Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанне рэдакцыі недзяржаўнай "Местной газеты"
5-га красавіка Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанне рэдакцыі недзяржаўнай "Местной газеты". Як паведамляе прэс-служба БАЖ, выданне звінавачваюць у парушэнні артукулаў 11 і 26 Закона аб друку, а таксама ў невыкананні шэрагу патрабаванняў, датычных афармлення газеты.
Асноўная прэтэнзія да рэдакцыі заключаецца ў тым, што яна не паведаміла пісьмова Міністэрству інфармацыі пра змяненне перыядычнасці выпуску газеты: замест 2 разоў яна пачала выходзіць тройчы на тыдзень. Паводле папярэджання, выданне таксама пашырыла тэрыторыю распаўсюду "на Ваўкавыск, Масты, Свіслач, Бераставіцу, Зэльву і Смаргонь", таксама не паінфармаваўшы пра гэта рэгіструючы орган. Акрамя гэтага, "Местную газету" звінавачваюць у недакладным афармленні выходных звестак.
7-га сакавіка заснавальнік і галоўны рэдактар "Местной газеты" Андрэй Шантаровіч накіраваў на міністру інфармацыі Уладзіміру Русакевічу афіцыйны запыт з просьбай патлумачыць сутнасць выстаўленых прэтэнзій. З яго словаў, у рэгістрацыйным пасведчанні выдання гаворыцца, што "Местная газета" мае права распаўсюджвацца па ўсёй Беларусі. У лісце таксама згадваецца дзяржаўнае раённае выданне "Наш час", якое афармляе выходныя звесткі гэтак жа, як і "Местная газета", аднак не прыцягвае ўвагі ўладаў.