viasna on patreon

Старонка Андрэя Хадановіча ў фэйсбуку – у спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, новыя затрыманні: хроніка пераследу 4-5 чэрвеня Дапоўнена

2024 2024-06-05T10:35:00+0300 2024-06-06T07:19:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hadanovich-facebook.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 4-5 чэрвеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

"Экстрэмісцкім фармаваннем" прызнанае YouTube-шоу "Женщины тяжелого поведения"

Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 5 чэрвеня.

Паводле ведамства, дачыненне да праекту маюць Анастасія Карасёва, Марына Ментусава і Кацярына Раецкая.

Як пазначана ў апісанні праекту, гэта шоу «створанае беларускамі для беларусак» і ў ім «разам з калегамі, жанчынамі медыя, палітыкі, навукі і культуры мы абмяркоўваем што можна зрабіць, каб жыццё дзяўчынак, дзяўчат і жанчын стала лепшым»


Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў адбылося 5 чэрвеня

У яго трапілі:

Telegram-канал «Беларусь 2.0 Робім разам»;
Instagram старонка «politzonabelarus»;
Інтэрнет-старонка «defendersbelarus.оrg»;
Facebook-старонка «Беларуская Нацыянальная Памяць»;
TikTok-старонкі «sens.livе», «Пра Кастусь», «Black Swan», «Вектар на Беларусь. Навiны».


За каментары ў тэлеграме затрымалі мужчыну

На «пакаяльным відэа» ён кажа, што нібыта ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, абражаў міліцыянтаў і пісаў пра іх месцазнаходжанне, а таксама абмяркоўваў выраб і выкарыстанне «кактэйляў Молатава».


КДБ наклаў арышт на дом гродзенскага актывіста Сяргея Верамеенкі

Пра гэта актывіст напісаў у сваім Facebook:

«Вось так зараз выглядае наш дом у Гародні. Той самы дом, які калісьці належыў маяму дзеду - вэтэрану Другой Сьвятовай вайны, кавалеру ордэна "Айчынная вайна", Пракопчыку Сьцяпану Васільлевічу».

Сяргей і Вольга Верамеенка — уладальнікі крамы нацыянальнай сімволікі «Адметнасць». У сакавіку КДБ прызнала (https://t.me/viasna96/25078) краму «экстрэмісцкім фармаваннем», а ў траўні СК распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Вольгі.


Затрымалі жыхара Магілёва, які прапаноўваў прызнаць АМАП і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі

Сілавікі затрымалі магілёўца. Ролік з ім апублікаваў праўладны канал "Шосты рэгіён".

На відэа мужчына ў чорным пола кажа, што быў затрыманы за «абразлівыя выказванні» пра міліцыянтаў, піша "Медыязона". Сярод каментароў, якія паказаны ў роліку, прапанова прызнаць Алмаз, АМАП і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі.


Затрыманы намеснік дырэктара "Ружовай зебры"

Сілавікі затрымалі намесніка дырэктара event-агенцтва "Ружовая зебра" Алега Астраленку. Ролік з ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал "Кніга ГУ "БАЗА". На міліцэйскім відэа Астраленка кажа, што ў 2020 годзе двойчы браў удзел у маршах.

Губазікаўцы ў пасце спаслаліся на данос Вольгі Бондаравай, у якім яна патрабуе ад Мінкульта зладзіць чысткі рэестра арганізатараў канцэртнай дзейнасці.

Таксама мужчына распавядае, што сярод заказчыкаў агенцтва як прыватныя так і дзяржаўныя кампаніі і называе свой заробак.


Затрымалі дваіх братоў з Брэста

Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.

На «пакаяльным відэа» мужчыны кажуць, што 10 жніўня 2020-га году знаходзіліся ў Брэсце на акцыі пратэсту.

Аднаго з іх клічуць Мацвей Аверчук.


Чарговае папаўненне спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапіў тэлеграм-канал «Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава», інстаграм-старонкі «snytsina» і «krama.kalinouskaha», а таксама Youtube-канал і старонка ў Facebook пісьменніка Андрэя Хадановіча.


49-гадовага мінчука затрымалі за каментары ў Telegram

Сцвярджаецца, што мужчына ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту яшчэ ў 2010-ым годзе.

На «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца» ў тым, што пакідаў абразлівыя каментары пра сілавікоў і прадстаўнікоў улады.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманы — Андрэй Нікалаеў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства