viasna on patreon

Вынесены прысуд блогеру і журналісту Ігару Карнею

2024 2024-03-22T13:13:25+0300 2024-03-22T14:26:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/karnej-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Карней у судзе.

Ігар Карней у судзе.

У Мінскім гарадскім судзе 22 сакавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе блогера і журналіста Ігара Карнея. Яго абвінавацілі ва “ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні” паводле ч. 3 арт. 361-1 КК.  Справу  разглядаў суддзя Сяргей Кацэр.

Ігар Карней быў затрыманы 17 ліпеня, дома ў журналіста быў праведзены ператрус. Напачатку ён быў арыштаваны на 10 сутак, меркавана за падпіскі “на экстрэмісцкія” каналы. Затым супраць Ігара ўзбудзілі крымінальную справу. 

Ігар Карней доўгі час працаваў журналістам на “Свабодзе”, вядомы як эсэіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі, трэвэл-блогер. Неўзабаве пасля затрымання сям'я Ігара выехала за мяжу.

Нагадаем, паводле БАЖ, у зняволенні ў Беларусі зараз 34 прадстаўнікі медыя.

Дзяржаўныя СМІ пішуць, што Карней, нібыта па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці працягваў супрацоўнічаць з экстрэмісцкай арганізацыяй БАЖ, якая была ліквідаваная рашэннем Вярхоўнага Суда яшчэ ў 2021 годзе, але насуперак закону працягвала сваю працу. Ужо ў лютым 2023 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў БАЖ экстрэмісцкай арганізацыяй.

Паводле абвінавачання Ігар Карней актыўна пісаў "негатыўныя матэрыялы з абразамі кіраўніка дзяржавы, прадстаўнікоў улады, журналістаў і грамадзян, якія не падтрымліваюць неканстытуцыйную змену ўлады. Акрамя таго, у сваіх артыкулах ён даваў ілжывую карціну аб эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь"

З 1 чэрвеня па 14 ліпеня 2023 года ён размясціў на рэсурсах БАЖ не менш за 54 інфармацыйныя матэрыялы. Неўзабаве пасля гэтага быў затрыманы.

Суддзя Сяргей Кацар прысудзіў Ігару Карнею тры гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 20 тысяч рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства