Вынікі першага дзесяцігоддзя новага этапу сусветнай барацьбы з прымусовай працай. Досвед Беларусі і яе бліжэйшых суседзяў
Дзесяць гадоў таму на 103-яй сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы у Жэневе былі прыняты дакументы фундаментальнага значэння для ліквідацыі прымусовай працы ў свеце: Пратакол 2014 года да Канвенцыі аб прымусовай працы 1930 года і Рэкамендацыі 2014 года аб прымусовай працы (дадатковыя захады) (№203). Прыняцце гэтых дакументаў паклала пачатак новаму этапу ў памкненні міжнароднай супольнасці пакласці канец прымусовай працы і тым інстытутам, якія ёй спадарожнічаюць – даўгавой кабалой, рабствам, падобным да рабства практыкамі, гандлем людзьмі, прымусовым шлюбам. З праваабаронцам "Вясны" Алегам Мацкевічам распавядаем пра міжнародную і беларускую практыку ў ліквідацыі прымусовай працы праз ратыфікацыю гэтых важных міжнародных дакументаў.
Удзельнікі Міжнароднай канферэнцыі прызналі, што частка палажэнняў Канвенцыі № 29 страціла сваю актуальнасць і мусіць быць скасаваная. Гэта найперш тычыцца тых нормаў, якія рэгулююць пераходны перыяд (быў пазначаны ў Канвенцыі № 29 як часовы этап да поўнага знішчэння прымусовай працы). У Пратаколе 2014 года адзначаецца, што пераходны перыяд завершаны і палажэнні п.п. 2 і 3 артыкула 1, а таксама артыкулы з 3-га па 24-ты Канвенцыі № 29 больш не прымянімы (абноўленая рэдакцыя Канвенцыі № 29).
Пратакол 2014 года набыў юрыдычную сілу 9 лістапада 2016 года і з’яўляецца адкрытым для далучэння і ратыфікацыі ўсімі дзяржавамі, якія раней ратыфікавалі Канвенцыю № 29 і тымі, хто да яе да гэтага часу не далучыўся. На сённяшні дзень Пратакол 2014 года ўступіў у сілу для 59 дзяржаў, яшчэ для адной – Мексікі – дакумент стане абавязковым для выканання 11 чэрвеня 2024 года. Беларусь, якая далучылася да Канвенцыі № 29 яшчэ ў 1956 годзе, ад падпісання Пратакола 2014 года пакуль ўстрымліваецца.
Сярод краінаў, якія мяжуюць з Беларуссю, або разам з ёю з’яўляліся ў мінулым часткай савецкай геапалітычнай прасторы, Пратакол 2014 года ратыфікавалі Кыргызстан (2020 г.), Латвія (2017 г.), Літва (2020 г.), Польшча (2017 г.), Расія (2019 г.), Таджыкістан (2020 г.), Узбекістан (2019 г.), Эстонія (2016 г.).
Да гэтага часу не ратыфікавалі Пратакол 2014 года Азербайджан, Арменія, Грузія, Казахстан, Малдова, Туркменістан, Украіна.
Нормы Пратакола 2014 года заклікаюць дзяржавы ў выкананне сваіх абавязацельстваў, якія вынікаюць з Канвенцыі № 29, пакласці канец прымусовай або абавязковай працы шляхам прыняцця дзейсных мераў па прадухіленні і спыненні яе выкарыстання, прадстаўлення ахвярам абароны і доступу да належных і эфектыўных сродкаў прававой абароны, гэткіх, як кампенсацыя шкоды і санкцыі ў дачыненні да правапарушальнікаў, якія прыбягаюць да прымусовай і абавязковай працы.
Кожная дзяржава, якая прызнае сілу Пратакола 2014 года, заклікаецца да распрацоўкі нацыянальных палітык і планаў дзеянняў у мэтах дзейснага спынення прымусовай або абавязковай працы на працяглую перспектыву. Для гэтага прапаноўваецца кансультавацца з арганізацыямі работадаўцаў і работнікаў, каардынаваць з імі і іншымі зацікаўленымі асобамі высілкі кампетэнтных органаў у гэтым накірунку, а таксама прыняць канкрэтныя захады па барацьбе з гандлем людзьмі.
Вялікія намаганні для скасавання прымусовай працы апошнія гады прыкладвае Узбекістан. Раней гэтая краіна была вядомая тым, што на яе баваўняных палях шырока выкарыстоўвалася прымусовая праца. Цяпер жа так званае "баваўнянае рабства" канчаткова скаванае, а на дзяржаўным узроўні распрацаваны Нацыянальны план дзеянняў па рэалізацыі канвенцый МАП, ажыццяўляецца ўрадавая праграма па годнай працы, прымаюцца іншыя канкрэтныя і дзейсныя захады, накіраваныя на папярэджанне і поўнае выкараненне прымусовай працы ва ўсіх сферах жыццядзейнасці чалавека.
Зараз ва Узбекістане строга рэгламентуецца арганізацыя і правядзенне хашараў (суботнікаў): выключаецца магчымасць рамонтна-будаўнічых і сельскагаспадарчых працаў, абмяжоўваецца магчымасць праводзіць іх за межамі арганізацый, пастаўлены пад строгі кантроль прынцып добраахвотнасці ўдзелу грамадзян. Забаронены прымусовы ўдзел работнікаў сферы адукацыі, аховы здароўя, іншых бюджэтных сфер, студэнтаў, школьнікаў у працах па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый раёнаў і гарадоў, у зборы металалому і макулатуры, у сезонных працах у сельскай гаспадарцы.
Сярод іншага, урад Узбекістана ініцыяваў працэс шырокага інфармавання насельніцтва аб недапушчэнні прымусовай працы, растлумачэння прынятых мераў і заканадаўства ў галіне прымусовай працы праз нацыянальнае тэлебачанне, сродкі масавай інфармацыі і дзяржаўныя органы.
Дзейсныя захады па скасаванні прымусовай працы пры пасрэдніцтве МАП праводзяцца ў Таджыкістане. Там былі распрацаваныя сумесныя праграмы для барацьбы з прымусовай працай з дапамогай структуры прафсаюзаў, наладжана распаўсюджанне інфармацыі аб арганізацыі бяспечнай працы моладзі праз інспектараў па працы. Для прасоўвання Пратакола 2014 года, павышэння ведаў і інфармаванасці ўсіх партнёраў МАП у Таджыкістане аб Альянсе 8.7 і Задачы 8.7 Мэтаў устойлівага развіцця да 2030 года была сфармаваная працоўная група, якая пачала актыўную працу.
Далучэнне да Пратакола 2014 года накладвае пэўныя абавязкі па скасаванні прымусовай працы і на іншыя краіны. Міжнароднай арганізацыяй працы быў распрацаваны шэраг метадычных дакументаў, такіх, напрыклад, як кіраўніцтва "Распрацоўка нацыянальных планаў дзеянняў па прымусовай працы". У ім можна знайсці спасылкі на спіс нацыянальных планаў дзеянняў у галіне барацьбы з прымусовай працай або практыкамі, якія ёй спадарожнічаюць, на падставе каторых былі распрацаваныя рэкамендацыі.
Скасаванне прымусовай працы мае важнае значэнне не толькі з пункту гледжання выканання краінамі-ўдзельніцамі Канвенцый № 29 і № 105 сваіх абавязацельстваў перад міжнароднай супольнасцю, але таксама і таму, што гэта спрыяе выкананню Задачы 8.7 мэты 8 Мэтаў устойлівага развіцця для кожнай краіны.
Мэты ў галіне ўстойлівага развіцця (МУР), або Глабальныя мэты, былі прынятыя ААН у 2015 годзе ў якасці ўніверсальнага закліку да дзеянняў, накіраваных на выкараненне беднасці, абарону планеты і забеспячэнне міру і росквіту к 2030 году.
17 глабальных мэтаў носяць комплексны характар: прызнаецца, што яны ўзаемазалежныя і іх выкананне павінна забяспечваць баланс паміж сацыяльнай, эканамічнай і экалагічнай устойлівасцю. МУР накіраваны на тое, каб рабіць прагрэс у інтарэсах тых, хто адстае, і на тое, каб пакласці канец беднасці, голаду, СНІДу і дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын і дзяўчынак.
Мэта 8 адзначаная як садзейнічанне паступоваму, усёабдымнаму і ўстойліваму эканамічнаму росту, поўнай і прадукцыйнай занятасці і дастойнай працы для ўсіх. Для выканання мэты сфармуляваныя задачы. Адна з іх – Задача 8.7 – палягае ў прыняцці тэрміновых і эфектыўных захадаў для таго, каб выкараніць прымусовую працу, пакончыць з сучасным рабствам і гандлем людзьмі і забяспечыць забарону і ліквідацыю найгоршых форм дзіцячай працы, уключаючы вярбоўку і выкарыстанне дзяцей-салдат, а к 2025 году пакончыць з дзіцячай працай ва ўсіх яе формах.
У Беларусі канцэпцыі МУР надаецца вялікая ўвага на самым прадстаўнічым узроўні і ў самых вышэйшых эшалонах улады. У краіне створаны Савет па ўстойлівым развіцці, у рамках якога сфармаваны сектаральныя рабочыя групы: па эканамічных, экалагічных і сацыяльных пытаннях. Для каардынацыі дзейнасці ўсіх дзяржаўных органаў па рэалізацыі канцэпцыі МУР прызначаны Нацыянальны каардынатар па дасягненню мэтаў устойлівага развіцця. З 9 сакавіка 2023 года гэтую пасаду займае намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Валерый Бельскі.
Дзяржавай створаны інтэрнет-партал пад назвай "Мэты ўстойлівага развіцця ў Беларусі". Старонкі, прысвечаныя ўстойліваму развіццю, можна знайсці на сайтах Міністэрства замежных спраў, Нацыянальнага статыстычнага камітэту, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Савета Рэспублікі і іншых дзяржаўных органаў. Безумоўна, і гэта прызнаецца на міжнародным узроўні, Беларусь дасягнула значнага прагрэсу па асобных мэтах устойлівага развіцця. Аднак амаль нідзе на дзяржаўных інтэрнэт-рэсурсах не вядзецца аб прымусовай працы як праблеме, якая патрабуе пераасэнсавання і неадкладнага вырашэння.
Беларусь пазбягае комплекснага падыходу да выканання Мэтаў устойлівага развіцця, выключаючы або звужаючы асобныя задачы або для пазбягання іх выканання, або для паляпшэння агульных статыстычных дадзеных.
Прыкладам можа быць стаўленне беларускага ўраду да выканання Задачы 8.7, адлюстраванага ў "Нацыянальным пераліку паказчыкаў Мэтаў устойлівага развіцця": выкараненне прымусовай працы зведзена да паказчыкаў долі і лічбы дзяцей, занятых дзіцячай працай. Аб іншых аспектах прымусовай працы не існуе не толькі статыстычных дадзеных, але няма нават іх апісання.
Прымусовая праца: як беларускі ўрад (не)выконвае міжнародныя абавязальніцтвы
Але ў Беларусі праблема існавання прымусовай працы мае нашмат больш разнастайны характар, на які не хоча звяртаць увагі ўлада. Гэта прымусовая праца зняволеных у ЛПП; прымусовая праца "абавязаных" асобаў; турэмная прымусовая праца асуджаных, у тым ліку па палітычных матывах; прымусовая праца на суботніках; прымусовая праца адміністратыўна асуджаных, грамадзян з судзімасцю, хатніх "хімікаў", былых зняволеных; прымусовая праца на ваеннай службе. У кантэксце прымусовай працы можна казаць аб іншых сферах жыццядзейнасці грамадства: наяўнасць інстытуту размеркавання для маладых спецыялістаў; шырокая распаўсюджанасць кантрактнай формы найму работнікаў; фінансавыя санкцыі ў дачыненні да беспрацоўных; абавязковае выкананне работнікамі функцый, якія не прапісаныя ў працоўных дамовах і г.д.
"Такі выбіральны падыход да выканання Глабальных мэтаў, пры якім увага беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці з сістэмных праблем пераключаецца на паспяховыя, або тыя накірункі і сферы дзейнасці, якія маюць шанец быць вырашанымі ў кароткай перспектыве, стварае ілюзію існавання у Беларусі "сацыяльнага раю", або прыводзяць да стварэння ідэалагічных канцэптаў кшталту "краіна для жыцця", што не заўсёды і не зусім адпавядае рэчаіснасці, а часам, наадварот, скажае яе да непазнавальнасці.
Беларусь мае ўсе шанцы стаць добрасумленным удзельнікам міжнародных пагадненняў і ўзначальваць самыя патрабавальныя рэйтынгі краін у галіне сацыяльна-эканамічных дасягненняў. Але для гэтага ёй патрэбны ўнутраны дыялог і ўрад, які б валодаў палітычнай воляй і неабходнымі кампетэнцыямі", – робіць высновы праваабаронца Алег Мацкевіч.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае інфармацыю пра факты прымусовай працы ў Беларусі. Калі вы сталі ахвярай або сведкам прымусовай працы, паведаміце, калі ласка, праваабаронцам у тэлеграме @viasnainfo
Прымусовая праца ў Беларусі, якая навязваецца дзяржавай, у святле глабальных ацэнак