Актывіста з Вілейкі асудзілі за відэа да чатырох гадоў калоніі
У судзе Маладзечанскага раёна 18 ліпеня за "дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь" (арт. 369-1 КК) у відэа ў Tik-Tok асудзілі палітзняволенага актывіста Андрэя Кудзіка. Справу ў чатырох судовых паседжаннях разглядаў Аляксей Іршын. У выніку актывісту прызначылі чатыры гады калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, паведаміў у сябе ў сацсетках актывіст з Вілейкі Павел Хаванскі. Таксама вядома, што палітвязню прызначылі штраф у памеры 400 базавых велічыняў. Напачатку 2022 года Андрэя ўжо асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту. У сярэдзіне ліпеня 2023 года палітвязень выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін у магілёўскай калоніі, але праз паўгода зноўку быў затрыманы.
Нагадаем, Андрэя неаднаразова пераследавалі за пікетаванне і выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі на працягу 2020 і 2021 года: затрымлівалі, штрафавалі, арыштоўвалі. У лютым 2022-га году Андрэю прызначылі два гады калоніі паводле "народнага" арт. 342 КК. На судзе актывіст не прызнаў віну і адмовіўся ад дачы паказанняў. 18 ліпеня 2023 году палітвязень выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін у калоніі № 15.
У мінулым кастрычніку яму прызначылі 15 сутак арышту за віншаванне Украіны з Днём Незалежнасці ў TikTok. 15 лютага гэтага года актывіста зноў арыштавалі на 15 сутак. Але на волю па сканчэнні тэрміна ён не выйшаў — яго затрымалі ў межах крымінальнай справы.
Месца ўтрымання: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А