Вынеслі прысуд па "справе BYPOL": ад 11 да 25 гадоў калоніі
У Мінскім гарадскім судзе 15 лютага ў межах спецыяльнай вытворчасці асудзілі заснавальнікаў і экс-удзельнікаў арганізацыі былых сілавікоў BYPOL Аляксандра Азарава, Матвея Купрэйчыка, Ігара Лобана, Андрэя Астаповіча, Уладзіміра Жыгара і Алега Талерчыка. Суддзя Дзіна Кучук прызначыла фігурантам справы паводле 13 крымінальных артыкулаў ад 11 да 25 гадоў зняволення і штраф на агульную суму больш чым 350000 еўра. Аляксандра Азарава абвінавацілі ў "здрадзе дзяржаве" (арт. 356 КК).
Ініцыятыва BYPOL была створана ў кастрычніку 2020 года былымі сілавікамі, якія выступаюць супраць рэпрэсій і гвалту і не згодныя з палітыкай Лукашэнкі. У лістападзе 2021 года BYPOL прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем", а ў канцы жніўня 2022 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў арганізацыю "тэрарыстычнай".
Крымінальную справу ў межах спецыяльнай вытворчасці распачалі восьмага верасня 2023 года.
Суд па "справе BYPOL" пачаўся 22 студзеня 2024 года. Восьмага лютага дзяржабвінавачанне запрасіла ад 11 да 25 гадоў зняволення.
У выінку суд прызначыў такія турэмныя тэрміны, якія запрасіў пракурор.
Аляксандру Азараву прызначылі 25 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 400000 рублёў паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 188 (паклёп), ч. 4 арт. 16 і ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму), ч. 4 арт. 16, арт. 18 і ч. 2, 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродка або шляхоў зносін), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі), ч. 1, 2 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса.
Уладзіміру Жыгару прызначылі 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 200000 рублёў паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1, 2 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) Крымінальнага кодэкса.
Матвею Купрэйчыку прызначылі 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 220000 рублёў паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1, 2 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса.
Ігару Лобану прызначылі 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 200000 рублёў паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 1, 2 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) Крымінальнага кодэкса.
Андрэю Астаповічу прызначылі 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 200000 рублёў паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) Крымінальнага кодэкса.
Алегу Талерчыку прызначылі 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 40000 рублёў паводле ч. 1, 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных, ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі), ч. 1, 2 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса.
Нагадаем, шостага сакавіка 2021 года на Алега Талерчыка, Ігара Лобана і "іншых асобаў" завялі крымінальную справу за "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" (арт. 130 КК).
У лістападзе 2021 года BYPOL прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем", а ў канцы жніўня 2022 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў арганізацыю "тэрарыстычнай".
Ініцыятыва BYPOL была створана ў кастрычніку 2020 года былымі сілавікамі, якія выступаюць супраць рэпрэсій і гвалту і не згодныя з палітыкай Лукашэнкі. Арганізацыя займаецца стварэннем незалежнага прафсаюза сілавых структур, распрацоўкай праекту рэформаў праваахоўных органаў, зборам доказаў злачынстваў сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў.
Таксама ініцыятыва BYPOL 9 жніўня 2021 года абвясціла аб стварэнні мабілізацыйнага плана "Перамога" для “аднаўлення законнасці і правапарадку ў Беларусі, а таксама вяртанне ўлады ў краіне народу". Неўзабаве план “Перамога” быў прызнаны ўладамі "экстрэмісцкім". За рэгістрацыю ў чат-боце плана актыўна затрымліваюць беларусаў.