viasna on patreon

Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі

2024 2024-03-20T13:18:40+0300 2024-03-20T13:18:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ehoza_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

20 сакавіка 2024 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі зноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т.п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным.

Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагроз у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, для пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні ды іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.

У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права ў час разгляду любога прад'яўлянага яму крымінальнага абвінавачвання на справядлівае і публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом. Суды маюць права не дапускаць усю публіку або частку яе па меркаваннях маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або — у той меры, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна, — пры асаблівых абставінах, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных абставінаў разбіральніцтва павінна быць адкрытым для шырокай публікі, уключна з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, і не мусіць, напрыклад, абмяжоўвацца пэўнай катэгорыяй асоб. Нават у тых выпадках, калі публіка пазбаўленая доступу на судовае разбіральніцтва, судовая пастанова, уключна з асноўнымі высновамі, доказамі і прававой аргументацыяй, павінна быць аддадзена галоснасці. Гэтыя патрабаванні не выкананыя судом у справе названых асоб, што само па сабе магло б вызначыць стаўленне праваабаронцаў да вынікаў яго разгляду.

Нам вядома аб асуджэнні:

  1. Аляксандра Піскунова паводле арт. 130, 366, 367, 368, 369 КК па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы, пагрозах у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак, паклёпе на А. Лукашэнку, абразе А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады ў каментарах у сетцы інтэрнэт — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  2. Яраслава Вердыша паводле арт. 130 КК па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы ў каментарах у сетцы інтэрнэт — да 5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  3. Аляксандра Яўціхава паводле арт. 130, 367, 361-4 КК па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы, паклёпе на А. Лукашэнку, садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці за каментары ў сетцы інтэрнэт, персылку відэа ваеннай тэхнікі ў пратэсны тэлеграм-канал, абвешчаны ўладамі экстрэмісцкім — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  4. Дзмітрыя Гута паводле арт. 130 КК па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы ў каментарах у сетцы інтэрнэт — да 6 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  5. Яўгена Тоўсціка паводле арт. 130 КК па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы ў каментарах у сетцы інтэрнэт — да 1 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  6. Аляксандра Паліўку паводле арт. 361, 361-1, 367, 368, 369 КК па абвінавачванні ў закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні, паклёпе на А. Лукашэнку, абразе прадстаўніка ўлады і А. Лукашэнкі, за каментары ў сетцы інтэрнэт — да 7 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  7. Паўла Кунцэвіча паводле арт. 361 КК па абвінавачванні ў закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (санкцый) за каментары ў сетцы інтэрнэт — да 4 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  8. Івана Асіповіча ў закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 361-1 і 343 КК па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і вырабе парнаграфічных матэрыялаў.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы аб існаванні ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хоць бы адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжытае ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  • d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Аляксандра Піскунова, Яраслава Вердыша, Аляксандра Яўціхава, Дзмітрыя Гута, Яўгена Тоўсціка, Аляксандра Паліўкі, Паўла Кунцэвіча, Івана Асіповіча з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі. Мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды і абраныя меры стрымання пры захаванні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзей, выгляд і памер пакарання;
  • вызваліць названых палітвязняў, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
    неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Lawtrend;

Human Constanta;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Прававая ініцыятыва;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі ПЭН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства