва ўмовах, якія не перашкаджаюць яму атрымліваць адукацыю і не пагражаюць яго фізічнаму або маральнаму здароўю, сама праца па ўзроўню нагрузкі адпавядае ўзросту дзіцяці, гэта не з'яўляецца забароненым або супрацьпраўным. Тое самае тычыцца выканання працы ў рамках сямейных абавязкаў. Яна можа быць як дома, гэтак і ў хатняй гаспадарцы, нават калі гэта звязана з вядзеннем бізнесу".

Такая праца паводле праваабаронцы лічыцца ў грамадстве карыснай, дапамагае сацыялізацыі дзяцей, спрыяе атрыманню імі пэўных навыкаў і ўменняў, рыхтуе глебу да ўступлення ў дарослае самастойнае жыццё. Іншая дзіцячая праца знаходзіцца па-за межамі дазволенага і вызначаецца правам як з’ява, якая пазбаўляе дзяцей дзяцінства, знішчае іх годнасць, можа наносіць шкоду фізічнаму, разумоваму і маральнаму развіццю падрастаючага пакалення.

Дзіцячую працу, якая з’яўляецца супрацьпраўнай і якую неабходна скасаваць, умоўна можна падзяліць на тры катэгорыі:

  • праца, якая выконваецца дзіцём ва ўзросце ніжэй за мінімальны ўзровень, устаноўленага для падобнага роду работ (у адпаведнасці з вызначэннем нацыянальнага заканадаўства і прынятымі на міжнародным узроўні нормамі) і якая можа перашкодзіць адукацыі і паўнацэннаму развіццю дзіцяці;
  • праца, якая ставіць пад пагрозу фізічны, разумовы або маральны дабрабыт дзіцяці як па сваім характары, гэтак і ў сувязі з умовамі, у якіх яна выконваецца і якая вядомая пад назвай небяспечная праца;
  • безумоўна найгоршыя формы дзіцячай працы, якія на міжнародным узроўні вызначаны як рабства, гандаль людзьмі, даўгавая кабала і іншыя формы прымусовай працы, прымусовага набору дзяцей для выкарыстання ва ўзброеных канфліктах, прастытуцыі і парнаграфіі, а таксама ў іншай супрацьзаконнай дзейнасці.

Прававое рэгуляванне пытання дзіцячай працы на міжнародным узроўні

У міжнародных канвенцыях і рэзалюцыях пад паняцце “дзіцячая праца” падпадаюць, як правіла, тыя яе віды, якія супярэчаць агульнапрызнанаму праву. Апроч гэтага, тэрміна выкарыстоўваецца таксама паняцце “найгоршыя формы дзіцячай працы”. Так зроблена адмыслова з тым, каб на найбліжэйшы час пазначыць перспектывы неадкладнага выкаранення найменш прымальных з пункту гледжання міжнароднай супольнасці сацыяльных з’яў у галіне аховы дзяцінства.

Міжнародна-прававая база па забароне дзіцячай працы пачала зараджацца ў першай палове ХХ стагоддзя і істотна папоўнілася ў яго апошнія дзесяцігоддзі:

Паводле палажэнняў дакумента тэрмін "найгоршыя формы дзіцячай працы" ўключае:

а) усе формы рабства або практыку, падобную да рабства, як, напрыклад, продаж дзяцей і гандаль імі, даўгавую кабалу і прыгонную залежнасць, а таксама прымусовую або абавязковую (вымушаную) працу, у тым ліку прымусовую або абавязковую вярбоўку дзяцей для выкарыстання іх ва ўзброеных канфліктах;

b) выкарыстанне, вярбоўку або прапанову дзіцяці для заняткаў прастытуцыяй, для вытворчасці парнаграфічнай прадукцыі або для парнаграфічных прадстаўленняў;

с) выкарыстанне, вярбоўку або прапанову дзіцяці для заняткаў супрацьпраўнай дзейнасцю, у прыватнасці для вытворчасці і продажу наркотыкаў, як яны вызначаны ў адпаведных міжнародных дагаворах;

d) працу, якая па сваім характары або ўмовах, у якіх яна выконваецца, можа нанесці шкоду здароўю, бяспецы або маральнасці дзяцей.

Выкараненне дзіцячай працы з’яўляецца адной з амбіцыйных мэтаў, пастаўленай міжнароднай супольнасцю на бліжэйшую гістарычную перспектыву. Прыкладам гэткіх высілкаў з’яўляецца Дурбанскі заклік да дзеяння – дакумент, прыняты дэлегатамі 5-ай Сусветнай канферэнцыі па выкараненні дзіцячай працы 20 траўня 2022 года, які падкрэсліў неабходнасць тэрміновых мераў па знішчэнні дзіцячай працы.

Дурбанскі заклік да дзеяння кіруецца Мэтамі ўстойлівага развіцця (МУР). У прыватнасці, задача 8.7 МУР кажа, што ўсе дзяржавы-члены ААН прымуць меры па выкараненні дзіцячай працы ва ўсіх яе формах да 2025 года. З гэтай мэтай Дурбанскі заклік да дзеяння абавязвае дзяржавы-члены адсочваць свой уласны прагрэс у перыяд з 2022 па 2025 год і прадставіць вынікі на 6-ай Сусветнай канферэнцыі па выкараненні дзіцячай працы.

У 1992 г. была заснавана Міжнародная праграма па выкараненні дзіцячай працы ІПЕК (IPEC – International Programme on the Elimination of Child Labour). Яна распрацаваная спецыяльна для аказання дапамогі краінам-удзельніцам у барацьбе з дзіцячай працай і ў засваенні эфектыўных і правераных метадаў вядзення гэтай барацьбы.

Нацыянальнае заканадаўства Беларусі ў галіне дзіцячай працы

Заканадаўчая база Беларусі збольшага адаптаваная пад патрэбы міжнародна-прызнанага прававога абмежавання дзіцячай працы. Але з улікам усіх абавязкаў, якія Беларусь нясе як краіна-удзельніца міжнародных пагадненняў, што тычыцца дзіцячай працы, ёсць і істотныя недахопы.

Згодна з Працоўным кодэксам заключэнне працоўнай дамовы дапускаецца з асобамі, якія дасягнулі 16 гадоў. З пісьмовай згоды аднаго з бацькоў працоўны дагавор можа быць укладзены з асобай, якая дасягнула чатырнаццаці гадоў, для выканання лёгкай работы або занятку прафесійным спортам, якія не з’яўляюцца шкоднымі для яе здароўя і развіцця, не перашкаджаюць атрыманню агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Забараняецца прыцягненне да працы асоб маладзейшых за васямнаццаць гадоў на цяжкіх работах і на работах са шкоднымі і (ці) небяспечнымі ўмовамі працы, на падземных і горных работах. Забараняюцца пад’ём і перамяшчэнне непаўналетнімі цяжараў ўручную, якія перавышаюць устаноўленыя для іх крайнія нормы.

Для работнікаў маладзейшых за васямнаццаць гадоў устанаўліваецца скарочаная працягласць працоўнага часу: ва ўзросце ад чатырнаццаці да шаснаццаці гадоў – не больш за 23 гадзіны на тыдзень, ад шаснаццаці да васямнаццаці гадоў – не больш за 35 гадзін на тыдзень. Працягласць працоўнага часу непаўналетніх пры сумяшчэнні працы з навучаннем не можа перавышаць паловы максімальнай працягласці працоўнага часу.

Парушэнне норм працоўнага заканадаўства, у тым ліку тых, якія рэгулююць дзіцячую працу, цягне ў Беларусі пэўныя віды адказнасці: матэрыяльную, дысцыплінарную, грамадзянска-прававую, адміністратыўную, крымінальную. Але алгарытмы і віды пакарання вінаватых у выкарыстанні дзіцячай працы не ў поўнай меры адпавядаюць патрабаванням, закладзеным міжнародна-прававымі пагадненнямі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь.

Напрыклад, міжнародным правам прызнаецца неабходным у выпадку парушэння заканадаўства аб мінімальным узросце для працаўладкавання мець у заканадаўстве дастаткова дзейсныя дыверсіфікаваныя санкцыі грамадзянска-прававога, адміністрацыйнага і крымінальнага характару.

Нормы Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь прадугледжваюць адказнасць толькі ў выпадку парушэння правіл аховы працы (арт. 306 КК), што пацягнулі за сабой цяжкія наступствы: прафесійнае захворванне, цяжкія ці менш цяжкія цялесныя пашкоджанні, смерць. Але ў ім адсутнічаюць нормы, якія б наўпрост фармулявалі і прадугледжвалі крымінальную адказнасць асобаў, якія выкарыстоўваюць забароненую дзіцячую працу (ніжэй мінімальнага ўзросту для працаўладкавання, на работах са шкоднымі і (ці) небяспечнымі ўмовамі працы, на падземных і горных работах і інш.).

Няма канкрэтна прапісаных норм аб забароне дзіцячай працы і адпаведнай адказнасці за гэта і ў Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Агульныя палажэнні ў выглядзе адміністратыўнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб працы (арт. 10.12 КаАП) і парушэнне патрабаванняў па ахове працы (арт. 10.13 КаАП) не адпавядаюць па сваёй сутнасці ні міжнароднаму праву (Канвенцыя №138, арт. 9(1)), ні абавязкам дзяржавы, прынятым у адпаведнасці з падпісанымі пагадненнямі. 

Права непаўналетніх на бесперашкодны доступ да прававых механізмаў абароны (шляхам стварэння магчымасцяў для прыняцця непаўналетніх асобаў у прафсаюзы ці шляхам надзялення прафсаюзаў, ці іншых грамадскіх арганізацый, якія займаюцца дзіцячай працай, прававымі паўнамоцтвамі па прадстаўленні інтарэсаў непаўналетніх перад законам) таксама не можа быць рэалізавана ў Беларусі ў поўным аб’ёме з прычыны неэфектыўнасці адзяржаўленай прафсаюзнай сістэмы абароны правоў працоўных у цэлым. Апошняе пацвярджаецца не толькі звесткамі, атрыманымі ад грамадскіх актывістаў на нацыянальным узроўні, але і высновамі, зробленымі самымі аўтарытэтнымі і ўплывовымі міжнароднымі структурамі – ААН, МАП, шэрагам буйных міжнародных праваабарончых арганізацый і г.д.

Яшчэ складаней сітуацыя, датычная дзіцячай працы, склалася на нацыянальным узроўні, калі аналізаваць яе з пункту гледжання патрабавання, закладзенага міжнароднымі пагадненнямі, і якое прадугледжвае выключэнне прававой адказнасці непаўналетніх за іх працаўладкаванне, нават калі вядзецца аб незаконных відах дзейнасці. Пошук кампрамісу паміж юрыдычнай адказнасцю непаўналетніх за здзяйсненне правапарушэнняў і абавязкам дзяржавы змагацца і выкараняць найгоршыя формы дзіцячай працы, як гэта прадугледжана Канвенцыяй №182, патрабуе як мінімум шырокай дыскусіі з удзелам грамадскасці і адмыслоўцаў. Нічога гэтага ў сучаснай Беларусі няма і не можа быць з прычыны адсутнасці зваротнай сувязі паміж дзяржавай і грамадствам і дэмакратычных механізмаў іх узаемадзеяння.

Для даведкі:

Згодна з дадзенымі судовай статыстыкі аб асуджаных непаўналетніх, размешчанай на сайце Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь:

  • за 2016 г. – 229 падлеткаў асуджана за злачынствы, якія звязаныя з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні наркотыкаў;
  • за 2017 г. – 105 падлеткаў асуджана за злачынствы, якія звязаныя з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні наркотыкаў;
  • за 2018 г. – 58 падлеткаў асуджана за злачынствы, якія звязаныя з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні наркотыкаў;
  • за 2019 г. – 52 падлеткі асуджана за злачынствы, якія звязаныя з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні наркотыкаў;
  • за 2020 г. – 42 падлеткі асуджана за злачынствы, якія звязаныя з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні наркотыкаў;
  • за 2021 г. – 84 падлеткі асуджана за злачынствы, якія звязаныя з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні наркотыкаў;
  • за 2022 г. – 116 падлеткаў асуджана за злачынствы, якія звязаныя з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні наркотыкаў;
  • за 2023 г. – 78 падлеткаў асуджана за злачынствы, якія звязаныя з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні наркотыкаў;
  • за 1-е паўгоддзе 2024 г. – 36 падлеткі асуджаны за злачынствы, якія звязаныя з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні наркотыкаў.

Такім чынам, за 8,5 гадоў 800 падлеткаў адправіліся ў турму на немалыя тэрміны зняволення (у Беларусі існуе жорсткае крымінальнае заканадаўства адносна асоб, якія здзейснілі злачынствы, звязаныя з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні наркотыкаў, у тым ліку непаўналетніх).

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь не ўтрымлівае спецыфічнай тэрміналогіі, звязанай з закранутай праблематыкай, такія як "дзіцячая праца", "небяспечныя формы дзіцячай працы" і г.д. Таксама нацыянальнае заканадаўства не ўтрымлівае палажэнняў, якія забараняюць якія-небудзь формы прымусовай або абавязковай (вымушанай) працы з удзелам непаўналетніх, не прадугледжвае прымяненне мераў па барацьбе з прымусовай працай у адносінах да непаўналетніх асобаў, не забяспечвае спецыяльныя меры абароны ў дапаўненне да палажэнняў, якія нацэленыя на барацьбу з прымусовай працай.

Не выконваецца абавязальніцтва, прадугледжанае арт. 6 Канвенцыі аб забароне і неадкладных мерах па выкараненні найгоршых формаў дзіцячай працы – распрацаваць і ажыццявіць праграму дзеянняў па выкараненні ў прыярытэтным парадку найгоршых формаў дзіцячай працы. Як прыклад выканання гэткага абавязку можна прывесці “Нацыянальную праграму па выкараненні найгоршых формаў дзіцячай працы ў Рэспубліцы Таджыкістан на 2015-2020 гады”, распрацаваную ўрадам гэтай краіны.

Ці сведчыць адсутнасць нарматыўнай дэталізацыі дзіцячай працы ў заканадаўстве аб тым, што ў Беларусі адсутнічае сама гэтая праблема? Разгледзім гэтае пытанне ў наступным раздзеле.

Дзіцячая праца ў Беларусі

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2022 годзе дзіцячай працай было занята 3,4% дзяцей ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў (у свеце гэты паказчык у сярэднім сягае прыкладна 10%). Сярод хлопцаў гэты працэнт занятасці дасягнуў 3,6%, сярод дзяўчат – 3,1%. Трыма гадамі раней – у 2019 годзе – дзіцячай працай было занята 4,1% дзяцей ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў. На той момант сярод хлопцаў працэнт занятасці склаў 4,7%, сярод дзяўчат – 3,4%.

Ніжэй мінімальнага ўзросту для прыёму на працу ў 2022 г. дзіцячай працай было занята 3,4% дзяцей (пры гэтым 6% з іх – ніжэй узросту 11 гадоў). У 2005 г. такіх дзяцей было 5,1%, у 2012 г. – 1,4%, у 2019 г. – 4,1%. 

2dziciachyj_trud_1.png
Фота № 1. 3,4% дзяцей ніжэй мінімальнага ўзросту для прыёму на працу былі занятыя дзіцячай працай у Беларусі ў 2022 г.

1dziciachyj_trud_1.png
Фота № 1.1. Статыстычныя дадзеныя аб дзіцячай працы ў Рэспубліцы Беларусь за 2019 г., апублікаваныя на сайце UNICEF (Дзіцячы фонд ААН).

У гарадах і пасёлках гарадскога тыпу дзіцячай працай у 2022 г. было занята 2% дзяцей. У 2005 г. такіх дзяцей было 2,6%, у 2012 г. – 1,3%, у 2019 г. – 2,6%. У сельскіх населеных пунктах дзіцячай працай у 2022 г. было занята 8,2% дзяцей. У 2005 г. такіх дзяцей было 9%, у 2012 г. – 1,8%, у 2019 г. – 8,5%.

4dziciachyj_trud_1.png
Фота № 2,3. Афіцыйныя статыстычныя табліцы з паказчыкамі дзіцячай працы ў гарадах і пасёлках гарадскога тыпу, а таксама ў сельскіх населеных пунктах.

"Гэта амаль усё, што вядома з афіцыйных крыніцаў аб становішчы з дзіцячай працай у Беларусі. Відавочна, што даследаванняў у галіне дзіцячай працы праводзіцца недастаткова. Аб гэтым сведчаць рэдкія афіцыйныя лічбы – усяго два агульнанацыянальныя замеры на працягу апошніх дзесяці гадоў, і адсутнасць больш дэталёвай разбіўкі дадзеных згодна з вызначэннем дзіцячай працы, якая мае пэўныя індыкатары для пэўных узроставых груп дзяцей.

Ці дэманструюць афіцыйныя лічбы сапраўднае становішча з дзіцячай працаў у Рэспубліцы Беларусь? З вялікай доляй верагоднасці можна казаць, што гэтыя дадзеныя скажоныя і не адлюстроўваюць рэальнасць", – кажа Алег Мацкевіч.

Якія формы працоўнай занятасці дзяцей існуюць у Беларусі?

Існуе як мінімум некалькі формаў працоўнай занятасці дзяцей у Беларусі, якія з пункту гледжання іх адпаведнасці міжнароднаму праву павінны выклікаць занепакоенасць. Спецыфічнай беларускай рысай з’яўляецца тое, што большасць іх суправаджае працэс атрымання дзецьмі афіцыйнай адукацыі.

1. Дзіцячая праца на прышкольных зямельных участках шырока практыкуецца ва ўсіх рэгіёнах краіны, асабліва ў невялікіх мястэчках і сельскай мясцовасці. Школьныя адміністрацыі і аддзелы адукацыі вельмі часта прадстаўляюць яе як “сродак сацыялізацыі вучняў”, частку вучэбна-выхаваўчага працэсу і прафесійнай арыентацыі. Але характар гэтай працы сведчыць аб іншым.

Па-першае, згодна з індыкатарамі, якія выкарыстоўваюцца пры вымярэнні дзіцячай працы, падобныя работы належаць да эканамічнай дзейнасці або вытворчасці (супрацьлегласцю ім з’яўляюцца "хатнія справы"). Для таго, каб лічыць такую работу дзіцячай працай, дастаткова, каб падлетак ад 5 да 11 гадоў займаўся ёю хаця б адну гадзіну цягам тыдня, падлеткі ад 12 да 14 гадоў – не менш 14 гадзін на тыдзень, і не менш 43 гадзін на тыдзень – падлеткі ад 15 да 17 гадоў.

Па-другое, як адзначае праваабаронца, важна ўлічваць наколькі дзіцячая праца на прышкольных зямельных участках стасуецца з навучальным працэсам і ці з’яўляецца яна добраахвотнай? Адно, калі вучань праходзіць навучанне ў спецыялізаваным класе і праца на градках па часе, форме і зместу адпавядае навучальнай праграме. Зусім іншае, калі адукацыйная праграма канкрэтнага дзіцяці не прадугледжвае сельскагаспадарчых работ, а ягоны ўдзел у іх не з’яўляецца добраахвотным. Тут, верагодна, можам мець справу з так званай прымусовай або вымушанай працай – найгоршай формай дзіцячай працы, якая супярэчыць міжнароднаму праву.

На карысць апошняй версіі кажа тое, што мэта зніжэння выдаткаў на школьныя абеды за кошт вырошчвання ўласнай сельскагаспадарчай прадукцыі не з’яўляецца таемнай і адкрыта агучваецца адміністрацыямі шматлікіх вучэбных устаноў як адна з галоўных, калі гаворка ідзе аб школьных падворках. У такіх умовах пытанне добраахвотнай працы дзяцей на іх набывае дадатковы і зусім не адназначны сэнс.

5dziciachyj_trud_1.jpg
Фота 4. Праца школьнікаў на прысядзібным участку ў СШ аграгарадка Прыболавічы Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Відавочна, што выкарыстанне падлеткаў у якасці цяглавай сілы для ўзворвання глебы не можа лічыцца адпаведнай па свайму характару ўзросту работніка, а таксама можа нанесці шкоду яго фізічнаму здароўю.

6dziciachyj_trud_1.jpg
Фота 5. Навучэнцы сярэдняй школы аграгарадка Зубкі Клецкага раёну Мінскай вобласці сабралі больш 20 мяшкоў яблык для здачы нарыхтоўшчыкам. Як вынікае з тэксту публікацыі, рабілі гэта яны ў дзень школьных заняткаў на вялікім перапынку. Заробленыя грошы пойдуць на патрэбы школы.
10dziciachyj_trud_1.jpg
Фота 6. Вежнаўская базавая школа Светлагорскага раёна поўнасцю забяспечвае сталовую агароднінай дзякуючы ўласнаму агароду. На 30 сотках школьнага падворку вучні працуюць пачынаючы з 5 класа. “Работа на огороде – часть учебного процесса, точнее, уроков труда. Таким же образом решаются вопросы занятости в субботу и летней практики” – піша аўтар публікацыі.
2. Пры выкарыстанні дзіцячай працы ў сельскай гаспадарцы ў сучаснай Беларусі не забываюць і на больш “артадаксальныя” савецкія традыцыі. Так, апрача школьных падворкаў, навучэнцаў сярэдніх школ прымушаюць працаваць у вучэбны час на землях старонніх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

ТАА "ПионерПродукт" (юрыдычная асоба зарэгістраваныя па вул. Барадзінскай, д. 3, г. Мінск) на старонках свайго сайта восенню 2022 г. з гонарам паведамляе: “Массовый сбор овощей в “Александрийском” начнется в двадцатых числах сентября. Убирать их с полей будут как собственными силами, так и с привлечением дополнительных трудовых ресурсов, главным образом местных школьников. На территории хозяйства планируют посменно трудиться учащиеся Александрийской, Старосельской и Улановской школ – примерно по 30 человек в день. Ранее дети традиционно привлекались к уборке яблок, их помощь была очень важна и весома для аграриев. Летом детей задействовали на видовых прополках зерновых культур и зерносушильных комплексах.” 

3. Выкарыстоўваюць школьнікаў таксама для пасадкі лесу. Адбываецца гэта падчас навучальнага працэсу, калі заняткі яшчэ не скончаныя. Дзясяткі вучняў засаджваюць гектары маладняку дарма, без усялякай аплаты. Дзіцячая праца легітымізуецца ў рэспубліканскім маштабе і носіць назву “трудовой” акцыі “Молодость. Традиции. Будущее”.

9dziciachyj_trud_1.jpg

Падчас іх правядзення школьнікі прыбіраюць тэрыторыі навучальных устаноў, замацаваных за імі зямельных участкаў агульнага карыстання, месцаў пахавання і памяці, высаджваюць алеі і робяць іншую працу, якая па вызначэнні не з’яўляецца “дзіцячай” і павінна рабіцца за кошт камунальных службаў. 

8dziciachyj_trud_1.jpg
Фота 8. Школьнікі г. Дуброўна Аршанскага раёну працуюць падчас правядзення традыцыйных красавіцкіх суботнікаў на прыборцы “замацаваных тэрыторый” (гарадскія землі агульнага карыстання, адказнасць за падтрыманне парадку на якіх ускладаецца ўладамі на асобныя арганізацыі і прадпрыемствы, у тым ліку на ўстановы адукацыі).
trud_198.jpg
Фота 9. Вяляціцкая СШ Барысаўскага раёну: “за кожным класам замацаваны ўчастак з указаннем адказных настаўнікаў за тэрыторыяй, праведзены інструктаж па тэхніцы бяспекі падчас працы на суботніку”. Школьнікі задзейнічаны ў прыборцы школьнай тэрыторыі і зямель агульнага карыстання.

5. Яшчэ адзін від дзіцячай працы, які непасрэдна суправаджае навучальны працэс у Беларусі, тычыцца цэнтралізаванага збору дзецьмі другаснай сыравіны, часцей за ўсё – макулатуры. Радзей могуць таксама збірацца скарыстаныя хімічныя элементы сілкавання, палімеры (бутэлечныя крышкі, пластыкавыя бутэлькі), тэкстыль, шкло і нават металалом.

Звычайна такія акцыі праводзяцца два разы на год – увосень і ўвесну, але могуць быць і выключэнні, напрыклад, раз на месяц. Як і ў выпадку са зборам гародніны з уласных зямельных участкаў, збор і наступная здача другаснай сыравіны ў пункты прыёму з’яўляецца для навучальных устаноў адным з спосабаў самафінансавання, таму заахвочваецца і падтрымліваецца з боку дзяржавы (планы па зборы звычайна даводзяцца да навучальных устаноў з боку мясцовых выканкамаў).

Удзел у зборы прымаюць усе школьнікі, нават самага малодшага ўзросту. Напрыклад, восенню 2020 года ў ходзе абласнога конкурсу па збору макулатуры сярод навучальных устаноў “Сохрани дерево – сдай макулатуру” дзецьмі было сабрана і здадзена 1 148 882 кг скарыстанай паперы, а сума заробленых сродкаў склала 100 397 рублёў 11 кап. У лістападзе 2022 года вучнямі ўстаноў адукацыі Пастаўскага раёну было сабрана болей за 25 тон макулатуры

Як правіла, адміністрацыі навучальных устаноў (у тым ліку дашкольных) устанаўліваюць для кожнага дзіцяці "норму" здачы макулатуры. Жорсткіх наступстваў невыкананне гэтай нормы не прадугледжвае, але ва ўмовах аўтарытарнага стылю кіраўніцтва (дзяцей не інфармуюць аб тым, што існуе выбар – здаць макулатуру, або не здаваць, дзейнічаць згодна з свабодным волевыяўленнем; ціск адміністрацыі на дзяцей носіць апасродкаваны характар і даводзіцца праз настаўнікаў, якія за невыкананне нормаў адказваюць пазбаўленнем прэміяльных надбавак) сам факт наяўнасці разнарадкі з’яўляецца дастатковай матывацыяй для таго, каб школьнікі адчувалі сябе абавязанымі выконваць распараджэнні адміністрацыі і настаўнікаў. У выніку характар гэтай працы можна акрэсліць як “вымушаная” (не добраахвотная, але без яўнай пагрозы пакарання), то бок, найгоршая форма дзіцячай працы, якая супярэчыць міжнароднаму праву.

7dziciachyj_trud_1.jpg
Фота 10. Удзел у зборы макулатуры прымаюць дзеці ДУА "Дзіцячы сад №32 г. Гродна

"Менш заўважнай, але не менш актуальнай для маніторынгу і кантролю застаецца дзіцячая праца, якая адбываецца па-за межамі афіцыйнага навучальнага працэсу ў Беларусі. Актыўную ролю ў гэтых працэсах маглі б адыграць па-сапраўднаму незалежныя арганізацыі наймальнікаў і работнікаў, недзяржаўныя арганізацыі, незалежныя сродкі масавай інфармацыі, рэлігійныя інстытуты, грамадскія лідары, ініцыятывы і г.д. Адным словам, усё тыя суб’екты, што на цяперашнім этапе развіцця беларускай дзяржавы актыўна падаўляюцца і вынішчаюцца, а іх месца займаюць цалкам паслухмяныя і безыніцыятыўныя GONGO – арганізаваныя ўрадам няўрадавыя арганізацыі.

Адпаведна пералічаным працэсам сфера дзіцячай праца ў Беларусі ўжо даўна стала своеасаблівай шэрай зонай, пранікненне на тэрыторыю якой жорстка інспектуецца дзяржавай, а таму афіцыйныя дадзеныя, на атрыманне якіх яна ўсталявала манаполію, выклікаюць у незалежных экспертаў больш пытанняў, чым адказаў", – кажа Алег Мацкевіч.

Якія перспектывы выкаранення дзіцячай працы мае Беларусь у цяперашні час?

"Афіцыйны курс, які праводзіцца ўрадам Рэспублікі Беларусь, сведчыць аб адным: сфера выкарыстання дзіцячай працы не толькі не звужаецца, але, наадварот, мае тэндэнцыю да пашырэння згодна з запытам з боку дзяржавы. Як і ў пытанні выкарыстання прымусовай працы ў цэлым, галоўным бенефіцыярам дзіцячай працы ў Беларусі была, застаецца і намерана заставацца менавіта дзяржава. Аб гэтым, прынамсі, заяўляецца на самым высокім узроўні: "Лукашенко предложил возродить трудовую практику для школьников", – робіць высновы праваабаронца Алег Мацкевіч.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае інфармацыю пра факты прымусовай працы ў Беларусі. Калі вы сталі ахвярай або сведкам прымусовай працы, паведаміце, калі ласка, праваабаронцам у тэлеграме @viasnainfo

Чытаць іншыя матэрыялы "Вясны" пра прымусовую працу:

Вынікі першага дзесяцігоддзя новага этапу сусветнай барацьбы з прымусовай працай. Досвед Беларусі і яе бліжэйшых суседзяў

З праваабаронцам "Вясны" Алегам Мацкевічам распавядаем пра міжнародную і беларускую практыку ў ліквідацыі прымусовай працы праз ратыфікацыю гэтых важных міжнародных дакументаў.

Прымусовая праца ў Беларусі, якая навязваецца дзяржавай, у святле глабальных ацэнак

З праваабаронцам "Вясны" Алегам Мацкевічам працягваем распавядаць пра прымусовую працу ў Беларусі ў кантэксце міжнародных стандартаў.

Прымусовая праца: як беларускі ўрад (не)выконвае міжнародныя абавязальніцтвы

З праваабаронцам "Вясны" Алегам Мацкевічам разбіраемся, што такое прымусовая праца, чым рэгулюецца яе забарона, а таксама аналізуем, што Беларусь (не)зрабіла ў накірунку скасавання прымусовай працы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства