У сакавіку па крымінальных палітычных справах судзілі мінімум 165 чалавек
Праваабаронцы "Вясны" цягам сакавіка зафіксавалі тэндэнцыю павелічэння інтэнсіўнасці судовых разглядаў па палітычных крымінальных справах. Паводле звестак "Вясны", у сакавіку маглі быць асуджаныя не менш за 165 чалавек, з якіх 48 — жанчыны, 117 — мужчыны. Акрамя гэтага, працягваюцца масавыя суды за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 гады: мінімум 85 чалавек у мінулым месяцы былі асуджаныя паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса, у тым ліку — 10 сем'яў. На момант публікацыі праваабаронцам вядома пра 25 прысудаў. "Вясна" традыцыйна распавядае асаблівасці крымінальнага пераследу ў мінулым месяцы.
Гомельская і Берасцейская вобласці — у лідарах па крымінальных судах
Рэгіянальная структура крымінальнага пераследу па палітычных матывах у сакавіку выглядала наступным чынам:
- Мінск — 92 чалавекі;
- Гомельская вобласць — 24 чалавекі;
- Брэсцкая вобласць — 20 чалавек;
- Гродзенская вобласць — 11 чалавек;
- Магілёўская вобласць — 10 чалавек;
- Мінская вобласць — 4 чалавекі;
- Віцебская вобласць — 4 чалавекі.
Завочныя суды
У сакавіку адбыўся ўсплёск паведамленняў афіцыйных рэсурсаў Следчага камітэта аб тым, што ў дачыненні да эмігрантаў, вымушаных пакінуць Беларусь праз рызыку палітычнага пераследу, распачатыя справы ў рамках спецыяльнай вытворчасці. Па шэрагу спраў прадстаўнікі сілавых органаў праводзілі следчыя дзеянні ў выглядзе ператрусаў па месцы рэгістрацыі палітэмігрантаў, выманне тэхнікі і апячатванне жылых памяшканняў.
Юрыст "Вясны" адзначае, што,"магчыма, такім чынам праваахоўныя органы не толькі праводзяць палітыку застрашвання насельніцтва, але і дэманструюць свайму кіраўніцтву прыхільнасць палітыкі шырокамаштабных рэпрэсій, якая праводзіцца ўладамі".
За гэты перыяд стала вядома аб разглядзе ў межах завочнай вытворчасці крымінальнай справы ў дачыненні да Алены Жылачкінай, Паўла Лібера, Аляксандра Дабравольскага і Паўла Марыніча, і пастанове абвінаваўчага прысуду паводле артыкула 191 КК, які прадугледжвае адказнасць за перашкоду ажыццяўленню выбарчых правоў. Па версіі дзяржаўнага абвінавачвання, "названыя асобы сумесна са Святланай Ціханоўскай, Вольгай Кавальковай і Паўлам Латушкам распрацавалі і рэалізавалі план супрацьпраўных дзеянняў па зрыву рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю". Суд Заводскага раёна Мінска вынес рашэнне аб пакаранні дадзеных грамадзян тэрмінам на чатыры гады пазбаўлення волі кожнага.
Узмацненне жорсткасці прысудаў
Абскарджанне прысуду ў вышэйшай інстанцыі па агульнаму правілу не з'яўляецца эфектыўным сродкам прававой абароны для асуджанага ў беларускай прававой сістэме.
Разам з тым, вынясенне дзяржаўным абвінавачваннем пратэсту на прысуд па крымінальнай справе з мэтай узмацнення жорсткасці пакарання альбо вынясення больш суровага віду пакарання выкарыстоўваецца ўладамі для карэкціроўкі рэпрэсіўнага ўздзеяння ў дачыненні да некаторых фігурантаў пратэсных крымінальных спраў.
У сакавіку адбыўся разгляд у апеляцыйным парадку прысуду Магілёўскага абласнога суда ў дачыненні да палітвязня Аляксандра Кулікова, якога ў снежні асудзілі да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі за 10-дзённае навучанне ў трэніровачным лагеры Добраахвотніцкага фармавання Полк імя Кастуся Каліноўскага. Вынікам апеляцыйнага пратэсту з боку дзяржаўнага абвінавачвання стала павелічэнне тэрміну пазбаўлення волі палітвязню да шасці гадоў зняволення.
Суды над сем'ямі
Адным з найбольш істотных рэпрэсіўных інструментаў з боку ўладаў з'яўляецца крымінальны пераслед па палітычных матывах цэлых сем'яў і груп сваякоў. У сакавіку, паводле ацэнак праваабаронцаў, у судовым парадку паводле "народнага" 342 артыкула КК у Мінску пераследаваліся не менш за дзесяць такіх груп.
У судзе Цэнтральнага раёна разглядаліся справы ў дачыненні да Пятра і Алены Патаповічаў; Аляксандра і Дзіны Сцяцэвічаў; Валерыя, Валянціны і Паўла Мікшаў; Алега і Паліны Чараднікаў; Анатоля і Алены Радзевічаў. У судзе Савецкага раёна разглядаліся справы ў дачыненні да Уладзіміра, Аляксандра і Лізаветы Лыкшыных, а таксама Андрэя і Ірыны Шайкоўскіх. Судом Фрунзенскага раёна слухалася справа Васіля і Аляксандры Кушнераў. Суды Першамайскага і Маскоўскага раёнаў з інтэрвалам у тыдзень разгледзелі справы ў дачыненні да Аляксандра Канстанціновіча паводле арт. 342 і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і Кацярыны Канстанціновіч паводле арт. 342 КК. Суд Партызанскага раёна асудзіў Андрэя і Наталлю Герасіменкаў да двух з паловай гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Пераслед журналістаў
З моманту пачатку вострага палітычнага крызісу беларускія ўлады праводзяць практыку абвяшчэння па-за законам рэгіянальных чатаў, грамадскіх арганізацый ды ініцыятыў салідарнасці. Праз прызнанне шэрагу арганізацый экстрэмісцкімі фармаваннямі ўлады адразаюць любыя магчымасці ўзаемадзеяння гэтых арганізацый з грамадзянамі, што знаходзяцца ўнутры Беларусі, тым самым ліквідуючы любыя перадумовы да таго, каб грамадзянская супольнасць аказвала ўплыў на ўнутрыпалітычныя працэсы, што адбываюцца.
Мінскі гарадскі суд асудзіў журналіста Ігара Карнея да трох гадоў зняволення і штрафу ў памеры 500 базавых велічынь па артыкуле аб удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні — такім суд прызнаў уваходжанне рэпрэсаванага, цягам паўтара месяца ў 2023 годзе, у склад Беларускай асацыяцыі журналістаў, прызнанай экстрэмісцкім фармаваннем, і выраб за матэрыяльнае ўзнагароджанне 54 друкаваных матэрыялаў, якія змяшчаюць ацэнку падзей, што адбываюцца ў Беларусі.
Яшчэ адным выпадкам пераследу прадстаўніка грамадзянскай супольнасці з'яўляецца асуджэнне Гомельскім абласным судом да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі журналіста-фрылансера Андрэя Толчына па артыкулах аб паклёпе на Лукашэнку і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.
Суды па артыкулах агульнакрымінальнай накіраванасці
Структура крымінальнага пераследу ў сакавіку зведала істотнае змяненне па шэрагу прыкмет. Па-першае, праваабаронцы зафіксавалі не менш за сем фактаў, дзе грамадзян разам з артыкуламі, арыентаванымі на палітычны пераслед, абвінавачвалі па шэрагу артыкулаў агульнакрымінальнай накіраванасці. У спалучэнні з той акалічнасцю, што ў пакаранні гэтых грамадзянам пераважаюць больш істотныя па памеры тэрміны за злачынствы агульнакрымінальнай тэматыкі, чым гэта магло б быць па палітычных артыкулах, варта выказаць заклапочанасць тым фактам, што правы гэтых грамадзян могуць парушацца такім жа дэманстратыўна грубым чынам, як гэта адбываецца ў дачыненні да людзей, што пераследуюцца па палітычных матывах.
Гомельскі абласны суд асудзіў экс-кіраўніка дырэкцыяй ААТ "Белінвестбанка" па Гомельскай вобласці Алега Гарэлава да дзесяці гадоў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 1000 базавых велічынь і пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем юрыдычна значных дзеянняў і арганізацыйна-распарадчых абавязкаў на тэрмін пяць гадоў па артыкулах, якія прадугледжваюць адказнасць за "распальванне варожасці", "незаконны абарот наркатычных сродкаў" і "атрыманне хабару".
У судзе Жлобінскага раёна праходзіў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Глеба Цецянкова, які абвінавачваецца па артыкулах аб рабаванні, разбоі, хуліганстве і ўдзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. У судзе Столінскага раёна праходзіць судовы разгляд у дачыненні да Аляксандра Ігнацюка, які абвінавачваецца ў "вымагальніцтве", "паклёпе на Лукашэнку" і "ўдзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак". У судзе Маскоўскага раёна Берасця праводзіліся слуханні паводле справы Андрэя Дзеркача, якога абвінавачвалі ў "распусных дзеяннях" і "абразе Лукашэнкі". У судзе Кіраўска разглядалася справа Юрыя Латыша, якога абвінавачвалі ў "незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў" і "абразе Лукашэнкі".
У судзе Савецкага раёна Гомеля судзяць Юрыя Шайкевіча і Станіслава Любчанку, у абвінавачванні ў якіх фігуруюць склады злачынстваў, што прадугледжваюць адказнасць за "дачу і атрыманне хабару", а таксама "абразу Лукашэнкі". Мінскі гарадскі суд асудзіў выпускніка Інстытута тэалогіі БДУ Уладзіслава Беладзеда, прызнанага праваабарончай супольнасцю Беларусі палітычным зняволеным, да трох гадоў пазбаўлення волі паводле артыкулаў аб "вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў", "распальванні варожасці" і "абразе Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады".
Пераслед за "фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці"
Другой адметнай асаблівасцю ў структуры сакавіцкага крымінальнага пераследу стаў разгляд судовай сістэмай крымінальных спраў паводле артыкула, які прадугледжвае адказнасць за "фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці". У сакавіку праваабаронцы зафіксавалі не менш за шэсць такіх выпадкаў. Варта адзначыць, што дыспазіцыя складу злачынства, прадугледжанага артыкулам 290-1 КК, не адпавядае прынцыпу прававой дакладнасці, паколькі змяшчае ў сабе шырокія прыкметы складу злачынства ў выглядзе фармулёўкі "іншай падтрымкі загадзя для вінаватага тэрарыстаў, тэрарыстычных груп і тэрарыстычных арганізацый". Да таго ж выкарыстанне гэтага артыкула ў мэтах пераследу грамадзян па палітычных матывах становіцца лёгкім інструментам у руках правапрымяняльніка, паколькі ўлады адвольным чынам трактуюць антытэрарыстычнае заканадаўства і шырока выкарыстоўваюць практыку аб'явы нефармальных аб'яднанняў тэрарыстычнымі групамі.
Такім чынам, ужо цяпер можна зрабіць выснову аб тым, што практыка выкарыстання артыкула 290-1 КК — гэта новы віток у спіралі ўзмацнення жорсткасці ўладамі карнага ўздзеяння на грамадзян, што данацілі грашовыя сродкі ў адрас нефармальных аб'яднанняў. Усе шэсць выпадкаў, якія зафіксавала "Вясна" ў сакавіку, тычацца пераследу паводле ч. 2 арт. 290-1 КК, якая ўтрымлівае ў сабе такія кваліфікуючыя прыкметы як паўторнасць і ўчыненне раней злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім; фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці; удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу; садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці; праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці).
У сакавіку ў Мінгарсудзе праходзіў разгляд спраў у дачыненні да Андрэя Брэмшмідта, Канстанціна Шастова, Аляксандра Зіязетдзінава, Уладзіміра Лазарэвіча і Сяргея Шэлега. Пяцёра фігурантаў абвінавачваліся ў "фінансаванні экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці". Алега Дзегцярэнку Гомельскі абласны суд асудзіў да васьмі з паловай гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 100 базавых велічынь па артыкулах аб "удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні" і "фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці".
Паўторныя суды
Трэцяй адметнай асаблівасцю крымінальнага пераследу ў сакавіку па палітычных матывах сталі шматлікія паўторныя суды ў дачыненні да рэпрэсаваных, якія адбываюць тэрміны турэмнага зняволення. Гэта сведчыць пра тое, што ўлады акрамя ізаляцыі палітычных зняволеных, аказваюць на іх дадатковы ціск унутры пенітэнцыярнай сістэмы, вынікам якога з'яўляецца фактычна павелічэнне тэрміну пакарання.
У сакавіку стала вядома пра тое, што супраць чацвярых палітычных зняволеных ужылі рэпрэсіі паводле ч. 2 арт. 411 КК, якая прадугледжвае магчымасць бясконцага падаўжэння тэрміну турэмнага зняволення за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі". Асаблівасць часткі 2 гэтага артыкула складаецца ў тым, што яе канструкцыя ставіцца ў віну чалавеку, які адбывае пакаранне ў выпадку, калі ён раней быў асуджаны за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства. Такім чынам, у сакавіку па гэтым артыкуле пераследавалі ахвяр палітычных рэпрэсій, супраць якіх і без таго ўжылі жорсткія тэрміны турэмнага зняволення з прычыны цяжару складаў злачынстваў, якія ім ставіліся ў віну.
У судзе Івацэвіцкага раёна па частцы 2 артыкула 411 КК праходзіла судовае разбіральніцтва ў дачыненні да актывіста анархічнага руху Дзмітрыя Рэзановіча. У Горках адбылося судовае разбіральніцтва па артыкуле аб непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі ў дачыненні да рэйкавага партызана Дзяніса Дзікуна. Суд Чыгуначнага раёна Гомеля разглядаў справу па такім жа артыкуле ў дачыненні да Вольга Маёравай. Фігуранту "справы аб беспарадках" у Пінску ў жніўні 2020 года Алегу Рубцу суд горада Жодзіна дадаў да тэрміну пакарання яшчэ паўтара года паводле ч. 2 арт. 411 КК.
Беларусы на "крытай": як палітвязняў працягваюць пераследаваць у калоніях
Праваабаронцам у сакавіку стала вядома пра шэсць выпадкаў, калі супраць раней асуджаных беларусаў ужылі дадатковы крымінальны пераслед. У пераважнай большасці выпадкаў грамадзян судзілі па больш цяжкіх артыкулах, якія маюць больш важкія юрыдычныя наступствы і прадугледжваюць магчымасць вынясення прысуду на больш працяглыя тэрміны зняволення. Так, у сакавіку стала вядома аб судовым разглядзе паводле артыкула 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) у дачыненні да Яўгена Масарноўскага, паўгода таму асуджанага судом Кастрычніцкага раёна Мінска па гэтым жа артыкуле. Гарадзенскі абласны суд разглядаў справу ў дачыненні да Аляксандра Баравіка паводле артыкулаў аб "распальванні варожасці", "пагрозе гвалту ў дачыненні да службовай асобы", "абразе Лукашэнкі" і "прадстаўніка ўлады". Да гэтага Аляксандр у траўні мінулага года быў асуджаны судом Кастрычніцкага раёна Гродна па артыкуле аб "абразе прадстаўніка ўлады" да года пазбаўлення волі.
Супраць асуджанага ў студзені 2022 года ў Ляхавічах за абразу суддзі Барыса Вітко ўжылі судовы пераслед у Брэсцкім абласным судзе па артыкулах аб "распальванні варожасці", "паклёпе на Лукашэнку", "абразе Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады" і "закліках да санкцый".
Супраць рэпрэсаванага ў лютым 2022 года Паўла Ліпневіча па артыкуле аб "абразе прадстаўніка ўлады" ўжылі чарговы судовы пераслед, на гэты раз па артыкулах аб "паклёпе на Лукашэнку" і "абразе Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады". Асуджанага ў чэрвені 2023 года па артыкуле аб удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, Паўла Іванова ў сакавіку ў Мінскім гарадскім судзе судзілі па артыкуле аб "удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні". Рэпрэсаванага ў кастрычніку 2022 года Аляксандра Зіязэтдзінава паводле артыкула аб "фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання" ў сакавіку судзілі паводле трох артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасць за "фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання","фінансаванне экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці".
У лютым судзілі ў крымінальным парадку мінімум 129 чалавек
"Вясна" традыцыйна распавядае асаблівасці крымінальнага пераследу ў мінулым месяцы.