Экспертку-псіхалагіню Вольгу Вялічку завочна асудзілі да 9 гадоў калоніі
Гродзенскі абласны суд 2 жніўня ў парадку спецвытворчасці вынес прысуд па справе эксперткі ў галіне псіхалогіі, былой дырэктаркі дзіцячага хоспіса ў Гродне Вольгі Вялічкі. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яе вінаватай па шэрагу крымінальных артыкулаў і прызначыў ёй дзевяць гадоў зняволення, а таксама штраф памерам 12 000 рублёў.
Справу прычалі разглядаць яшчэ ў ліпені. Вольгу абвінавацілі па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх);
- ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі);
- ч. 3. арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі);
- ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных);
- ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці);
- ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы).
- арт. 193-1 (незаконныя арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці (артыкул выключаны з 19.07.2019)).
Спецвытворчасць у дачыненні да Вольгі Вялічкі Следчы камітэт распачаў 5 сакавіка.
Гродзенскі дзіцячы хоспіс, якім яна кіравала раней, ліквідаваны па рашэнні гарадзенскіх уладаў, а сама Вольга са снежня 2020 года жыве за мяжой і працягвае працу па развіцці сістэмы паліятыўнай дапамогі дзецям і дарослым.
Нядаўна Вялічка выдала кнігу пра свет вачыма дзяцей палітвязняў "Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме".