viasna on patreon

У лютым судзілі ў крымінальным парадку мінімум 129 чалавек

2024 2024-03-07T14:25:00+0300 2024-03-07T17:03:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_minsk_rai.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы "Вясны" цягам лютага фіксавалі працяг тэндэнцыі крымінальнага пераследу і асуджэння грамадзян па палітычных матывах. За мінулы месяц колькасць грамадзян, супраць якіх маглі быць ужытыя рэпрэсіі ў судовым парадку і што былі асуджаныя ў межах крымінальнага судаводства, па папярэдніх дадзеных, склала 129 чалавек, з якіх 46 складаюць жанчыны, 83 – мужчыны. У Беларусі дагэтуль працягваецца масавы пераслед за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе: у 73 чалавек (толькі 68 у Мінску) са 129 у абвінавачанні быў альбо адзін артыкул 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак), альбо ж ён меўся ў абвінавачанні разам з іншымі артыкуламі. На момант публікацыі матэрыялу ўдалося пацвердзіць 13 прысудаў. "Вясна" традыцыйна распавядае асаблівасці крымінальнага пераследу ў мінулым месяцы.

Руки Егора Евстратова на суде 11 января. Фото: spring96.org
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Мінск, Берасцейшчына і Гарадзеншчына – лідары па палітычных судах

Лютаўская рэгіянальная структура крымінальнага пераследу па палітычных матывах у лічбах выглядае наступным чынам:

  • Мінск – 80 чалавек;
  • Гомельская вобласць – 12 чалавек;
  • Брэсцкая вобласць – 12 чалавек;
  • Гродзенская вобласць – 9 чалавек;
  • Мінская вобласць – 7 чалавек;
  • Магілёўская вобласць – 5 чалавек;
  • Віцебская вобласць – 4 чалавекі.

Завочныя суды

У лютым пастаноўлены прысуд у парадку спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да шасці грамадзян, якім улады прыпісваюць удзел у арганізацыі BYPOL і яе мабілізацыйным плане "Перамога". Мінскі гарадскі суд вынес прысуд у дачыненні да Алега Талерчыка, Андрэя Астаповіча, Ігара Лобана, Мацвея Купрэйчыка, Уладзіміра Жыгара і Аляксандра Азарава. Вынікам "завочнага" судовага разбору сталі тэрміны ад 11 да 25 гадоў пазбаўлення волі і буйныя сумы штрафаў у дачыненні да фігурантаў. Працэс разгляду справы праходзіў у перыяд, калі ўлады праводзілі выбарчую кампанію па выбарах* дэпутатаў усіх узроўняў заканадаўчай улады.

Варта адзначыць, што працэдура спецыяльнай вытворчасці выкарыстоўвалася ўладамі як адзін з рэпрэсіўных інструментаў уздзеяння на грамадскасць у перыяд электаральнай кампаніі. Непасрэдна перад пачаткам стадыі датэрміновага галасавання Следчы камітэт паведаміў пра пачатак працэдуры спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да Франака Вячоркі. У момант правядзення датэрміновага галасавання СК праінфармаваў грамадства аб тым, што ў дачыненні да Алены Жылачкінай, Паўла Лібера, Паўла Марыніча і Аляксандра Дабравольскага перададзеная справа ў суд за "спробу зрыву рэферэндуму ў 2022 годзе".

Таемныя суды

Праваабаронцы "Вясны" на працягу лютага назіралі абмежаванне галоснасці судовых разглядаў. Інфармацыя аб першым пасяджэнні ў судзе Дубровенскага раёна ў дачыненні да Руслана Шабышава, які абвінавачваецца ў абразе прадстаўніка ўлады, з'явілася ўжо пасля пачатку слухання справы па сутнасці.

Інфармацыя ў раздзеле "Электроннае судаводства. Расклад судовых пасяджэнняў" на афіцыйным сайце Вярхоўнага суда не была прадстаўленая вычарпальным чынам, а менавіта: па справе Анастасіі Паліянчук і Віталя Галіцкага ў судзе Ленінскага раёна Мінска па артыкуле 342 КК адсутнічала ўказанне на месца разглядаў; такая ж сітуацыя мела месца і па справе Алены Масюковай, справу якой па 342 артыкуле КК разглядаў суд Першамайскага раёна Мінска. Па кейсе Яўгеніі Петрыкевіч, справу якой па арт. 342 КК разглядаў суд Маскоўскага раёна Мінска, акрамя адсутнасці месца судовага разгляду грамадскасці не была прадстаўлена карэктная інфармацыя пра час пачатку слухання: пасяджэнне, прызначанае да слухання да 15 гадзін, было перанесена на 9 гадзін 30 хвілін – інфармацыя пра гэта была размешчана ўжо пасля пачатку судовага разбору.

Адсутнасць інфармацыі пра месца слуханняў суправаджала справы дыфамацыйнага характару: справа Валерыя Круцько, якая слухалася ў Баранавічах паводле артыкула аб паклёпе на Лукашэнку, і Васіля Ячычкі, якога суд Пружанскага раёна асудзіў да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле артыкула, што прадугледжвае адказнасць за абразу Лукашэнкі. Таксама адсутнасцю інфармацыі аб месцы слуханняў суправаджаўся разгляд спраў судом Мінскага раёна ў дачыненні да Вікторыі Казаковай, якая абвінавачваецца ў паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі і генеральнага пракурора, а таксама публічнай абразе Лукашэнкі, і Дзмітрыя Шалака, справа якога па артыкулах аб абразе Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады разглядалася судом у Наваполацку.

У лютым судзілі не менш за сем сем'яў

Крымінальны пераслед па палітычных матывах па-ранейшаму наносіць велізарны рэпрэсіўны ўдар па інстытуце сям'і. У лютым стала вядома, што пад каток крымінальнага пераследу ў судах трапілі не менш за сем сямейных пар або груп сваякоў. У судзе Ленінскага раёна Гродна пераследваліся Таццяна і Сяргей Чыж па артыкуле, які прадугледжвае адказнасць за паклёп на адрас Лукашэнкі.

Паводле "народнага" 342 артыкула цягам лютага судзілі шэсць сем'яў: у судзе Кастрычніцкага раёна Мінска пераследваліся Ксенія і Аляксандр Іллюкевіч, Ірына і Аляксандр Болатавы, Таццяна і Аляксей Цітовы, Святлана і Андрэй Дзяружковы, Іна і Антон Падашулі. Разгляд справы ў судзе Савецкага раёна Мінска ў дачыненні да Іны і Мікалая Шляжко скончыўся вынясеннем абвінаваўчага прысуду ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады 6 месяцаў кожнаму.

Паўторныя суды

Супраць беларусаў і беларусак ужываюць паўторны і наступны крымінальны пераслед па палітычных матывах. У лютым у судзе Цэнтральнага раёна Гомеля разглядалася справа аб паклёпе па артыкуле 188 КК у дачыненні да Дзмітрыя Багачэнкі. Год таму юрыст быў асуджаны Гомельскім абласным судом па артыкуле аб распальванні варожасці за інтэрнэт-каментары да двух гадоў пазбаўлення волі.

У судзе Лагойскага раёна разглядалася справа аб абразе прадстаўніка ўлады ў дачыненні да Таццяны Сакалоўскай. Па наяўных дадзеных, гэта ўжо трэцяя справа дыфамацыйнага характару ў дачыненні да жанчыны. У кастрычніку 2022 года супраць Таццяны Сакалоўскай ужылі пакаранне па артыкуле аб абразе прадстаўніка ўлады і суддзі, судом Цэнтральнага раёна Мінска ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. У студзені гэтага года ў судзе Барысаўскага раёна ў дачыненні да яе разглядалася справа па артыкуле аб абразе прадстаўніка ўлады, вынікі якога пакуль не вядомыя праваабаронцам.

Пераслед за данаты

У лютым Следчы камітэт фактычна пацвердзіў версію праваабаронцаў "Вясны" аб тым, што рэпрэсіі за данаты ў адрас нефармальных утварэнняў могуць зрушыцца ў "шэрую" зону, нябачную грамадзянскай супольнасці і незалежным сродкам масавай інфармацыі. У сярэдзіне 2023 года ПЦ "Вясна" заяўляў пра тое, што практыка "добраахвотна-прымусовых ахвяраванняў" у адрас дзяржаўных устаноў наўзамен на спыненне крымінальнага пераследу за данаты можа размыць фокус грамадскай увагі ў сувязі з тым, што рэпрэсіі ў выглядзе водкупу ад крымінальнага пераследу за данаты "могуць сысці ў цалкам не бачную грамадскасці прастору".

Старшыня СК Дзмітрый Гара 16 лютага паведаміў, што органамі папярэдняга расследавання "рэалізуецца механізм вызвалення ад крымінальнай адказнасці асоб, якія ўчынілі фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, аднак якія з'явіліся з павіннай і загладзілі нанесеную шкоду. Сума выплачаных дабрачынных ахвяраванняў па выніках мінулага года ўжо перавысіла 37 млн рублёў".
Такім чынам, па вялікай суме, якую грамадзяне ўнеслі наўзамен на спыненне крымінальнага пераследу за данаты, можна меркаваць аб тым, што колькасць грамадзян, на якіх аказваецца кропкавае рэпрэсіўнае ўздзеянне, істотным чынам перавышае дадзеныя, якімі могуць апеляваць праваабаронцы.

У студзені па крымінальных палітычных справах судзілі мінімум 120 чалавек

"Вясна" традыцыйна распавядае асаблівасці крымінальнага пераследу ў мінулым месяцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства